Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларускамоўнага старшыню райвыканкаму закавалі ў кайданкі


Камянецкі райвыканкам
Камянецкі райвыканкам

Раптоўныя кадравыя зьмены ў эшалёнах вэртыкалі — не навіна. Зрэшты, як і затрыманьні за карупцыю. Гэтак сталася і з кіраўніком Камянецкага раёну, 43-гадовым Андрэем Пісарыкам, які гаварыў па-беларуску і хваліў дэмакратычных актывістаў.

Што здарылася з былым старшынём Камянецкага райвыканкаму, якога раптоўна зьнялі з пасады яшчэ летась, — у расьсьледаваньні Свабоды.

Вядома, што на былога чыноўніка завялі крымінальную справу. Але пра расьсьледаваньне ў яе межах Сьледчы камітэт нічога не паведамляе. У Берасьцейскай управе Сьледчага камітэту карэспандэнтам Свабоды наагул сказалі, што інфармацыі па справе чыноўніка няма. І толькі ў Камянецкім аддзеле пацьвердзілі, што справа ёсьць і што вядуць яе берасьцейскія сьледчыя. А распачало крымінальную справу УУС зь Берасьця.

Што стала прычынаю завядзеньня справы, а таксама ці пад вартай былы старшыня райвыканкаму — афіцыйных камэнтароў наконт гэтага няма.

Літаральна за дзень перад зьняцьцём з пасады Андрэя Пісарыка на сайце камянецкага райвыканкаму зьявіўся артыкул пра карупцыю і змаганьне з гэтай зьявай. Але пра адстаўку і далейшае працаўладкаваньне чыноўніка афіцыйнай інфармацыі не было.

Паводле сайта Камітэту дзяржкантролю, вядома пра шэраг парушэньняў заканадаўства ў Камянецкім раёне, а таксама пра карупцыйныя справы, у тым ліку і ў сфэры дзяржаўнага кіраваньня. Але афіцыйнага ўдакладненьня пра выяўленыя факты і канкрэтных чыноўнікаў — няма.

Камянецкі райвыканкам
Камянецкі райвыканкам

Жыхары Камянца па-рознаму ставяцца да справы былога кіраўніка райвыканкаму Андрэя Пісарыка. Людзі наракаюць, што інфармацыі мала, бо «газэты нічога пра гэта ня пішуць, таму ходзяць толькі чуткі». Некаторыя лічаць, што цяпер былы чыноўнік пад падпіскай аб нявыезьдзе, на яго заведзена крымінальная справа і вядзецца сьледзтва. У прыватнасьці, адзін з жыхароў Камянца распавёў, што праваахоўныя органы «нават наведваліся ў адну дзяржаўную арганізацыю, дзе Пісарык быццам бы ўзяў 14 літраў бэнзіны».

Заўважна, што большасьць гараджанаў і жыхароў раёну досыць станоўча ацэньваюць працу чыноўніка на пасадзе старшыні райвыканкаму. Кажуць пра яго ветлівасьць, стараннасьць. Зь іншага боку, у гутарцы з журналістамі жыхары Камянца выказвалі думку, што які б культурны ні быў былы старшыня райвыканкаму, гэта не апраўдвае злоўжываньняў уладай.

Яшчэ адметны момант. Шмат хто прыгадвае, што Андрэй Пісарык прыхільны да беларушчыны, часта публічна выступаў па-беларуску, стала наведваў царкву.

Вось што кажуць пра Андрэя Пісарыка жыхары Камянецкага раёну.

Штосьці ён рабіў, але няправільна пра сваю кішэню, відаць, паклапаціўся. А людзі, між іншым, дрэнна пра яго ня кажуць. А пра сваю кішэню ўсе дбаюць, хтосьці болей, хтосьці меней...

«Я чуў, што за нейкія махінацыі яго турнулі. Але што да чаго, я ня ў курсе. Штосьці ён рабіў, але няправільна пра сваю кішэню, відаць, паклапаціўся. А людзі, між іншым, дрэнна пра яго ня кажуць. А пра сваю кішэню ўсе дбаюць, хтосьці болей, хтосьці меней...» — кажа пэнсіянэр.

«Ён, між іншым, умеў выслухаць. Зьвярталіся па жыльлёвых справах, колькі год не маглі дабіцца, а пайшлі на прыём, і, дзякуй Богу, пытаньне вырашылася. Ён чалавек, які ўмее слухаць. А там якія падрабязнасьці, ня чуў, ня ведаю», — дадае іншы жыхар Камянецкага раёну, які сутыкаўся зь Пісарыкам непасрэдна.

«Як чалавек... Ён нават у храм хадзіў, праваслаўем цікавіўся. Беларускую мову любіў. Прыяжджалі ўкраінцы, то яны па-ўкраінску гаварылі, а ён — па-беларуску. На плошчы таксама выступаў па-беларуску. У параўнаньні з тымі кіраўнікамі, якія былі раней, ён быў больш сучасны чалавек. Малады, і адчувалася, што розьніца ёсьць у размове, у тым, як ён прымаў рашэньні. Не такі, як тыя, што раней былі, савецкія», — яшчэ адзін водгук пра былога старшыню.

Некаторыя людзі адзначаюць, што калі б зьбіралі подпісы ў абарону Андрэя Пісарыка, то яны б ахвотна падпісаліся.

Ярашук: «Я казаў, што баюся за гэтага чалавека»

Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

Ураджэнец Камянеччыны, лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук лічыць справу Пісарыка палітычна матываванай.

Прынамсі, ён гаворыць пра акалічнасьці затрыманьня. Паводле словаў Аляксандра Ярашука, чыноўніка ў кайданках прывозілі ў райвыканкам, заводзілі ў кабінэт, дзе ён працаваў:

З моманту прызначэньня на пасаду старшынём Камянецкага райвыканкаму Андрэя Пісарыка людзі адзначалі, што гэта нетыповы чыноўнік. Ён адзін зь нямногіх, хто размаўляў на беларускай мове.

«З моманту прызначэньня на пасаду старшынём Камянецкага райвыканкаму Андрэя Пісарыка людзі адзначалі, што гэта нетыповы чыноўнік. Ён адзін зь нямногіх, хто размаўляў на беларускай мове.

Але найбольш дзіўна, што ён станоўча гаварыў пра мяне. У прыватнасьці, ён казаў, што з задавальненьнем чытае тое, што я пішу. І гэта ўжо тая якасьць, якая адрозьнівае гэтага чалавека ад яго папярэднікаў на гэтай пасадзе і шматлікіх іншых чыноўнікаў, якія ў сваёй большасьці проста падобныя адзін да аднаго, бо яны проста аніякія. У тым сэнсе, што не гавораць па-беларуску, ня могуць сабе дазволіць нейкія неардынарныя выказваньні, асабістыя меркаваньні. Асабліва калі гэта тычыцца характарыстык прадстаўнікоў апазыцыі.

Таксама не зусім характэрна для беларускіх уладаў трымаць абвінавачанага пад падпіскай аб нявыезьдзе. Яму ж надзелі кайданкі, прывозілі ў іх наўмысна, на працу. Усё гэта дае падставы казаць, што насамрэч справа цёмная, і ня выключана, што гэта палітычная расправа за тое, што чалавек мог сабе нешта дазволіць і ў нейкім сэнсе пераступіў рысу, якая ўладам падалася небясьпечнай.

Насамрэч справа цёмная, і ня выключана, што гэта палітычная расправа за тое, што чалавек мог сабе нешта дазволіць і ў нейкім сэнсе пераступіў рысу, якая ўладам падалася небясьпечнай.

На жаль, я не знаёмы з гэтым чалавекам асабіста. Але калі я прыяжджаў да сябе на малую радзіму ў Камянецкі раён, мне ня раз казалі пра ягоныя станоўчыя водгукі пра мяне. Я адказваў, што баюся за гэтага чалавека, бо такое вальнадумства можа вылезьці яму бокам. На жаль, так і адбылося.

Што да складніку злачынства — то няма інфармацыі. Мы цудоўна ведаем, наколькі беларускія ўлады закрытыя. Я ведаю адно: людзі, якія былі набліжаныя да чыноўніка, паміж сабою гавораць, што гэта палітычная справа. Магчыма, няма і не было аніякага крыміналу, а справа высмактаная з пальца. На жаль, мы можам рабіць выснову, што гэта ўсё вельмі падобна да захадаў беларускіх уладаў у дачыненьні да чыноўнікаў, якія дазваляюць сабе быць белаю варонаю ў чорнай зграі.

Кажуць, што ў нас нейкая адліга, дэмакратызацыя. Але гэта ня так. Мы ведаем пра тое, што многія чыноўнікі нахабна крадуць мільёнамі, нахабна сябе паводзяць, але іх ніхто не чапае. Бо галоўнае, каб чыноўнік быў адданы ўладам, ляяльны. Але Пісарык — зусім іншага кшталту чыноўнік».

Андрэй Пісарык нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Агарэвічы Ганцавіцкага раёну. У 1996 годзе скончыў сельскагаспадарчую акадэмію па спэцыяльнасьці «аграномія». Да 2000 году працаваў галоўным аграномам у калгасе Драгічынскага раёну. З 2000 да 2003 — старшыня калгасу ў Ганцавіцкім раёне. У 2003–2009 гг. працаваў у камітэце па сельскай гаспадарцы аблвыканкаму, намесьнікам старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму, начальнікам камітэту па сельскай гаспадарцы аблвыканкаму. З 2009 да 2015 быў старшынём Камянецкага райвыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG