Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя сацыёлягі ня вераць у падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі


Беларускія сацыялягічныя службы заявілі, што ня лічаць даставернымі вынікі сацыялягічных апытаньняў Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), зарэгістраванага ў Вільні.

Пра гэта БЕЛТА заявілі дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру Аляксей Дэрбін і дырэктар Інстытуту сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў.

Паводле Аляксея Дэрбіна, для апытаньняў неабходна перш за ўсё мець базу зь ліку інтэрвіюэраў. А праца зь імі «патрабуе каардынацыі і прысутнасьці на месцы».

Таксама аб працы сацыёлягаў у той ці іншай мясцовасьці можна даведацца па зваротах пільных грамадзян у праваахоўныя органы, кажа дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру.

«Што тычыцца замежных сацыялягічных структур, то ў нас няма інфармацыі, каб імі нехта цікавіўся А паколькі сьлядоў іх дзейнасьці няма, як няма і зьвестак, што гэтыя структуры праводзяць ад свайго імя дасьледаваньні, то ўзьнікае вялікае пытаньне: наколькі заслугоўваюць даверу гэтыя вынікі. Мы лічым, што не заслугоўваюць», — падкрэсьліў Аляксей Дэрбін.

Напярэдадні былі апублікаваныя вынікі сакавіцкага сацапытаньня НІСЭПД, паводле якіх рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі рэзка пайшоў уніз: за яго гатовыя галасаваць толькі 27,3% беларусаў.

Афіцыйныя сацыёлягі падаюць іншую інфармацыю.

Паводле нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў сакавіку ва ўсіх абласных цэнтрах, раённых гарадах і сёлах Беларусі, большасьць грамадзян (64,8%) выказваюць давер кіраўніку дзяржавы.

Дырэктар інстытуту сацыялёгіі Ігар Катляроў паведаміў, што ў Беларусі атрымалі афіцыйную акрэдытацыю 5 арганізацый, якія могуць праводзіць апытаньні па грамадзка-палітычнай тэматыцы. Паводле Катлярова, НІСЭПД такой акрэдытацыі ня мае, таму «правядзеньне ім сацыялягічных дасьледаваньняў па дадзенай тэме ёсьць грубым парушэньнем заканадаўства». Ён таксама лічыць, што ўсе дасьледаваньні НІСЭПД «не адпавядаюць рэчаіснасьці» і ў 99,9% не супадаюць з вынікамі апытаньняў Інстытута сацыялёгіі.

Катляроў назваў НІСЭПД фантомам. Ён сумняецца, што НІСЭПД змог дыстанцыйна правесьці апытаньне, бо апытаць людзей па тэлефоне «нерэальна».

«Праводзіць апытаньні з дапамогай інтэрнэту — гэта ўвогуле абсурд», — лічыць Ігар Катляроў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG