Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усё, што вы хацелі ведаць пра ГМА


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сёньня пагаворым на тэму, якая хвалюе многіх спажыўцоў — генэтычна мадыфікаваныя арганізмы (ГМА) у харчаваньні.

Я вось часта чую: «Уся садавіна ў нашых крамах ужо даўно — ГМА». Людзі думаюць, што паліцы нашых крамаў заваленыя ГМ-прадукцыяй. Гэта далёка не так. Ну а ГМ-садавіны і агародніны ў нашых крамах, дарэчы, наогул няма. У гэтым артыкуле я сабрала некаторыя важныя факты і цікавыя лічбы пра ГМА.

Што такое ГМА і як яны трапляюць на харчовы рынак


Харчовыя прадукты і корм, як правіла, паходзіць ад расьлін, якія вырошчваюцца і разводзяцца чалавекам на працягу некалькіх тысяч гадоў. З часам гэтыя расьліны з найбольш пажаданымі характарыстыкамі былі натуральным чынам абраныя для наступных пакаленьняў харчовых прадуктаў і корму. Так, прыжыліся расьліны з падвышанай устойлівасьцю да захворваньняў або з павышаным выхадам (ураджаем). Гэтыя характарыстыкі зьявіліся праз натуральныя варыяцыі ў генэтычным складзе гэтых расьлін. Апошнім часам стала магчымым зьмяняць генэтычны склад жывых клетак і арганізмаў з выкарыстаньнем мэтадаў біятэхналёгіі, альбо так званай геннай тэхналёгіі, альбо геннай інжынэрыі. Генэтычны матэрыял зьмяняецца штучна, каб надаць яму новую ўласьцівасьць. Напрыклад, супраціўляльнасьць расьлін да вірусаў, казуркі або засухі, паляпшэньне пажыўнай каштоўнасьці, павелічэньне ўраджайнасьці.

У гэтым артыкуле я распавяду пра тое, колькі ГМА на самай справе дазволена ў Эўрапейскім Зьвязе. У ЭЗ працэс дазволу ГМА празрысты, і факты знайсьці нескладана. Увогуле, існуюць розныя спосабы рэгуляваньня ГМА-прадуктаў ўрадамі. У некаторых краінах ГМА-прадукты яшчэ не рэгулююцца. Краіны, якія прынялі заканадаўства, надаюць асноўную ўвагу пытаньням ацэнкі рызыкі для здароўя спажыўцоў.

Тэрмін «генэтычна мадыфікаваны арганізм» (ГМА) юрыдычна вызначаецца Эўрапейскім Зьвязам. Арганізм — «генэтычна мадыфікаваны», калі яго генэтычны матэрыял быў зьменены такім чынам, які немагчымы ў натуральных умовах шляхам скрыжаваньня або натуральнай сэлекцыі. (2001/18 / EG).

ГМА ня можа трапіць на рынак без дазволу. У 2004 годзе новая, фундамэнтальна перагледжана прававая сыстэма кантролю ўступіла ў сілу ва ўсіх дзяржавах-сябрах ЭЗ. Істотнымі асновамі палітыкі ЭЗ зьяўляюцца жорсткія стандарты бясьпекі і абароны свабоды выбару для спажыўцоў і фэрмэраў.

Працэс дазволу ГМА на харчовы рынак вельмі складаны і займае не адзін год. Калі коратка, сьпярша заява вытворцы ГМА дасканала разглядаецца незалежным камітэтам экспэртаў Эўрапейскага ўпраўленьня па бясьпецы харчовых прадуктаў (EFSA). Канчатковае рашэньне прымаецца Эўрапейскай камісіяй і ўсімі дзяржавамі-членамі.



Факты і лічбы


Спажыўцы часта маюць уражаньне, што ГМА паўсюль. Гэта далёка ад ісьціны. На эўрапейскім рынку дазволены ўсяго шэсьць найменьняў ГМ-расьлін і 58 іх гатункаў. Гэтыя прадукты: кукуруза, бавоўна, соя, рапс, цукровыя буракі. Усе дазволеныя артыкулы можна пабачыць на эўрапейскім рэгістры.

Ніводная з ГМ-расьлін, дазволеных ў ЭЗ, не прызначана для непасрэднага ўжываньня ў ежу. Так, з ГМ-кукурузы вырабляюць крухмал. Астатнія расьліны ўжываюцца для корму жывёл. Генэтычна мадыфікаванай садавіна ці гародніна на рынку ў ЭЗ не існуе.

Беларускае заканадаўства рэгулюе ўвоз, дэтэкцыю і маркіроўку ГМ-прадукцыі. У нашай краіне прынятая так званая беспарогавая сыстэма маркіроўкі, згодна зь якой маркіруюцца ўсе прадукты, што ўтрымліваюць ГМА або іх кампанэнты ў колькасьці, які перавышае памылку мэтаду, г.зн. больш за 0,1%.

У Беларусі на сёньняшні дзень ГМА не вырабляюцца.



Навошта нам увогуле ГМА?


Адна з мэтаў распрацоўкі расьлін на аснове ГМА — гэта паляпшэньне аховы сельскагаспадарчых культур. Адобраныя ГМА-культуры больш рэзыстэнтныя ў дачыненьні да хвароб, якія выклікаюцца казуркамі або вірусамі. Рэзыстэнтнасьць да казурак дасягаецца пры дапамозе ўвядзеньня ў харчовую расьліну гену для вытворчасьці таксіну з бактэрыі Bacillus thuringiensis. Гэты таксын ў цяперашні час выкарыстоўваецца ў якасьці звычайнага інсэктыцыду ў сельскай гаспадарцы, і лічыцца ня шкодным для чалавека. Аказалася, што сельскагаспадарчыя ГМ-культуры, якія пастаянна вырабляюць гэты таксін, патрабуюць меншай колькасьці інсэктыцыдаў у тых рэгіёнах, дзе назіраецца высокая распаўсюджанасьць сельскагаспадарчых шкоднікаў. Рэзыстэнтнасьць да вірусаў дасягаецца пры дапамозе ўвядзеньня гену ад некаторых вірусаў, якія выклікаюць хваробу ў расьлінах.



Дык чаму такая глябальная заклапочанасьць?


Для праціўнікаў ГМА, адна з самых галоўных прычын для заклапочанасьці — гэта патэнцыйная шкода для навакольнага асяродзьдзя. Часьцей за ўсё называюцца наступныя аспэкты: здольнасьць ГМА да ўцечкі і патэнцыйная рызыка для дзікіх папуляцый; захаваньне гену пасьля таго, як ураджай ГМА сабраны; успрымальнасьць нямэтавымі арганізмамі (напрыклад, насякомымі, якія не зьяўляюцца шкоднікамі); скарачэньне спэктру іншых расьлін, то бок страта біяразнастайнасьці; больш шырокае выкарыстаньне хімічных рэчываў у сельскай гаспадарцы.

Яшчэ адна прычына для хваляваньня — так званы аўткросінг, або зьмешваньне ГМА і традыцыйных культур. Міграцыя генаў з ГМА-культур у традыцыйныя культуры можа мець ускосныя наступствы для харчовай бясьпекі. Вядомыя выпадкі, калі ГМА-культуры, ухваленыя для выкарыстаньня ў якасьці корму для жывёл або ў прамысловых мэтах, выяўляліся ў невялікіх колькасьцях у прадуктах, прызначаных для ўжываньня ў ежу чалавекам. Некалькі краін ўкаранілі стратэгіі, накіраваныя на барацьбу са зьмешваньнем культур, накшталт падзелу палёў, на якіх высейваюцца традыцыйныя і генэтычна мадыфікаваныя культуры.

Генная інжынэрыя разьвіваецца, у тым ліку і ў Беларусі. Беларускія навукоўцы працуюць над стварэньнем пакуль што аднаго віду ГМ-прадукту: бульбы. Але яна зьявіцца на нашым рынку ніяк не раней за 2020 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG