Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Курасоўшчыне няма дзе лекаваць зубы — гэта становіцца галоўнай праблемай выбараў


Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія гэтымі днямі арганізоўваюць сустрэчы з выбарцамі, расказалі Свабодзе, што найбольш хвалюе людзей у іхніх акругах.

Караткевіч: гэта боль для майго мікрараёну

Тацяна Караткевіч
Тацяна Караткевіч

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч балятуецца па Кастрычніцкай 97-й акрузе ў мікрараёне Курасоўшчына.

«Я тут жыву і, здавалася б, ведаю ўсе праблемы маіх суседзяў. Але высьвятляецца, што гэта ня так. Штодня да цёмнага я стаю ў пікетах і размаўляю зь людзьмі. І вось не паверыце, найбольш актуальная праблема маіх выбарцаў — дзе ім лекаваць зубы? Раней на вуліцы Казінца была стаматалягічная клініка. Дарэчы, я сама ёй карысталася. Але нядаўна яе зачынілі. І, аказваецца, гэта вялікі боль для жыхароў майго мікрараёну.

Калі стаяла ў пікеце, то заўважыла, што самая папулярная тэма — дзе падлячыць зубы. Я пачала высьвятляць, у чым справа. Ва ўладаў няма грошай, каб плаціць за арэнду памяшканьня. І таму яго аддалі ў прыватныя рукі. А людзі, якія там жывуць, прывыклі, што гадоў 30 яны спакойна хадзілі ў гэтую клініку. А цяпер куды ім ісьці, калі ўсё такое дарагое? І старым, і дзецям трэба ехаць або на Маскоўскую, або на Жукоўскага. Вось вам і пра даступнасьць мэдыцыны, і пра сацыяльную дзяржаву, якую нібыта пабудавалі ў Беларусі.

Я тлумачу людзям, што трэба ісьці галасаваць. Але бяда ў тым, што амаль ніхто ня верыць, што бюлетэні падлічаць сумленна».

Герасіменка: падаю заяву ў пракуратуру на Гомельскае абласное тэлебачаньне

Вячаслаў Герасіменка
Вячаслаў Герасіменка

Кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня Вячаслаў Герасіменка сёньня паведаміў Свабодзе, што піша скаргу ў Гомельскую абласную пракуратуру:

«Я вельмі незадаволены тым, як паказалі мой выступ на абласным тэлебачаньні. Сказілі мой голас так, што я яго не пазнаў. Гляджу на свой твар, і ўвесь час я вачыма лыпаю, лыпаю, лыпаю... І так чатыры хвіліны. Трэба было пяць. Але хвіліна зьнікла таму, што выкінулі ўсё, што я казаў пра эканоміку. Карацей, зрабілі зь мяне нейкага Ваньку-дурня.

А пасьля мяне паказалі прэтэндэнтку ад улады. Дык там ужо саломку паклалі.

Я запісваўся двойчы. Першы раз — кантрольны запіс, каб „адчуць“ тыя пяць хвілін, што даюцца прэтэндэнтам у эфіры. Другі — канчатковы. Калі я ўважліва прагледзеў свой выступ, то ўпэўніўся — на тэлебачаньні зрабілі мантаж з двух. Адабралі ўсё горшае, а ўсё лепшае выкінулі. Хіба ж так можна?! Я ў мінулым сам працаваў журналістам на радыё і ведаю, што тады стужкі захоўваліся 30 дзён. Спадзяюся, што цяперашнія запісы таксама захаваліся. І тады праўду я змагу даказаць.

Нас чатыры кандыдаты: адзін з Гомеля, адзін з Калінкавічаў, адзін з Мазыра. І толькі я — мясцовы, зь Петрыкава. Дык выбарцы мне кажуць: навошта нам прыежджыя, будзем галасаваць за свайго».

Усіновіч: На палацы грошы ёсьць, а на пітную ваду — няма

Тацяна Ўсіновіч
Тацяна Ўсіновіч

Сёньня беларуская ўлада бароніць інтарэсы толькі прэзыдэнта і чыноўнікаў, а простаму чалавеку немагчыма дабіцца праўды ў судзе, у выканкаме. Пра гэта заявіла, зьвяртаючыся да жыхароў Каменагорскай выбарчай акругі № 102 у Менску, кандыдатка ў дэпутаты, прамоўца Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, выкладчыца, маці траіх дзяцей Тацяна Ўсіновіч:

«Удзельнічаю ў гэтай кампаніі, каб нарэшце ў нашай краіне адзначаліся перамены, каб нашы дзеці змаглі жыць годна. Не магу цярпець, калі бачу, што так званыя дэпутаты, якія нічога не зрабілі для народу, апрача ўвядзеньня новых пабораў, зноў лезуць у Палату прадстаўнікоў. Няма дзяржаўных грошай, ёсьць грошы народныя.

У той час як у Менску будуюцца чарговыя палацы і спэцбальніцы, грошай ва ўладаў для паляпшэньня якасьці пітной вады няма. Сродкаў для пераводу водаправоднай вады на артэзіянскую ў Фрунзенскім раёне не знайшлі.

З кожным годам улады ўсё больш залазяць у нашы кішэні, уводзяць новыя падаткі, павышаюць тарыфы, зьмяншаюць зарплаты і пэнсіі. Калі ўлада клапоціцца толькі пра сябе, то такую ўладу трэба мяняць».

Асобна спадарыня Ўсіновіч зьвярнула ўвагу на справы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. І на пэнсіі:

«Яны павінны быць справядлівымі і годнымі для кожнага. Мы за аднолькавыя ўмовы пры налічэньні пэнсіяў для чыноўнікаў і настаўнікаў, міліцыі і рабочых. Пэнсійны ўзрост не павінен падвышацца».

Улаховіч: Лукашэнка — бацька нацыі, яго можна параўнаць са Сталіным

Мікалай Улаховіч
Мікалай Улаховіч

Пра гэта кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня па Сеньніцкай выбарчай акрузе, што непадалёк ад сталіцы, удзельнік мінулагодніх прэзыдэнцкіх выбараў, заявіў у інтэрвію naviny.by:

«Лукашэнка сёньня — духоўны лідэр нацыі. Яго можна параўнаць з дэ Голем, са Сталіным. Сталін — гэта адыёзная асоба, але ён быў вялікім кіраўніком. Лукашэнка як арганізатар ня менш таленавіты, чым Сталін. Але ён не займаецца генацыдам і не стварае ГУЛАГі. Па вялікім рахунку, ён нават блізкі да Атацюрка!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG