Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«А калі і ты таксама пападзеш ў турму, То тады канца ня будзе гору маяму»


Рачканы, Ляхавіцкі раён
Рачканы, Ляхавіцкі раён

Сёлета спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэньня аднаго забытага паэта. Гэты паэт не пакінуў заўважнага сьледу ў літаратуры. Але тым ня менш яго варта ўспомніць. Бо гэта быў адзін з тых людзей, якія жылі дзеля незалежнасьці Беларусі. 11 ліпеня 1911 году ў вёсцы Рачканы, што каля Ляхавіч, нарадзіўся Іван Патаповіч, паэт Янка Чабор. Пра яго пачуў упершыню сёлета. Падчас сваёй вандроўкі ў Вялікую Кракотку. Кракоцкая настаўніца Леанціна Жыткевіч родам з тых самых Рачкан.

— У нашай вёсцы жылі багатыры. Бацька ў І сусьветную вайну быў у Германіі і там многаму навучыўся. Зарабіў грошай, купіў многа лесу, зямлі. Гаспадарка была вялікая. Наймалі. Сын і дачка вучыліся ў Вільні.

Іван Патаповіч быў з заможнай сялянскай сям’і. У бацькі быў свой млын. Сам Іван пасьля вучобы ў Вільні займаўся гандлем, меў свой каапэратыў. Сродкі ад якога ішлі на дапамогу бяднейшым аднавяскоўцам і на беларушчыну.

— Ён у вёсцы адкрыў сваю краму. Называлася «Рунь». За свае ўласныя сродкі. Ён прасіў бацьку дазволіць аднавяскоўцам браць дровы зь ягонага лесу. Асабліва тым, хто бяднейшы. У краме прадавалі мыла, газу, соль. І гэта ўсё можна было ўзяць напавер. А бедным бясплатна маглі даць.

Вось што пра Патаповіча піша ў сваёй кнізе «Дзе скарб ваш» Янка Брыль:

«Ня надта моцны паэт з псэўданімам Янка Чабор, Патаповіч у самым пачатку 1934 года быў адказным рэдактарам першага і апошняга нумара часопіса „Літаратурная старонка“, легальнага органа „Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменьнікаў“, з-за гэтага апынуўся на Лукішках, а ў роднай вёсцы, пакуль ён сядзеў, сёй-той і пасьмейваўся: „За ўсё адказвае Янка Патаповіч“. У трыццаць сёмым ён ужо быў на волі, не дасядзеўшы сваіх пяці гадоў да канца, дзякуючы амністыі, аб’яўленай пасьля сьмерці Пілсудскага».

Леанціна Жыткевіч памятае, як галасіла маці Патаповіча, калі Івана пасадзілі ў Бяроза-Картускі лягер.

— Як яго пасадзілі, маці ішла па вёсцы, рвала валасы. Крычала. «Картуз-Бяроза», мне тады запомнілася. Ён выступаў за беларускасьць. Нацыяналіст. Я яго памятаю. У акулярах хадзіў. А я ў дзяцінстве лічыла — хто ў акулярах, той вельмі адукаваны і разумны чалавек. Туды многія прыходзілі ў акулярах.

У Рачканах, невялікай вёсцы, дзе жылых хат становіцца ўсё меней і меней, я быў зьдзіўлены тым, што першы ж сустрэты мною чалавек, немалады мужык нападпітку, ведаў пра Янку Патаповіча.

— Патаповіч ужо даўно памёр у лягерах. Пра яго нам бацькі расказвалі.

Марыя Каўбаса да вайны была маленькай дзяўчынкай. Але якую ролю ў яе сям’і адыгрывала сям’я Патаповічаў — ці, як іх называлі па-вясковаму, Цімохаў, — Марыя памятае да драбніц. Бо выжывалі часам толькі дзякуючы Патаповічам.

— У маіх бацькоў зямлі мала было. Мой бацька бандарныя работы рабіў. На гэта і жылі. Нам Патаповіч дапамагаў хлебам. І дахоўку далі на хату. Хаты тады дахоўкай крылі. Ён нас забясьпечваў. Але і тата дапамагаў яму. І мы жаць хадзілі. Ён нам дасьць і грошай, дасьць і павячэраць.

А вось народжаная перад вайной Аліна Брэчка яшчэ пасьпела папрацаваць на тым млыне, які забрала савецкая ўлада ў сям’і, самы актыўны чалец якой вітаў у 39-м прыход гэтай улады.

— Млын у іх быў не вадзяны, а на маторы! На нейкім бэнзіне. Малолі муку, крупу рабілі, сечку для ската. Я ў 72-м годзе прыняла фэрму, і там яшчэ малолі каровам.

Стары даваенны дом Патаповічаў — сапраўдны помнік гісторыі. Нават пачарнелы ад часу, з абваленымі бальконамі і разабранымі вэрандамі, гэты высокі двухпавярховы дом выглядае на сёньняшняй вуліцы драўляным замкам, караблём-прывідам, што нейкім цудам ацалеў пасьля шторму. Гаспадыня гэтага палаца — унучатая пляменьніца паэта Натальля Запольская. Гэтая маладжавая кабета даўно жыве ў сталіцы. Займаецца ІТ-бізнэсам. Вельмі прыемна зьдзівіла выдатная літаратурная мова гаспадыні дома. Гены перадаюцца ня толькі гаспадарлівыя.

— Дом з тых часоў. Патаповічы будавалі яго. У 1925-м пачалі, у 1927 зрабілі першую палову. Потым яе здавалі пад школу. Хадзілі пра іх такія чуткі, што Патаповічы хадзілі ў шараку, але куплялі маторы і вучылі дзяцей.

Дом Патаповічаў да нашых дзён такі і стаіць домам Патаповічаў. Для Беларусі рэдкі выпадак. Палова дома засталася за дзядамі маёй суразмоўцы, а другую, дзе была вясковая школа, яе стрыечны дзед адсудзіў на сваю карысьць у позьнесавецкія часы. Але ж чаму даваенны дом такі не па-вясковаму высокі? Няўжо ўся справа толькі ў заможнасьці ягоных гаспадароў? Аказваецца, да вайны Рачканы былі адным з цэнтраў штундызму. Была такая плынь у пратэстанцкім руху.

— Усе Патаповічы былі штундамі. Гэта плынь у пратэстантызьме. У Беларусі штунды былі ў Міры і ў Рачканах. Я знайшла ў сеціве вялікую кнігу аднаго з прапаведнікаў-штундаў. Ён шмат піша пра Рачканы, пра нашу сям’ю. Рачканскія штунды зьбіраліся ў гэтым доме.

Чым жа вылучаліся штунды сярод астатніх хрысьціян?

— Яны не пілі, ня елі мяса. Было вельмі чыста ў хатах. Калі дзед трапіў у Сыбір, яны вучылі чалдонаў гадаваць сьвіньні, рабіць хлявы, фарбаваць хаты, рабіць катлеты. Ну, шмат чаго. Дзед там пазнаёміўся з Дубоўкам. Мой сын пісаў рэфэрат пра Дубоўку. Мама мая вучылася нямецкай мовы ў Дубоўкавай жонкі. І дзякуючы гэтаму паступіла ў Інстытут замежных моваў, калі ў Беларусь вярнуліся.

Янка Брыль так успамінаў сваё апошняе спатканьне з Патаповічам. У 1938 годзе.

«Я прыяжджаў да яго са сваімі рукапісамі, мы іх, трэба думаць, чыталі, абмяркоўвалі маю задуму выдаць зборнік апавяданьняў, у чым ён браўся мне дапамагчы — і рэдагаваньнем, і віленскімі выдавецкімі знаёмствамі. Ад усяго гэтага ў мяне застаўся толькі рукапіс перакладу апавяданьня Гаршына „Чатыры дні“, які я пасылаў яму і атрымаў, адрэдагаваны па маёй просьбе, зь невялічкай рэцэнзіяй у канцы, якую хочацца працытаваць. Як сумна-цёплы напамін пра яшчэ адно сяброўства, абарванае лёсам».

Ці мог лёс быць больш літасьцівы да Патаповіча? Вось ягоны верш, напісаны ў 1934 годзе.

Гэй, арліна мая сіла,
Ты ўзьнімі мяне увысь.
Над маёй старонкай мілай
Ты крыламі размахнісь.

Засьпяваю песьню люду,
Каб пакінуў ён цярпець.
Заклікаці моцна буду,
Што даволі ўжо галець.

Буду клікаць люд рабочы
З хатаў, вёсак, гарадоў,
Каб скідалі цемру ночы,
Што лягла ў цягу гадоў.

Як можна арыштаваць такога актыўнага рэвалюцыянэра і прыхільніка сацыяльнай справядлівасьці? Але была ў Янкі Чабора адна якасьць, якой бальшавікі не даравалі. Кажа Натальля Запольская.

— Янка быў вельмі актыўны. І таму яго першым узялі. За актыўнасьць. У майго дзеда на другім паверсе стаялі дзьве дарагія рэчы — канапа і радыё. І дзед з бабуляй слухалі гэтае радыё і дзівіліся з савецкага жыцьця. «Яны ж усе разам. Працуюць у калгасах. Ня тое, што адзін тут б’ецца на гэтых сотках». Але прыйшлі саветы, і Янка паехаў у Ляхавічы глядзець — што гэта за «саветы»? Зьезьдзіў, паглядзеў. Вераўчаныя лейцы на конях, салдаты вяроўкамі падперазаныя. Усе кураць. Матам лаюцца так, што вушы вянуць. Тут ніхто ня лаяўся. Нават з тых, хто ня быў у штундах. Яму сёе-тое стала зразумела. Але ён супакойваў сябе, што гэта нейкія несапраўдныя саветы. У 39-м яго выклікалі ў Ляхавічы. Яму казалі: «Не хадзі». «Але ж гэта наша ўлада!» І пайшоў. Ён згінуў бязь весткі і бяз чутак. Я чула, што ён пахаваны ў Курапатах.

Янку Чабора не расстралялі ў Курапатах. Бо Леанціна Жыткевіч памятае, як у часы адлігі ў Рачканы прыйшоў былы вязень ГУЛАГу. Шукаў сваякоў Івана Патаповіча, зь якім пасябраваў у лягеры.

— Адтуль чалавек вызваліўся і шукаў родзічаў Патаповіча. Гэты чалавек расказваў, што яны там руду здабывалі. Кажа: «Акуляры спадуць. Ён упадзе. Кроў з носу і з роту хлынула. Так і памёр». А ці знайшоў каго той чалавек? Бацькоў жа вывезьлі. Можа, бацькі на той час і вярнуліся...

А няўжо самі рачканцы не маглі заступіцца за свайго аднавяскоўца? За сям’ю млынара, які столькім дапамог? Пра гэта вельмі вобразна кажа Аліна Брэчка.

— Вывезьлі ўсю сям’ю гэтага млынара. Бо не любілі. Я дваццаць гадоў адрабіла на фэрме. І не любілі. І сёньня мо хто ня любіць. Каб зьмянілася ўлада, дык мяне трэба таксама караць. Бо нехта хацеў скрасьці, а я не давала. Не любілі людзі. Але людзі самі былі добрыя.

З паэтычнай спадчыны Янкі Чабора засталося некалькі рэвалюцыйных вершаў. Але выдатная памяць Леанціны Жыткевіч захавала невядомы Чабораў верш з трыццатых гадоў. Выдатная магла б быць песьня.

Ціха у сялянскай хаце. Сьпяць усе даўно.
Толькі вецер плача, вые, стукае ў вакно.
А на печы бедна маці кудзелю прадзе
І, схіліўшысь над калыскай, ціхенька гудзе.

Сьпі, сыночак мой маленькі, сьпі, мой родны сын.
Сьпі, мой мілы, даражэнькі, ты ў мяне адзін.
Падрасьцеш, тады пазнаеш, хто твой родны брат.
Жыцьцё скончыў у астрозе бедненькі Ігнат.
А калі і ты таксама пападзеш ў турму,
То тады канца ня будзе гору маяму.
Я тады буду, старая, плакаць і рыдаць.
Але ўжо да сьлёз, да гора мне не прывыкаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG