Сын вядомага бабруйскага блогера Алега Жалнова адбывае пакараньне ў Наваполацку: ён асуджаны паводле артыкулу «Гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Сёньня яго зноў прызналі вінаватым у пазапраўных дзеяньнях у дачыненьні да прадстаўніка сілавых структур.
Са скаргай на Аляксея Жалнова зьвярнуўся намесьнік начальніка Наваполацкага ЛТП, дзе «хімік» працуе прыбіральшчыкам, адбываючы пакараньне ў папраўчай установе адкрытага тыпу № 15. Паводле сьведчаньняў службоўца, Жалноў абразіў яго нецэнзурнымі словамі. Гэта ж намесьнік начальніка ЛТП Яўген Гуцул пацьвердзіў сёньня ў Наваполацкім судзе, які разьбіраў справу Аляксея Жалнова.
Паводле бацькі, Алега Жалнова, які лічыць, што сына несправядліва асудзілі да «хіміі» і несправядліва абвінавацілі цяпер, справа адбывалася такім чынам:
«Я прыехаў на суд у Наваполацак, і я чуў аўдыёзапіс, які зрабіў мой сын падчас размовы зь Яўгенам Гуцулам. 4 лютага Аляксей прыйшоў падаць заяву пра тое, што яму патрэбная даведка пра заробак, і пачуў прэтэнзіі да якасьці сваёй працы. Была звычайная размова, без аніякіх абразаў. Я быў проста ўпэўнены, што сына апраўдаюць, бо гэта ж наўпроставы, самы галоўны доказ — аўдыёзапіс размовы. Ну, і мой сын не ідыёт, каб падчас адбыцьця пакараньня абражаць „службовую асобу пры выкананьні службовых паўнамоцтваў“, як напісана ў артыкуле 23.5. Я спадзяваўся, што судзьдзя Зінаіда Балаболава пераканаецца ў невінаватасьці Аляксея. Аднак яна далучыла запіс да матэрыялаў справы, але сказала, што не прызнае яго доказам. Чаму — не патлумачыла».
Падтрымаць Аляксея Жалнова ў Наваполацкім судзе прыйшлі мясцовыя актывісты — прадстаўнікі БСДГ і аргкамітэту па стварэньні партыі БХД.
Штраф памерам у 25 базавых велічынь (5 мільёнаў 250 тысяч рублёў) — мінімальнае пакараньне, прадугледжанае паводле артыкула 23.5 КаАП. Аднак Жалноў-старэйшы непакоіцца, што гэты інцыдэнт паўплывае на далейшы лёс сына, якога цяпер могуць дадаткова пакараць за парушэньне рэжыму адбыцьця «хіміі».
18 ліпеня 2014 году бабруйскі суд пакараў Аляксея Жалнова трыма гадамі абмежаваньня волі з адбыцьцём пакараньня ў папраўчых калёніях адкрытага тыпу. Ягоны бацька, бабруйскі блогер Алег Жалноў, перакананы, што тады сына асудзілі за ягоную выкрывальніцкую дзейнасьць: ён фіксуе на відэа правапарушэньні, учыненыя супрацоўнікамі міліцыі, разьмяшчае відэаролікі ў інтэрнэце і далучае іх да скаргаў міліцэйскаму начальству. Аляксей Жалноў таксама не прызнаў сябе вінаватым. І таксама цьвердзіў, што падставай для перасьледу стала дзейнасьць ягонага бацькі. Жалноў-старэйшы вядомы тым, што фіксуе ўсе свае размовы з супрацоўнікамі міліцыі, ДАІ і нават кантралёрамі ў транспарце на відэакамэру. Ён гатовы выкласьці ў інтэрнэт і аўдыёзапіс сёньняшняга судовага працэсу, бо па-ранейшаму лічыць, што сын цярпіць празь ягоную грамадзянскую актыўнасьць.