Трапіць у парлямэнт — гэта як атрымаць адпачынак на чатыры гады ў сталіцы. Так думаюць пра працу дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў у рэгіёнах. Свабода падлічыла, што маюць беларускія дэпутаты.
Аклад міністра і грошы на бэнзін
Заробак у 2400–3000 новых рублёў. Пры сярэднім заробку па краіне 670 рублёў за 2015 год
Трапіць у парлямэнт — значыць забясьпечыць сям’ю прынамсі на чатыры гады. Парлямэнтарыі не агучваюць сваіх заробкаў, але іх можна вылічыць. Тыя дэпутаты, што балятуюцца другім разам, публікуюць дэклярацыі аб даходах. Зь іх выходзіць, што ў сярэднім дэпутат мае 2,4–3 тысячы рублёў.
Прыкладна такі самы быў заробак у дэпутатаў другога скліканьня (2000–2004 гады). Па словах Сяргея Скрабца, які быў у тым парлямэнце, ягоны заробак быў у эквіваленце адной тысячы даляраў — каля 2 тысяч рублёў.
«Заробкі раз на месяц нам прывозілі з Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта, — кажа Скрабец. — Яно цалкам забясьпечвала выдаткі на Палату прадстаўнікоў».
Па заканчэньні свайго тэрміну дэпутаты атрымліваюць выходную дапамогу, як у міністра. Скрабец кажа, што ў 2004 годзе дэпутатам выплачвалі трайны аклад.
Стаж. Уся дэпутацкая праца залічваецца адначасова і ў стаж дзяржаўнай службы, і ў стаж працы па спэцыяльнасьці.
Камфортныя ўмовы для працы. Кожны дэпутат мае ўласны кабінэт у Доме ўраду.
Бясплатны праезд і службовы аўтамабіль пры патрэбе. На ўсе віды грамадзкага транспарту, у тым ліку паветранага, у межах Беларусі. Па законе ім кампэнсуюць грошы на паліва (калі паездка была працоўная) ці даюць службовы аўтамабіль. На пачатку 2000-х дэпутаты мелі па адной «Волзе» на камісію.
Службовая кватэра на час дэпутацтва. Кватэру дэпутатам не даюць ва ўласнасьць, як і права на льготныя крэдыты. Толькі іншагароднім даюць службовыя кватэры на час працы.
Дэпутацкая недатыкальнасьць. Паводле закону дэпутаты Палаты прадстаўнікоў карыстаюцца недатыкальнасьцю пры выказваньні сваіх меркаваньняў і ажыцьцяўленьні сваіх паўнамоцтваў. Недатыкальнасьць дэпутата Палаты прадстаўнікоў распаўсюджваецца таксама на іх жылое, службовае памяшканьні, асабісты і службовы транспартныя сродкі, ліставаньне, сродкі сувязі і дакумэнты, якія ім належаць.