Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зборы ў Аўстраліі, турніры ў Сынгапуры. Як беларус прасоўвае па сьвеце рэгбі-7, які дэбютаваў на Алімпіядзе 


Міхась Лысюк (у цэнтры) на рэгбійным турніры ў Тайляндзе
Міхась Лысюк (у цэнтры) на рэгбійным турніры ў Тайляндзе

Адной з галоўных сэнсацыяў летніх Гульняў-2016 у Рыё-дэ-Жанэйра, безумоўна, стане залаты мэдаль Фіджы ў спаборніцтвах па рэгбі-7 — «усечаны» варыянт паўнафарматнага рэгбі-15 сёлета дэбютаваў на Алімпійскіх гульнях. У фінале спартоўцы астраўной мікрадзяржавы не пакінулі шанцаў Вялікай Брытаніі, здабыўшы першую ў гісторыі ўзнагароду для сваёй краіны.

У Беларусі ні рэгбі, ні яго адгалінаваньне ў выглядзе рэгбі-7 асаблівай папулярнасьцю пахваліцца ня могуць — адрозна ад рэгіёнаў, дзе гэты від спорту ўзьведзены ў культ. Брытанскія астравы, Азія, Акіянія — тут рэгбісты, без перабольшаньня, купаюцца ў славе.

Рэгбісты Фіджы
Рэгбісты Фіджы



Пазнаць спэцыфіку гэтай калектыўнай і адначасова надзвычай сілавой дысцыпліны выпала і беларускаму студэнту Міхасю Лысюку, які апошнія два гады гуляў у буйных міжнародных турнірах з удзелам азіяцкіх камандаў.

Пасьля заканчэньня Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Міхась паступіў у адну з навучальных установаў сеткі Каледжаў Аб’яднанага Сьвету (United World Colleges) у Сынгапуры. Каледж South East Asia заснаваны ў 1970-х асабіста «айцом сынгапурскіх рэформаў» Лі Куан Ю. Апроч атрыманьня ведаў, ён значнае месца адводзіць фізычнай гармоніі чалавека. 17-гадовы на той час беларускі студэнт свой выбар спыніў на авальным мячы шатляндзкага рэгбі:

Зь сябрамі па камандзе
Зь сябрамі па камандзе



«У мяне не было ніякай папярэдняй падрыхтоўкі — адзіным спортам, якім я 11 гадоў займаўся ў Беларусі, быў рукапашны бой. Толькі пры канцы акцэнтаваўся на ММА. А калі я прыехаў у Сынгапур, зразумеў, што ня будзе магчымасьці займацца баямі, ударнымі відамі спорту, таму трэба шукаць альтэрнатыву. Шчыра кажучы, самому ўжо карцела паспрабаваць нешта новае, напрыклад, паўдзельнічаць у нейкім камандным відзе. Пры гэтым хацелася, каб гэта быў даволі кантактны спорт, бо ў той жа футбол было б гуляць проста нецікава — папросту не хапае кантакту. Рэгбі — зусім іншае: там можна выліць і свае і эмоцыі, і нават агрэсію, і фізычна сябе праявіць. Таму было цікава паспрабаваць сябе менавіта ў рэгбі».

Тым ня меней трапіць у асноўны склад каманды аказалася ня так проста — навучаньне ў каледжы пачынаецца ад 1-й клясы, і некаторыя вучні займаліся гэтым відам спорту гадамі. Аднак добрая фізычная падрыхтоўка, атрыманая ў сэкцыі рукапашнага бою, пайшла Міхасю на карысьць:

Беларускі гулец Міхась Лысюк
Беларускі гулец Міхась Лысюк



«Я калі туды прыйшоў, адпачатку меў пэўныя перавагі, бо ўсё жыцьцё займаўся спортам. Найперш, нядрэнныя фізычныя паказьнікі: даволі моцны целасклад, магчымасьць бегаць, добры рух, хуткая каардынацыя. Але ў той жа час амаль ніякай тэхнікі. І я пачаў шчыльна працаваць над тэхнікай, таксама над „фізыкай“. Паколькі напачатку народу далучылася шмат, трэба было сябе зарэкамэндаваць. Трэнэры маю настырнасьць заўважылі, пачалі дапамагаць, і я досыць хутка трапіў у нармальны склад».

Як кажа Міхась, неўзабаве давялося вызначацца са спэцыялізацыяй. Справа ў тым, што, як і футбол, рэгбі разьвіваецца ў некалькіх кірунках, якія адрозьніваюцца найперш колькасьцю гульцоў у камандзе:

На трэніроўцы з поўнай аддачай
На трэніроўцы з поўнай аддачай

«Першыя паўгода гулялі ў клясычнае рэгбі, па ім летась у лістападзе праводзіўся чэмпіянат сьвету. У камандзе 15 чалавек, я гуляў у асноўным складзе, раз-пораз мяняліся з адным хлопцам. А ўжо з другога паўгодзьдзя перайшлі на рэгбі-7, якое ўпершыню зьявілася на Алімпіядзе ў Рыё. Па сутнасьці, новы алімпійскі від спорту: вельмі цікавы, значна больш дынамічны, чым рэгбі-15.

Лічаць, што гэта як міні-футбол пры футболе, але не. Поле дакладна таго самага памеру, тыя самыя 100 мэтраў у даўжыню і 50 у шырыню, але напалову меншыя каманды, па сем чалавек. Таму значную ролю адыгрывае тэхніка, а ня „фізыка“, як у рэгбі-15, хуткасьць бегу, рэакцыя. Нагрузка таксама нашмат большая. Вядома, скарочаны час: калі ў рэгбі-15 два таймы па 40 хвілін, то ў рэгбі-7 два адрэзкі па 7 хвілін. Але розьніца неверагодная. Нават тыя, хто пераходзіць з клясыкі ў рэгбі-7, прызнаюцца, наколькі гэта складана — 7 хвілін суцэльнага спрынту, носісься безупынку як шалёны».

Канкурэнцыя ў рэгбі-7 аб’ектыўна нашмат большая, чым у клясычным, таму нават з улікам рэзэрву праціснуцца ў асноўны склад было няпроста. Як кажа Міхась, асобныя гульцы прыйшлі ў сэкцыі ў сябе на радзіме яшчэ ў 5-гадовым узросьце — як ягоны сябра з Новай Зэляндыі, дзе рэгбі — бясспрэчны і безумоўны спорт № 1. Таму напачатку давялося пагуляць у другой камандзе:

Эмблема каледжу, за які выступаў беларус
Эмблема каледжу, за які выступаў беларус



«Я прыйшоў у другую каманду і практычна адразу ж трапіў на вялікія спаборніцтвы — чэмпіянат Паўднёва-Заходняй Азіі паміж міжнароднымі школамі. Вельмі статуснае мерапрыемства з сур’ёзнай арганізацыяй, з інтэрнэт-трансьляцыяй. Прыяжджаюць школы з Малайзіі, Інданэзіі, Тайлянду, Шры-Ланкі, некалькі школаў на правах гаспадара выстаўляе Сынгапур. Аўстралія, Новая Зэляндыя, Фіджы маюць узровень вышэйшы, гэта ўжо іншы эшалён, ім з намі гуляць было б проста нецікава.

Паколькі спаборніцтвы праходзілі на базе нашай школы, на нашым стадыёне, мы таксама ўдзельнічалі, але збольшага як статысты, ніякіх заліковых пунктаў не было. То бок гулялі, каб проста набрацца вопыту. Праўда, сабе паабяцаў, што на наступны год абавязкова траплю ў першую каманду. Бо тое, што адбывалася ў фінале — не пераказаць. Была барацьба за першае месца, і кіпелі такія эмоцыі, такія жарсьці, якія не саступалі чэмпіянату сьвету па футболе. На жаль, наша асноўная каманда тады прайграла...»

У Менску з ангельскім сябрам Захірам
У Менску з ангельскім сябрам Захірам



Пасьля таго лютаўскага турніру рэгбійны сэзон скончыўся, і Міхась засяродзіўся на навучальным працэсе. Але трэніровак ніхто не адмяняў, і паступова Міхась Лысюк набіраў форму, каб наблізіцца да задачы-максымум — стаць чальцом наймацнейшай каманды ня толькі свайго каледжу, але і рэгіёну:

З аднакурсьнікамі па каледжы South East Asia
З аднакурсьнікамі па каледжы South East Asia

«Сэзон скончыўся, але не трэніроўкі — пасьля паразы ў фінале на наступны год трэба было рэабілітавацца. Цяпер ужо прыцягнулі і мяне. Турніраў ужо не было, найперш вучоба. А калі пасьля летніх вакацыяў сабраліся зноў, мяне прынялі ў асноўную каманду. Турнір быў прызначаны ўжо на верасень, але ёсьць такая халера ў Сынгапуры, як смог. У Інданэзіі якраз пачынаецца „падсечна-агнявое земляробства“, калі высякаюць лясы і пачынаюць іх паліць. Смог зацягвае ўсё ад Куала-Лумпуру да Сынгапуру. У нас нават адмянялі заняткі, нельга было выйсьці на вуліцу.

Таму першае, куды мы паляцелі, — на спартовыя зборы ў Аўстралію, у Брысбэн. Вядома, асноўная ідэя — ня толькі патрэніравацца і згуляць з супернікам, а зьяднацца калектывам. Рэгбі — камандная гульня, усё базуецца на ўзаемадапамозе, на павазе да партнэра і апанэнта. Тыдзень жылі разам, згулялі тры гульні з рознымі школамі і ўсе выйгралі. Было вельмі цікава, бо па-за гэтым займаліся сэрфінгам, плавалі, было шмат чаго іншага. Гэта часткова фінансавалася школай, мне аплацілі больш за 50% паездкі».

Перад матчам
Перад матчам



Пасьля плённых аўстралійскіх збораў Міхась Лысюк уключыўся ў арбіту міжнародных спаборніцтваў, атрымліваючы гульнявы досьвед на практыцы:

«Недзе праз два тыдні пасьля збораў мы паехалі на першыя спаборніцтвы сэзону ў Малайзію. Гэта быў чэмпіянат, як яго назвалі, Малацкага праліву, у якім бралі ўдзел некалькі школаў гаспадароў турніру, а таксама з Інданэзіі, Тайлянду і Сынгапуру. Тыя спаборніцтвы мы выйгралі, але са стратамі: некалькі гульцоў атрымалі досыць сур’ёзныя пашкоджаньні, адзін нават парваў крыжападобныя зьвязкі калена. Усё ж узровень спорту зусім іншы, ня тое, што ў беларускіх школах — паганялі на фізкультуры ў мяч і разышліся.

Два наступныя турніры ў Сынгапуры праводзілі пробным складам і ніводнага ня выйгралі, заняўшы трэцяе і пятае месцы. А ўжо ў лютым выправіліся на чэмпіянат Паўднёва-Заходняй Азіі ў Тайлянд, у Бангкок. Гэта пік сэзону, зьбіраюцца самыя лепшыя. Большая палова самалёта была запоўненая спартовымі камандамі — акурат у гэты пэрыяд на базе адной школы праходзілі спаборніцтвы па баскетболе, тэнісе, рэгбі-7 і рэгбі-тач — гэта калі дзяўчаты, адрозна ад хлопцаў, гуляюць ня з поўным кантактам, проста трэба дакрануцца. Вось гэтыя чатыры каманды ляцелі ў Бангкок, амаль увесь самалёт быў заняты нашай школай. Па выніках мы там былі трэція».

Са здабытым трафэем
Са здабытым трафэем



Рэгбійны досьвед не застаўся незаўважаным у Беларусі — Міхася адразу запрасілі далучыцца да нацыянальнай зборнай. Праўда, некалькі выступаў у галоўнай камандзе краіны хапіла, каб зрабіць несуцяшальную выснову: у любым азіяцкім каледжы, якім давялося супрацьстаяць на студэнцкіх турнірах, хлопцы мацнейшыя за беларусаў. Гэта ня кажучы пра інфраструктуру ды арганізацыю спаборніцтваў.

Дык ці ёсьць у Беларусі спэцыялісты, гатовыя зрабіць рэгбі прафэсійным?

Беларус у Сынгапуры
Беларус у Сынгапуры

«Пытаньне правакацыйнае, але справядлівае. Спачатку — як мяне заўважылі. Яшчэ летась, калі я прыехаў у Менск на вакацыі, каб паднабрацца вопыту і быць канкурэнтным перад сэзонам, я трэніраваўся з адной камандай, зь якой раней падтрымліваў кантакты, дасылаў розную інфармацыю і г.д. Нават зьезьдзіў зь імі на турнір па пляжным рэгбі. А да таго мне напісаў трэнэр зборнай, запытаў, калі я прыеду, і прапанаваў далучыцца, бо яны едуць на спаборніцтвы ў Расею. Адказаў, што пабачу бацькоў і абавязкова згуляю, самому цікава.

Што самае непрыемнае ў беларускім рэгбі, дык гэта калі зьбіраецца галоўная каманда краіны, а гульцы ніколі разам не гулялі. Напрыклад, 12 чалавек у зборнай: два зь Менску ад адной каманды, тры ад другой, два з Горадні, тры зь Берасьця, яшчэ аднекуль. Яны нават не трэніраваліся, ня ведаюць, як адзін аднаго падтрымліваць, які ў каго стыль! Бачыліся недзе, пазнаёміліся, але разам не гулялі. Вось у гэтым самая вялікая складанасьць. Бо калі ты хочаш рыхтавацца да вялікіх спаборніцтваў і паказваць добрыя вынікі, то як мінімум трэба разам трэніравацца, праводзіць сур’ёзныя зборы. Гэта асноўнае».

Перад сустрэчай
Перад сустрэчай



Чаму такі відовішчны від спорту, папулярны ва ўсім сьвеце і пасьля працяглага перапынку зноў уведзены ў праграму Алімпійскіх гульняў, ня мае дзяржаўных лабістаў у Беларусі? Прынамсі тое, што дысцыпліна для спартовага ведамства зусім не стратэгічная, не выклікае сумневу:

«Гэта, бадай, асноўнае: няма інвэстыцыяў, няма падтрымкі — ні матэрыяльнай, ні маральнай. Хоць, калі зыходзіць з уласнага досьведу, насамрэч рэгбі — якраз той спорт, які можа прынесьці дывідэнды. Калі ўкласьці такія грошы, як у той жа футбол (пра хакей нават не кажу), то Беларусь хутка атрымае выгаду. Патэнцыял ёсьць, не хапае перадусім трэнэрскіх кадраў зь міжнароднай падрыхтоўкай, зь міжнародным вопытам. А калі запрасіць спэцыялістаў, выдзеліць на гэтыя мэты грошы — невялікія, тут гаворка не пра мільёны даляраў, — у прынцыпе можна змагацца за месца на Алімпіядзе.

Як паказалі нават апошнія падзеі, каманда Гішпаніі, якая гуляла разам з намі на спаборніцтвах у Санкт-Пецярбургу і заняла там другое месца (нягледзячы на тое, што ў яе складзе далёка на супэрпрафэсіяналы), прабілася на Алімпіяду, стала адной з эўрапейскіх камандаў, якая паехала ў Рыё. Узровень не фантастычны, але ўсяго можна дасягнуць, калі ёсьць хоць якая падтрымка. Бо цяпер тым, хто стварае ў Беларусі клюбы рэгбі, хто арганізуе спаборніцтвы, даводзіцца ўкладацца сваімі сродкамі. Гэта вялікая праблема».

Зь мячом
Зь мячом


Днямі Міхась Лысюк адлятае ў ЗША, дзе неўзабаве працягне навучаньне ў адным з амэрыканскіх унівэрсытэтаў паблізу Мінэапалісу ў штаце Мінэсота. Што паказальна, выбар навучальнай установы ў немалой ступені быў прывязаны да таго, ці культывуецца там рэгбі. Паступіўшы на эканоміку і бізнэс, Міхась разьлічвае ўліцца ў склад адной зь дзьвюх рэгбійных камандаў. Хоць недасьведчанаму чалавеку і можа падацца: амэрыканскі футбол настолькі звышпапулярны, што эўрапейскаму прататыпу гульні з «крывым мячом» лавіць за акіянам няма чаго.

Міхась Лысюк
Міхась Лысюк



«Так, амэрыканскі футбол вельмі глыбока ўвайшоў у тамтэйшую культуру, мала што можа спаборнічаць зь мерапрыемствамі кшталту супэрболу. Па вялікім рахунку, гэта найперш шоў, забаўляльная рэч. Можа, няшмат хто пра гэта ведае, але, як ні парадаксальна, рэгбі ў ЗША даволі папулярнае, шмат хто гуляе. Адзінае, што калі гульцы дасягаюць пэўнага ўзроўню і пачынаюць паказваць добрыя вынікі, іх спрабуюць перацягнуць у амэрыканскі футбол, дзе непараўнальна большыя грошы і зусім іншая аўдыторыя. Гэта азначае, што яны валодаюць добрай тэхнікай — балянс на нагах, праца зь мячом і г.д. Пару месяцаў з такім спартоўцам папрацаваць, перавучыць — ён будзе клясным амэрыканскім футбалістам.

Адносная складанасьць, што ў рэгбі не такое фінансаваньне, як у футболу. Тым ня меней у яго там гуляюць, ёсьць сур’ёзныя лігі, праводзяцца спаборніцтвы. Па нашых мерках увогуле не пытаньне, асабліва цяпер, калі рэгбі стаў алімпійскім відам спорту. Бо амэрыканцы такая нацыя, якая ахвочая пацягацца, паганяцца за алімпійскімі мэдалямі, і яны пачалі даволі моцна разьвіваць якраз рэгбі-7. Ужо да Рыё яны стварылі моцную каманду і выправіліся туды з досыць моцным складам. Прынамсі, ідзе праца, каб стварыць каманду, якая будзе змагацца за залатыя мэдалі праз чатыры гады на наступнай Алімпіядзе».

Каманда рэгбі-7
Каманда рэгбі-7



Рэгбі-7 — разнавіднасьць клясычнага рэгбі, запачаткаванага ў Шатляндыі. Як кажа сама назва, у камандах усяго па сем гульцоў (у клясычным варыянце — паўтара дзясятка). Матч складаецца з двух таймаў працягласьцю 7 хвілін кожны, фінальныя паядынкі большыя — два таймы па 10 хвілін (дадатковы час — 5 хвілін).

Турнір па рэгбі-7 праходзіў упершыню ў гісторыі Алімпійскіх гульняў. У сваім аўтэнтычным выглядзе рэгбі ўваходзіла ў алімпійскую праграму ад 1900 да 1924 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG