У Наваполацку судзяць сына бабруйскага блогера Алега Жалнова — Аляксея. Яго вінавацяць ва ўхіленьні ад адбыцьця пакараньня ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Калі віна Аляксея будзе даказанай, яму пагражае да трох гадоў калёніі. Цяпер ён знаходзіцца ў Полацкім ізалятары часовага ўтрыманьня.
Да пераводу ў СІЗА Жалноў-малодшы адбываў трохгадованьне пакараньне ў Наваполацку на «хіміі». У 2014 годзе Бабруйскі суд прызнаў Аляксея вінаватым у парушэньні артыкулу «Гвалт або пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Паводле Жалнова-старэйшага, у матэрыялах справы на яго сына значацца 8 спагнаньняў, накладзеных за парушэньне ім рэжыму. Яны і сталі падставай для абвнавачваньня Аляксея. Справу супраць яго завялі ў траўні. Яе разгляд у судзе пачаўся 24 траўня.
Сябе вінаватым сын не прызнае, — кажа Алег Жалноў.
Па тым, як адбываецца працэс, магу пакуль казаць, што судзьдзя настроены даць абвінаваўчы вырак.
«Па 8 эпізодах яго вінавацяць. Усе яны накладзеныя за парушэньне рэжыму. Іншая справа, што яны ўсе сфабрыкаваныя. З майго гледзішча, суд асабліва не імкнецца разьбірацца адносна правамернасьці пакараньняў імі сына. Суду дастаткова таго, што гэтыя факты нібыта правераныя супрацоўнікамі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў і пракуратуры. Па тым, як адбываецца працэс, магу пакуль казаць, што судзьдзя настроены даць абвінаваўчы вырак», — апавядае Жалноў-старэйшы.
Спагнаньні накладзеныя на Аляксея за тое, што ён заправіў ложак ня так, як патрабуецца. Акрамя таго, пакаралі яго за несваечасовую аплату інтэрнату, за парушэньне працоўнай дысцыпліны і за тое, што ня быў паголеным
Паводле Жалнова-старэйшага, супраць Аляксея далі паказаньні супрацоўнікі «хіміі» і адзін з асуджаных.
На суд Жалнова-малодшага прывозяць з Полацкага СІЗА. Дагэтуль ён сядзеў у Віцебску. Як пачаўся працэс, яго этапавалі ў Полацак.
«На судовых пасяджэньнях Аляксея ўтрымліваюць на закратаванай лаве падсудных. Выглядае быццам ён дужа злосны злачынца. Учора яго канваявалі шэсьць чалавек, а сёньня было восем. Трымаецца Аляксей бадзёра», — дадае Алег Жалноў.
Жалноў-старэйшы вядомы сваёй выкрывальніцкай дзейнасьцю і за яе, лічыць ён, сына і пакаралі. Алег рабіў відэаролікі, на якіх фіксаваў парушэньні супрацоўнікамі міліцыі, і выкладаў іх у інтэрнэт, а таксама дасылаў міліцэйскаму начальству для рэагаваньня.
Спроба зьняць на відэа адно з парушэньняў скончылася затрыманьнем Жалновых і судом.
Інцыдэнт паміж Жалновымі і міліцыянтамі здарыўся ў верасьні 2014 году ля будынку бабруйскага ДАІ. Жалноў-старэйшы ўбачыў машыну, прыпаркаваную, як ён цьвердзіць, з парушэньнем правілаў дарожнага руху, і пачаў здымаць факт парушэньня на відэа. Потым зьвярнуўся з вуснай скаргай да міліцыянтаў. Тыя, у сваю чаргу, зьвінавацілі Жалнова-старэйшага ў тым, што ён перашкаджае ім выконваць свае абавязкі. У выніку абодвух Жалновых, як яны сьцьвярджалі, гвалтам зацягнулі ў міліцэйскі будынак. Найбольш пацярпеў Жалноў-малодшы, на якога надзелі кайданкі.
Паводле Жалнова-малодшага, яго абралі на ролю фігуранта справы таму, што ён меў судзімасьць, а гэта абцяжарвае правапарушэньні. Сваёй віны Аляксей не прызнае. Ён таксама лічыць, што суд яго пакараў, бо ягоны бацька робіць відэаролікі пра міліцыянтаў.