Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку рамантуюць літару «Ў»


Са спазьненьнем — паабяцаўшы зрабіць гэта яшчэ ў чэрвені — мясцовыя ўлады ўсё ж узяліся за рэстаўрацыю аднаго са знакавых помнікаў у Полацку.

Частку помніка, на якой былі адлітыя радкі Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся сьвет», зьнялі з пастамэнту.

Паўторна адліты помнік усталююць на старым пастамэнце
Паўторна адліты помнік усталююць на старым пастамэнце

Гэты надпіс быў пашкоджаны, і ў такім непрэзэнтабэльным стане ўнікальны помнік прастаяў некалькі гадоў. Турысты бачылі такую карціну: у самым цэнтры горада, у сквэрыку на праспэкце Скарыны, стаіць незвычайны помнік у выглядзе стэлы, якая магла б служыць і стрэлкай сонечнага гадзіньніка. На стэле — увесь беларускі альфабэт, а на круглым «цыфэрбляце» — цытата зь верша клясыка беларускай літаратуры Рыгора Барадуліна. Аднак словы прачытаць цяжка — літары пакрышыліся.

Помнік літары "Ў" на рэстаўрацыі
Помнік літары "Ў" на рэстаўрацыі

Нехта з палачанаў мяркуе, што надпіс маглі пашкодзіць вандалы, а нехта — што літары проста ня вытрымалі ападкаў ды іншых прыродных зьяваў. Маўляў, вада трапляла ў шчыліны, замярзала і пакрысе разбурала сылюмінавы помнік.

Улетку 2014 году стан помніка вывучала адмысловая камісія і прызнала, што частковаму рамонту ён не падлягае. Можна толькі адліць яго нанава.

Алея на праспэкце Скарыны
Алея на праспэкце Скарыны

Прыйшоўшы да такіх высноваў, Полацкі райвыканкам абвясьціў, што няма сродкаў. Але, як высьветлілася, «цана пытаньня» аказалася не такая ўжо і вялікая — усяго 80 мільёнаў рублёў «старымі грашыма». Менавіта такая сума была названая ў лісьце з райвыканкаму да актывістаў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якія патрабавалі адрамантаваць помнік у цэнтры Полацку. Аляксандар Міхалевіч, намесьнік старшыні Полацкага райвыканкаму па архітэктуры і будаўніцтве, абяцаў, што рэканструкцыя помніка адбудзецца ўжо ў чэрвені 2016 году. Але за працы ўзяліся толькі цяпер.

Месца помніка абгароджана, у «Пашпарце аб’екта» пазначана, што рэканструкцыя мае завяршыцца да 1 верасьня 2016 году.

Пашпарт аб’екта
Пашпарт аб’екта

Помнік літары «Ў» усталявалі 7 верасьня 2003 году, калі ў Полацку праходзіў Дзень беларускай пісьменнасьці. Помнік стаў гарадзкой адметнасьцю. Ён адлюстроўвае ўнікальнасьць беларускай мовы, бо літары «Ў» няма ў іншых славянскіх альфабэтах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG