Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чацьвёра кандыдатаў, а выбіраць няма каго...» — выбары ў Шклове


Помнік Алейнікаву. Герой «Трактарыстаў» нібы кажа землякам: «Такія выбары»
Помнік Алейнікаву. Герой «Трактарыстаў» нібы кажа землякам: «Такія выбары»

«Толку ад гэтых дэпутатаў ніякага», — кажуць многія жыхары Шклова напярэдадні апошняга тыдня перадвыбарчай кампаніі.

Многія землякі Аляксандра Лукашэнкі, зь якімі давялося гутарыць, заяўляюць, што ня вызначыліся, за каго аддадуць свае галасы, і наракаюць, што ніводзін з прэтэндэнтаў зь імі не сустрэўся.

У Шклоўскай выбарчай акрузе, як і амаль ва ўсіх іншых, відавочны фаварыт — функцыянэр ад улады, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі чыноўнік. Ягоныя канкурэнты — апазыцыянэр-фронтавец, настаўніца ды прадстаўнік партыі, якая ня першы год заяўляе, што яна «канструктыўная апазыцыя».

Набліжэньне апошняга тыдня перадвыбарчай кампаніі ў Шклове не адчуваецца. Пра выбары нагадвае адзіная расьцяжка на адной з цэнтральных вуліц, невялікія плякаты ў вітрынах крамаў ды выстаўленыя сям-там драўляныя пляншэты з такімі ж плякатамі, як у крамах.

За нас усё вырашылі

Агітацыйных матэрыялаў ад ахвотнікаў стаць дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў на вуліцах райцэнтру адшукаць не ўдалося. Бальшыня суразмоўцаў казала, што са сваім кандыдатам ня вызначыліся, але галасаваць зьбіраюцца, хоць зьменаў і не чакаюць.

Пляншэт з плякатам пра выбары адставілі, каб не перашкаджаў
Пляншэт з плякатам пра выбары адставілі, каб не перашкаджаў

«Мы не галасуем», — нясьмела сказала маладая пара, якую журналіст пераняў у парку.

«А ці варта хадзіць галасаваць, калі за нас усё і так вырашылі?» — сьмялей выказаўся хлопец.

«Усё ўжо вырашана за нас», — падтакнула дзяўчына.

«Але на выбары ўсё ж пайсьці давядзецца. Нам так скажуць», — дадалі суразмоўцы.

Ад далейшай гутаркі зь незнаёмцам маладыя людзі адмовіліся: маўляў, і так шмат нагаварылі.

Выбары — простая фармальнасьць

Наступная суразмоўніца сказала, што са сваім выбарам ня вызначылася.

«А галасаваць давядзецца ісьці, — уздыхнула яна. — Выбары, вядома ж, не прымус, але галасаваць варта ісьці».

«Гэтыя выбары — простая фармальнасьць. Нічога ад іх не памяняецца», — падсумавала жанчына.

«Наагул я не палітык і на выбары не пайду», — без ваганьняў адрэагавала на цікаўнасьць журналіста наступная суразмоўніца.

«Толку ад гэтых дэпутатаў ніякага, а дармаедаў утрымліваць не хачу. А хто яны, гэтыя дэпутаты? Дармаеды», — сказала жыхарка Шклова.

Ахвотнікі стаць дэпутатамі на ўваходзе ў Дом культуры
Ахвотнікі стаць дэпутатамі на ўваходзе ў Дом культуры

На ўваходзе ў раённы Дом культуры на плякаце чацьвёра ахвотнікаў стаць дэпутатамі. Біяграфічныя зьвесткі пра вылучэнцаў падказалі: Шклоўская выбарчая акруга мае «эталённы» падбор кандыдатаў.

Паводле жыхароў Шклова, ніводзін з прэтэндэнтаў ня ладзіў сустрэч з выбарцамі.

Прэтэндэнты-незнаёмцы

«Усе кандыдаты, па сутнасьці, для мяне незнаёмыя. Яны недастаткова сябе паказалі, каб быць абранымі», — заявіла жыхарка Шклова, перанятая непадалёк ад будынку райвыканкаму.

«Ім трэба было хаця б прыехаць у наш Шклоў ды правесьці сустрэчу, — працягнула суразмоўніца. — Такіх сустрэч не было. Проста так выбраць па інфармацыі з газэты або з улётак, якія кінулі ў паштовыя скрынкі, — гэта ж абы-што. Хочацца пачуць кандыдата».

Відавочны фаварыт — памочнік прэзыдэнта, інспэктар па Берасьцейскай вобласьці Дзьмітры Гобараў. Апазыцыя прадстаўленая намесьнікам старшыні партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым. Таксама ў ліку прэтэндэнтаў — дырэктарка бялыніцкай школы Тацяна Балдышэўская ды сябра Лібэральна-дэмакратычнай партыі з Магілёва Сяргей Сяўко.

Сіратлівая расьцяжка да выбараў
Сіратлівая расьцяжка да выбараў

«Мы на выбары пойдзем, але за каго галасаваць будзем, ня ведаем дагэтуль», — сказалі наступныя суразмоўцы.

«Мы чыталі пра аднаго, дык ён абяцае дапамагчы пэнсіянэрам ды парадак навесьці ў Шклове. Імя, праўда, не згадаем».

Імя кандыдата, які абяцаў дапамогу пэнсіянэрам, жанчыны сталага веку згадалі пасьля падказак.

«Можа, гэта Кастусёў?»

«Ды не, яго мы ведаем. Ён кіраваў камунальнай гаспадаркай у нас. Някепскі кіраўнік, але ня першы раз ідзе ў дэпутаты. Ён апазыцыя. Другі кандыдат?» — адрэагавалі на падказку суразмоўніцы.

Фаварыт не сустракаўся з выбарцамі

«Дык, можа, тады Гобараў, той, што памочнік Лукашэнкі?»

«Гэты! — узрадавана адрэагавалі кабеты. — Праўда, пакуль ён толькі абяцае. Было жаданьне зь ім сустрэцца, але мы так разумеем, што не дачакаемся сустрэчы. У нас ёсьць да яго пытаньні».

«Злабадзённае пытаньне», якое непакоіць суразмоўніц і якое яны зьбіраліся задаць Гобараву, — чаму ў Шклове няма крамы адной з гандлёвых сетак? Ім крыўдна, што паўсюль такія крамы ёсьць, а ў Шклове няма.

Будынак райвыканкаму. Усё дзеля моцнай Беларусі
Будынак райвыканкаму. Усё дзеля моцнай Беларусі

«Для мяне важна, каб кандыдат у праграме засяроджваў увагу на эканоміцы, — сказала наступная суразмоўніца, перанятая ля помніка выхадцу са Шклоўскага раёну Пятру Алейнікаву. Бронзавы актор у ролі Саўкі зь фільму «Трактарысты» застыў, разьвёўшы рукі.

«Буду глядзець на адукацыю, каб быў эканамістам ды юрыстам, — працягнула жанчына. — Пэдагог для мяне не аўтарытэт. Што пэдагог можа? Чатырох прэтэндэнтаў наагул замала. Няма з каго выбраць».

«Заробкі хацелася б, каб расьлі. Працоўным не хапае на жыцьцё. Дый пэнсіі не ўва ўсіх прыстойныя», — паскардзілася яшчэ адна шклоўская кабета.

«Я на пэнсіі, хварэю. Шмат грошай ідзе на лекі, — працягнула яна. — Жыву сьціпла. Дэпутаты павінны мяняць жыцьцё, бо нездарма мы іх выбіраем. Яны ж абаронцы нашых інтарэсаў».

Ад каго дэпутаты Палаты прадстаўнікоў павінны бараніць інтарэсы простых людзей, жыхарка райцэнтру не адказала.

Будынак райвыканкаму. «Дзяржава для народу»
Будынак райвыканкаму. «Дзяржава для народу»

Будынак райвыканкаму ўвешаны лёзунгамі. З аднаго боку красуецца: «Государство для народа», з другога: «За сильную и процветающую Беларусь». На прылеглых вуліцах у выходныя бязьлюдна.

Пляшка гарэлкі і пачак цыгарэт

«На выбары пойдзем, а вось як будзем галасаваць... Колькі ў нас кандыдатаў? Чатыры!», — пачаў наступны суразмоўнік.

«Для нас важны заробак. Але гэтыя дэпутаты ня змогуць яго падвысіць, адразу вам кажу. Мы як атрымлівалі капейкі, гэтак і будзем атрымліваць капейкі», — незадаволена працягнуў мужчына, паказваючы на далонях мазалі.

Выстаўлены плякат на бязьлюднай вуліцы
Выстаўлены плякат на бязьлюднай вуліцы

«Во якія ў нас рукі, а толку ад гэтых мазалёў? Я вам па-простаму, па-шклоўскаму, па-народнаму скажу. Каб вы да нас падышлі з пляшкай гарэлкі і запыталі: „Хлопцы, за каго будзеце галасаваць?“. А мы б адказалі: „За таго і таго“. А вы б нам: „Наце, хлопцы, за гэта пляшку і пачак цыгарэт“. Гэта ня хабар і ня подкуп — гэта такая праўда», — выказаў, сьмеючыся, сваё бачаньне выбарчага працэсу суразмоўнік-праўдаруб.

Прагназаваць, хто стане дэпутатам ад Шклоўскай выбарчай акругі, жыхары райцэнтру адкрыта ня браліся. Некаторыя, праўда, давалі зразумець, што гэта і так ясна.

Са Шклова пачаў сваю палітычную кар’еру дырэктар саўгасу «Гарадзец» Аляксандар Лукашэнка. У 1990 годзе яго абралі народным дэпутатам Вярхоўнага Савету.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG