Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сьляды атакі вядуць у Крэмль»


Расея можа стаяць за маштабнай спробай ўмяшацца ў амэрыканскі палітычны працэс напярэдадні выбараў.

Спроба Крамля паўплываць на ход прэзыдэнцкай кампаніі ў Злучаных Штатах — так большасьць амэрыканскіх экспэртаў ацэньваюць публікацыю сайтам WikiLeaks 20 тысяч электронных паведамленьняў, выкрадзеных хакерамі з сэрвэраў Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ЗША. І хоць думкi назіральнікаў пра мэты гэтай акцыі разыходзяцца, яны згаджаюцца, што гэта — самая маштабная спроба ўмяшаньня ў амэрыканскі палітычны працэс, зробленая, хутчэй за ўсё, замежнай дзяржавай.

22 ліпеня група WikiLeaks выклала на свой сайт дзясяткі тысяч паведамленьняў, якімі абменьваліся функцыянэры Дэмакратычнай партыі з пачатку 2015 да траўня 2016 году. Запісы склалі свайго роду дзёньнік выбарчай кампаніі, напоўнены зусім рутыннай перапіскай, цікавасьць да якой зьнікае пасьля прагляду першых двух-трох паведамленьняў. Аднак ужо на наступны дзень увага прэсы было прыцягнутая да чатырох кароткіх допісаў.

Бэрні Сандэрс
Бэрні Сандэрс


У адным зь іх старшыня Нацыянальнага камітэту партыі Дэбі Васэрман-Шульц надзяляе нецэнзурным эпітэтам Джэфа Ўівэра, кіраўніка перадвыбарчага штабу Бэрні Сандэрса, у іншым партыйныя кіраўнікі абмяркоўваюць чуткі аб атэістычных поглядах Сандэрса і тое, як гэтыя чуткі выкарыстоўваць. У трэцім яны задаюцца пытаньнем: ці не прыцягнуць увагу да дрэннай арганізацыі кампаніі Сандэрса як да сьведчаньня яго няздольнасьці да кіраўніцтва краінай. У чацьвёртым Васэрман-Шульц наракае на тое, што Сандэрс быў незалежным, а не дэмакратам, ажно да вылучэньня сваёй кандыдатуры ў прэзыдэнты ад Дэмакратычнай партыі.

Гэтага сур’ёзнага ў вачах прыхільнікаў Сандэрса кампрамату, які сьведчыць пра тое, што сымпатыі старшыні партыі былі на баку Гілары Клінтан, аказалася дастаткова, каб да 24 ліпеня Дэбі Васэрман-Шульц абвясьціла аб сваёй адстаўцы з пасады старшыні Дэмакратычнай партыі. А ўжо 25 ліпеня амэрыканская прэса пачала цытаваць шматлікіх супрацоўнікаў ФБР і іншых амэрыканскіх спэцслужбаў, якія сьцьвярджаюць пакуль з рознай ступеньню ўпэўненасьці, што крыніцай ўкіду згаданай карэспандэнцыі зьяўляецца Расея.

Гілары Клінтан
Гілары Клінтан


Як піша газэта The New York Times, «усе тэхнічныя доказы паказваюць на расейскія выведвальныя агенцтвы як арганізатараў выкраданьня электроннай перапіскі Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі, менш ясна, хто перадаў яе Wikileaks». Выданьне The Daily Beast, якое вядомае добрымі сувязямі ў амэрыканскай разьведвальнай супольнасьці, цытуе неназваных амэрыканскіх афіцыйных асобаў, якія падазраюць, што зьяўленьне кампрамату на прыхільнікаў Гілары Клінтан у кіраўніцтве Дэмакратычнай партыі было арганізаванае Крамлём. Справа дайшла да таго, што кіраўніку выбарчага штабу Дональда Трампа Полу Манафорту падчас папулярнага нядзельнага ток-шоў было зададзенае пытаньне, якое прагучала па-пракурорску: «Ці існуе сувязь паміж спадаром Трампам, вамі або вашым выбарчым штабам з Пуціным і яго рэжымам?» «Гэта абсурд», — прагучаў адказ.

Алег Калугін
Алег Калугін


Былы генэрал КДБ СССР Алег Калугін не выключае, што Масква сапраўды робіць стаўку на Трампа, і што гэта зьяўляецца памылкай. Ён згадвае пра тое, што ў савецкія часы Крэмль фінансаваў амэрыканскую кампартыю, ствараў партыі і групы самых розных адценьняў, якія вялі агітацыю ў ЗША, а КДБ выдаваў часопісы фіктыўных арганізацый з мэтай аказаць уплыў на палітычны працэс у Злучаных Штатах. Сёньня падобная дзейнасьць здабыла новыя маштабы:

Калугін: Служба засталася. Дэзінфармацыя, падрыхтоўка так званых актыўных апэрацый па дэзінфармацыі, па падрыхтоўцы нейкіх палітычных партый, груп і іншае... Гэтыя дзеяньні цяпер вядуцца больш актыўна, чым калі-небудзь.

РС: А наколькі верагодным, на ваш погляд, выглядае меркаваньне, што Масква спрабуе падтрымаць Трампа?

Дональд Трамп
Дональд Трамп


Калугін: Гэта магчыма, але неабавязкова. Таму што Трамп, на мой погляд, чалавек непрадказальны. Яго пазыцыі могуць мяняцца ў залежнасьці ад абставін. Я б ня стаў спадзявацца на яго палітычную дзейнасьць і пазыцыі, якія могуць быць нават у некаторай ступені авантурнымі. У наш час такія рэчы для вялікіх дзяржаў, Амэрыкі, Расеі, могуць быць небясьпечнымі. У адрозьненьне ад Гілары, якая зьяўляецца чалавекам зь вялікім вопытам, хоць і не без недахопаў, Трамп мне падаецца нейкім авантурным.

РС: Гэта значыць, калі на Трампа сапраўды ставяць у Крамлі, то гэта няправільная стаўка, з вашага пункту гледжаньня?

Калугін: Так, няслушная.

Дэйвід Крэмэр
Дэйвід Крэмэр


Укід кампрамату на апанэнтаў Бэрні Сандэрса ў кіраўніцтве Дэмакратычнай партыі выглядае спэцыяльнай апэрацыяй Крамля, на якую неабходна даць адказ, лічыць былы памочнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Крэмэр.

Крэмэр: Гэтая акцыя была прымеркаваная да пачатку работы зьезду Дэмакратычнай партыі, яна прывяла да адстаўкі старшыні Нацыянальнага камітэту партыі, сьляды атакі вядуць у Крэмль. І, на мой погляд, яна павінна разглядацца як кібэратака супраць Злучаных Штатаў. Гэта ўмяшальніцтва Расеі ў амэрыканскі палітычны працэс. Мы павінны ўспрымаць гэтую гісторыю вельмі сур’ёзна.

ФБР павінна апублікаваць вынікі расьсьледаваньня ўзлому сэрвэраў Нацыянальнага камітэту Дэмакратычнай партыі ўжо пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, якія пройдуць 8 лістапада. Але прыхільнікі Гілары Клінтан, у тым ліку, афіцыйныя прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі са спасылкай на спэцыялістаў публічна кажуць пра дачыненьне Крамля да гэтай акцыі, спрабуючы зарабіць ачкі ў супрацьстаяньні з Дональдам Трампам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG