Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што азначае спрэчка на расейскім Regnum’е пра Беларусь пасьля Лукашэнкі?


Мікалай Лукашэнка і Ўладзімер Макей
Мікалай Лукашэнка і Ўладзімер Макей

Антызаходнія беларускія аналітыкі загаварылі аб пераемніку Лукашэнкі.

Глод: Дыскусія на тэму — хто будзе пасьля Лукашэнкі? — пачалася на сайце інфармацыйнага агенцтва Regnum. Агенцтва гэта — расейскае. Але дыскусію пачалі беларускія аналітыкі. І гэта невыпадкова, бо ўжо заўважана — Regnum ахвотна дае пляцоўку для агучваньня пазыцый беларускіх адэптаў ідэалёгіі «рускага сьвету».

Спачатку свой прагноз з гэтай нагоды апублікаваў навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксей Дзермант. Сьледам за ім тэму падхапіў стваральнік сайту «Імпэрыя» Юры Баранчык, які ў свой час працаваў у прэзыдэнцкай Адміністрацыі.

«Той, хто знаёмы з рэальным становішчам спраў у краіне, хутчэй за ўсё, дасьць цалкам відавочны адказ: пасьля Лукашэнкі будзе «новы Лукашэнка» — лічыць Аляксей Дзермант. На думку навукоўца, ня важна, якое ў яго будзе прозьвішча, таму што і сёньня гэта ня столькі асоба, колькі функцыя.

А функцыянальны вакуўм заўсёды патрабуе адпаведнага напаўненьня. Гэтая «напоўненасьць» магчымая толькі на падставе пераемнасьці і выкананьня трох галоўных умоў:

1. Захаваньне і разьвіцьцё буйной індустрыі як эканамічнага базісу краіны, завяршэньне пачатых вялікіх праектаў (БелАЭС, кітайска-беларускі парк «Вялікі камень») і рэалізацыя новых.

2. Забесьпячэньне бясьпекі як унутранай, так і зьнешняй, то бок цесная сувязь зь сілавым апаратам.

3. Ідэалягічная пераемнасьць з БССР і Рэспублікай Беларусь Лукашэнкі як ва ўладнай вэртыкалі, так і ў асяродку ўплывовых інтэлектуалаў.

Прыход новага дыктатара пасьля ранейшага немагчымы, бо першы зачышчае палітычную паляну ад канкурэнтаў

Палітык, які зможа забясьпечыць гэтыя ўмовы, і будзе «новым Лукашэнкам», і, хутчэй за ўсё, ён будзе выхадцам зь сілавых структураў.

Гэтую вэрсію Юры Баранчык называе цікавай, але лічыць, што яе цяжка будзе рэалізаваць. На ягоную думку, Беларусь найхутчэй чакае значна больш неспрыяльны сцэнар. Ён адзначае, што апошнім часам Эўропа практычна ня ведае прыкладаў, калі аднаго дыктатара (а пра тое, што ён дыктатар, хай і ў станоўчым сэнсе, Лукашэнка сам казаў неаднаразова) зьмяняў іншы моцны харызматычны лідэр. Прыходзіць альбо клоўн, альбо здраднік.

Па-другое, прыход новага дыктатара пасьля ранейшага немагчымы з той простай прычыны, што першы зачышчае палітычную паляну ад канкурэнтаў.

Так і ў Беларусі, лічыць Баранчык, не засталося ніводнага моцнага палітыка. Аляксей Дзермант у сваім артыкуле не называе канкрэтных прозьвішчаў магчымага наступніка Аляксандра Лукашэнкі. Юры Баранчык лічыць, што на сёньня існуюць толькі дзьве магчымыя кандыдатуры. Гэта — Віктар Лукашэнка, які цяпер займае пасаду памочніка па нацыянальнай бясьпецы, і Ўладзімер Макей, цяперашні міністар замежных спраў.

А што думаеце на гэты конт, вы, калегі? Найперш, чаму менавіта цяпер паявіліся гэтыя разважаньні? Да наступных прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ ж даволі шмат часу.

Дракахруст: Я б не пагадзіўся з вашым вызначэньнем «прарасейскія аналітыкі», у пэўным сэнсе яны, зразумела, прарасейскія, але я б хутчэй назваў іх антызаходнімі. Бо паміж спадаром Дзермантам і спадаром Баранчыкам ёсьць істотная супярэчнасьць. Калі спадар Баранчык сапраўды адэпт «рускага сьвету», для якога Беларусь гэта Расея, то пазыцыя спадара Дзерманта больш складаная, і ён выступае хутчэй апанэнтам таго самага агенцтва Regnum, вельмі часта крытыкуе іх публікацыі, і для яго беларуская незалежнасьць — гэта аксіёма. Я б не сказаў, што гэта спрэчка ў межах адной пазыцыі.

Па-другое, мы самі ведаем, калегі — напішаш нейкі артыкул проста таму, што табе прыйшло ў галаву, а нейкія нашы апанэнты, БТ скажуць, што гэта азначае нейкую новую лінію дзярждэпартамэнту ЗША, што Абама нешта прыдумаў наконт Беларусі. Часам гэта проста я прыдумаў і напісаў. Так што не выключаю, што і за спрэчкай спадароў Дзерманта і Баранчыка ніякіх магутных сілаў не стаіць.

Хоць не выключаю, што нейкія людзі ў Маскве ў розных структурах, адказных за Беларусь, часам думаюць пра гэта. Цяпер у Цэнтральнай Азіі падыходзяць тэрміны многіх кіраўнікоў, Назарбаева, Карымава. Лукашэнка маладзейшы, але ўсе пад Богам ходзім, і мець нейкі плян Б тым, хто над гэтым думае, сапраўды трэба. Пару гадоў таму і ў нас на сайце была дыскусія на гэтую тэму. Я мяркую, што сапраўднае разьвіцьцё падзеяў пасьля будзе такім мікстам прагнозаў Дзерманта і Баранчыка.

Пры «зьмене каравулу» нехта і захоча захаваць спадчыну Лукашэнкі, але шмат у чым гэта не атрымаецца. Адбудзецца вяртаньне ў эпоху Кебіча.

Будзе жаданьне захаваць спадчыну Лукашэнкі, але гэта будзе ўпірацца ў некалькі момантаў. Вялікую прамысловасьць будзе хацецца захаваць, але дзе грошы ўзяць? Ці будзе Расея столькі плаціць, колькі яна плаціць? Акрамя таго, слушнае меркаваньне спадара Баранчыка пра тое, што для дыктатуры трэба дыктатарская рука. А калі рукі няма, поле зачышчанае, то адбываецца калі не кардынальная зьмена, то ўсё ж лібэралізацыя. Усё ж пасьля Сталіна прыйшоў Хрушчоў, пасьля Мао прыйшоў Дэн, і пры іх не было ўжо той рэпрэсіўнай вакханаліі, якая была пры іх вялікіх папярэдніках.

Акрамя таго, ужо цяпер, пры Лукашэнку, мы бачым зьмену пэўных ідэалягічных акцэнтаў. У 90-я гады гаварылася, што мы і Расея — гэта тое самае, мы расейцы са знакам якасьці, а цяпер ужо і ВКЛ «легалізавалі», і БНР амаль прызнаная як нейкая першая беларуская дзяржава. Цяперашняя вышываначная кампанія вельмі характэрная, гульні са сваім, адрозным ад георгіеўскай стужкі сымбалем Перамогі і многае іншае. Ну і сьвята 7 лістапада — яно застаецца дзяржаўным сьвятам, але другасным.

Усё гэта сьведчыць пра тое, што пры «зьмене каравулу» нехта і захоча захаваць спадчыну Лукашэнкі, але шмат у чым гэта не атрымаецца. Адбудзецца вяртаньне ў эпоху Кебіча.

Так, аўтарытарная сыстэма, але значна менш жорсткая, чым цяперашняя, меншая арыентацыя на Расею, іншая палітыка ў адносінах да прыватнага бізнэсу, можа быць з карупцыйным адлівам. Ня думаю, што Беларусь стане Польшчай ці Літвой, але і ад мадэлі Лукашэнкі будзе пакрысе «адграбаць».

Цыганкоў: Калі казаць пра кансьпіралягічныя вэрсіі, гэты артыкул на сайце Regnum ацэньваецца як папераджальны ўдар па Уладзімеры Макеі, паколькі спадар Баранчык разглядаў як патэнцыйных наступнікаў Лукашэнкі дзьве асобы — Віктара Лукашэнку і Уладзімера Макея.

Пра цяперашняга міністра замежных спраў ён сказаў, што той прапануе эўрапеізацыю Беларусі, каталізацыю, адрыў ад «рускага сьвету», вывад краіны з-пад сутыкненьня Расеі і Захаду і ператварэньне ў нейкую «другую Швэйцарыю». Напэўна, для спадара Баранчыка гэта самае страшнае, што можа адбыцца зь Беларусьсю.

З 90-х гадоў, з часоў прэм’ер-міністра Чыгіра, мы ведаем, што калі прэса ці іншыя кагосьці прызначалі патэнцыйным наступнікам, то адразу ў гэтага чалавека пачыналіся непрыемнасьці.

Калі прэса ці іншыя кагосьці прызначалі патэнцыйным наступнікам, у яго адразу пачыналіся непрыемнасьці.

Часьцей за ўсё сапраўды, як вы, Юры, сказалі, аўтар напісаў артыкул, і разгарэлася дыскусія, а ніякіх таемных сілаў за ім не стаяла. Але ў дадзеным выпадку, калі нават і так, але многім такім людзям, як спадар Баранчык, ня толькі расейскім публіцыстам, але і ў Беларусі, менавіта фігура Макея бачыцца як фігура наступніка, які павядзе Беларусь убок ад «рускага сьвету».

Цікава будзе паглядзець на рэакцыю. Тое, што аўтар, як мінімум, разумеў, што яго словы не прынясуць нічога добрага цяперашняму міністру замежных спраў Беларусі, відавочна. Regnum увогуле вядомы атакамі на Беларусь з пункту гледжаньня адэптаў «рускага сьвету».

Колькі разоў там друкаваліся артыкулы, што Лукашэнка зьяўляецца здраднікам Расеі, адрывае яе ад «рускага сьвету», і так далей. Але пытаньне ў тым, наколькі да такіх меркаваньняў прыслухоўваецца Крэмль. Дзе тая мяжа, калі такія меркаваньні перастаюць быць проста меркаваньнямі ня самых уплывовых і надта арыгінальных публіцыстаў і пераходзяць у розумы спачатку дэпутатаў Думы, а потым чыноўнікаў у Крамлі? Нядаўна абмяркоўвалі прапанову аднаго расейскага дэпутата лічыць БНФ такой самай экстрэмісцкай арганізацыяй, як «Ісламская дзяржава», і забараніць яе ў Расеі.

Нядаўна на канфэрэнцыі Цэнтру імя Астрагорскага, дзе зьбіраліся аналітыкі, як праўладныя, так і апазыцыйныя, я даволі доўга спрачаўся з адным аналітыкам наконт прарасейскасьці беларускіх чыноўнікаў. Мне было даволі нечаканым яго меркаваньне. Ён заяўляў, што большасьць чыноўнікаў, зь яго досьведу, дастаткова прарасейскія, называў канкрэтныя прозьвішчы і казаў, што людзі тыпу Макея, які дастаткова пранезалежніцкі ў параўнаньні зь іншымі, яны ў меншасьці. Так што і з такога пункту гледжаньня можна ацэньваць такія артыкулы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG