Аднаго з арганізатараў лягеру ўцекачоў на беларуска-польскай мяжы каля Берасьця Польшча прыняла ў рамках працэдуры атрыманьня прытулку.
Чачэнскія ўцекачы, якія сёньня езьдзілі цягніком у Тарэспаль, паведамілі Свабодзе пра чатыры сям’і, ад якіх Польшча прыняла прозьбу аб прытулку. Сярод іх сям’я Абдулы, які быў адным з арганізатараў лягеру на мяжы з Польшчай. Памежнікі прынялі яго з жонкай і чатырма дзецьмі.
Невядома, ці зьвязаны выбар польскіх памежнікаў з актыўнай дзейнасьцю Абдулы.
Па словах уцекачоў, апошнім часам палякі прымалі па тры сям’і на дзень. Усяго цягніком у Тарэспаль штодня езьдзіць ад 400 да 800 чалавек. Для іх адведзена 8 з 10 вагонаў. Пры гэтым абсалютная большасьць атрымлівае адмову ў прытулку.