Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабравольскі: Ярмошына ня мае права называць апазыцыю маргіналамі


Ілюстрацыйнае фота. Падлік галасоў на выбарчым участку ў Менску падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году
Ілюстрацыйнае фота. Падлік галасоў на выбарчым участку ў Менску падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году

Старшыня Цэнтравыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына ў інтэрвію праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1», паказаным увечары 31 ліпеня, пракамэнтавала незадаволенасьць апазыцыйных сілаў сваім малым прадстаўніцтвам у выбарчых камісіях.

Незадаволеныя, паводле словаў Ярмошынай, «прадстаўнікі тых рухаў і партый, грамадзкіх аб’яднаньняў, якія пазыцыянуюць сябе як наша палітычная апазыцыя. Іх заяўка задаволеная на 17%».

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына

«Людзі, уключаныя ў склад выбарчых камісій, — гэта грамадзяне, якія даўно працуюць на выбарах, вядомыя, станоўча характарызуюцца, — цытуе кіраўніка ЦВК БелаПАН http://belapan.com/archive/2016/07/31/858059/ . — І там няма нічога асабістага. Чалавек добры, чалавек надзейны — значыць ён, незалежна ад палітычных поглядаў і крытыкі ўлады, уключаецца ў выбарчую камісію».

У той жа час, як адзначыла Ярмошына, «калі чалавек нідзе не працуе, не валодае дастатковай адукацыяй, паводзіць сябе адкрыта маргінальна, ня плаціць падаткі як падаткаплатнік, нідзе не працуе, то, зразумела, ён ня можа лічыцца апірышчам грамадзтва і чалавекам досыць рэспэктабэльным, каб уваходзіць у склад выбарчай камісіі».

Сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі, які ня быў уключаны ў склад адной з выбарчых камісій у Цэнтральным раёне Менскау, заявіў Свабодзе, што большасьць прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных сілаў, якія хацелі лічыць галасы, — людзі з вышэйшай адукацыяй і досьведам працы назіральнікамі:

Аляксандар Дабравольскі
Аляксандар Дабравольскі

«У выбарчыя камісіі былі накіраваныя розныя людзі. Падчас сумоўя, якое было арганізавана для кандыдатаў у сябры выбарчых камісій у Цэнтральныя раёне Менску, я бачыў, што людзі ад апазыцыйных партый — гэта людзі з вышэйшай адукацыяй, зь вялікім жыцьцёвым досьведам, а таксама досьведам працы назіральнікамі на выбарах. Гэта актыўныя людзі, тыя, якія хочуць справядлівасьці. І вось гэтых людзей не пусьцілі.

А пусьцілі тых, якія будуць падпарадкоўвацца кіраўніцтву. Камісіі фармуюцца з супрацоўнікаў аднаго працоўнага калектыву, нават калі фармальна вылучаныя ад розных калектываў. Атрымліваецца, што чалавек, працуючы ў камісіі, падпарадкоўваецца чалавеку, які кіруе ім і на працы. Зразумела, што сябры камісіі будуць залежаць ад свайго кіраўніка, яны нічога супраць казаць ня будуць, бо баяцца страціць працу.

Падчас сумоўя я сказаў, што двойчы быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета, што ў мяне вышэйшая юрыдычная адукацыя. На гэта мне адказалі, што ў мяне няма досьведу працы ў выбарчых камісіях, і не ўключылі ў камісію. Дзяржаве не цікава, што ёсьць людзі, якія хочуць, каб выбары праходзілі сумленна, каб выбарам давяралі.

Ярмошына, кажучы пра апазыцыянэраў, ужывае слова „маргіналы“. Ну, хай тады дадасьць, што ў свой час менавіта маргіналы скарысталіся магчымасьцю і прыйшлі да ўлады ў нашай краіне. І вось цяпер сфармаваўся такі тып чынавенства — ходзяць, як бычкі, і падстрыжаныя ўсе аднолькава — яны прывялі да таго, што Беларусь ператварылася ў зусім іншую краіну.

Увогуле, Лідзія Ярмошына як дзяржаўны чыноўнік ня мае права рабіць такія заявы. Таму што гэта проста хлусьня».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG