Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская эканоміка — алькаголік, якога лекуюць півам, — Раманчук пра магчымую адстаўку ўраду


Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

У красавіку Аляксандар Лукашэнка папярэджваў беларускі ўрад, каб той «згрупаваўся і паказаў адпаведныя вынікі» цягам другога кварталу. Але замест росту эканомікі адбылося падзеньне ВУП на 2,5%. Ці прывядуць такія вынікі да абяцай адстаўкі ўраду, высьвятляла Свабода.

У красавіку вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця разглядаліся на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, нагадвае БелаПАН.

«У вас яшчэ ёсць квартал для таго, каб згрупавацца і паказаць адпаведныя вынікі, — папярэджваў Лукашэнка. — Калі няма, прыйдуць іншыя людзі, якія павінны гэтым займацца».

Згодна з паквартальным афіцыйным прагнозам, які ў канца 2015 году зацьвердзіў урад, меркавалася, што па выніках першай паловы 2016 года эканоміка выйдзе з рэцэсіі і рост ВУП складзе 0,1%.

Аднак за студзень-чэрвень эканамічны спад у краіне склаў 2,5%. І выхаду з рэцэсіі пры цяперашняй эканамічнай мадэлі ня варта чакаць, лічыць Яраслаў Раманчук, кіраўнік фонду Мізэса.

«У сёньняшніх умовах гэта немагчыма, — сказаў Раманчук Свабодзе. — Ці магчыма алькаголіка вылечыць яшчэ адной бутэлькай піва? Ну немагчыма. Дзьве-тры бутэлькі піва яму дадуць, але нічога з гэтага ня будзе. Наступствы будуць яшчэ цяжэйшымі».

Мадэль беларускай эканомікі ён параўноўвае з алькаголікам, якога лякуюць дадатковай дозай атруты, замест таго, каб пачаць радыкальнае лекаваньне.

«Але ў цяперашняга складу ўраду на гэта няма ні палітычнай волі, ні ведаў», — кажа Раманчук.

Ён лічыць, што новага прэм’ер-міністра могуць прызначыць у жніўні ці верасьні — да ці пасьля парлямэнцкай кампаніі.

Думаю, што гэта будзе ізноў тэхнічная мера, таму што сёньня асноўны чалавек (Аляксандар Лукашэнка — Р.С.) яшчэ не рашыў, што яму рабіць з эканомікай і з тымі праблемамі, якія ўзваліліся яму на галаву

«Думаю, што гэта будзе ізноў тэхнічная мера, таму што сёньня асноўны чалавек (Аляксандар Лукашэнка — Р.С.) яшчэ не рашыў, што яму рабіць з эканомікай і з тымі праблемамі, якія ўзваліліся яму на галаву».

Але кардынальных зьменаў у эканоміцы ня будзе, пакуль цэнтар кіраваньня эканамічнай палітыкай застаецца ў руках Міхаіла Мясьніковіча — былога кіраўніка ўраду, а сёньня — старшыні Савету Рэспублікі.

«Гэта шэры кардынал, — кажа Раманчук. — Нават калі ён будзе начальнікам ЖЭСу, ён застанецца самай уплывовай фігурай. Празь яго праходзяць кадры і ідэалёгія, ён мае такія магчымасьці, якіх ня мае ніводзін чыноўнік у Беларусі».

І нават пры крытычнай сытуацыі зьмена ўраду будзе фармальнай. Як заявіў Лукашэнка на Ўсебеларускім сходзе, абраны курс — правільны, і мадэрнізацыя магчымая толькі ў яго межах.

Хаця ў беларускай палітыцы ёсьць людзі, якія маглі б правесьці перамены. Раманчук называе старшыню кіраваньня Нацбанку Паўла Калавура, намесьнік прэм’ер-міністра Васіля Мацюшэўскага, намесьніка адміністрацыі прэзыдэнта Мікалая Снапкова.

«Яны прагматыкі. Так, зь імі можна ў чымсьці не пагаджацца. Але яны не прадстаўнікі балетнай студыі, ці ЖЭСу, зь якімі нельга размаўляць на адной эканамічнай мове».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG