Кандыдат на пасаду прэзыдэнта ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў, што яго галоўным прыярытэтам у выпадку перамогі на выбарах стане дэпартацыя нелегальных імігрантаў, якія зьдзейснілі злачынствы на тэрыторыі ЗША. Такіх, паводле афіцыйных дадзеных, налічваецца некалькі тысяч.
Падчас прамовы ў Аёве Трамп вырашыў яшчэ раз растлумачыць, як ён мае намер змагацца з нелегальнай іміграцыяй — гэта адна з асноўных тэм яго перадвыбарнай кампаніі.
«Гэтыя міжнародныя банды і картэлі застануцца ў мінулым. Зь іх кіраваньнем, заснаваным на тэроры, будзе скончана», — цытуе Трампа Reuters.
Ён паабяцаў, што ў выпадку яго перамогі будзе распрацавана сыстэма адсочваньня ўезду і выезду іншаземцаў, якая дазволіць апэратыўна выяўляць тых, чыя віза скончылася, і высылаць іх з краіны.
Трамп таксама прапанаваў стварыць нацыянальную электронную сыстэму ўліку, якая прадухіліць доступ нелегалаў да сацыяльных выплатаў і дапамогаў.
Трамп зноў нагадаў, што зьбіраецца пабудаваць сьцяну на мяжы з Мэксыкай, каб спыніць нелегальную міграцыю ў ЗША з гэтай краіны. Ён і раней абяцаў ўзьвесьці такую сцьяну. Гэтыя словы прывялі да акцый пратэсту.
Трамп тлумачыць сваё нэгатыўнае стаўленьне да прыезджых перш за ўсё тым, што яны, на яго думку, адымаюць працоўныя месцы ў карэнных амэрыканцаў.
У пачатку сваёй перадвыбарчай кампаніі кандыдат заяўляў пра намер дэпартаваць 11 мільёнаў нелегальных мігрантаў, але затым некалькі зьмякчыў пазыцыю.