У тэлеграме агенцтва «Расавіяцыя», адрасаванай расейскім авіякампаніям і турапэратарам, у прыватнасьці, гаворыцца: «У сувязі з гарантыямі аб прыняцьці падвышаных мераў авіяцыйнай бясьпекі, дадзенымі турэцкім бокам, скасоўваюцца ўсе раней уведзеныя абмежаваньні на выкананьне рэгулярных рэйсаў».
Міністэрства транспарту Расеі інфармацыю пацьвердзіла, адзначыўшы, што расейскі бок атрымаў вычарпальныя зьвесткі пра тое, што Турэччына гарантуе бясьпеку ў аэрапортах і на тэрыторыі краіны.
Такім чынам, абмежаваньні здымаюцца для ўсіх авіякампаній, якія забясьпечваюць вылеты з Расеі ў Турэччыну, уключна зь перавозкамі транзытных пасажыраў праз расейскія аэрапорты ў трэція краіны. Авіякампанія «Аэрафлот» праінфармавала, што адкрывае продаж квіткоў у Стамбул і Анталію па ўсіх каналах.
У сваю чаргу турапэратары заявілі пра гатоўнасьць апэратыўна аднавіць адпраўку турыстаў на турэцкія марскія курорты. Як паведамлялася, расейскія ўлады ўвялі абмежаваньні на палёты ў Турэччыну 16 ліпеня з-за спробы ваеннага перавароту ў гэтай краіне.
Сёлета турыстычны сэзон для расейцаў фактычна правалены — на распараджэньне кіраўніцтва Расеі адпачынак у гэтай краіне быў забаронены ад канца мінулага году, калі туркі зьбілі расейскі самалёт-парушальнік. Масква заявіла, што ня можа рызыкаваць жыцьцямі сваіх грамадзянаў і ўвяла маштабныя антытурэцкія санкцыі.
Абмежаваньні на наведваньне расейцамі турэцкай тэрыторыі былі зьнятыя толькі 1 ліпеня, але пакуль тыя зьбіраліся вярнуцца на любімыя ўзьбярэжжы, грымнуў путч і авіязносіны зноў былі прыпыненыя.