Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі партызан» пасьля Шарамета: быць ці ня быць?


Так выглядае галоўная старонка сайту навінаў “Беларускі партызан» 22 ліпеня 2016 году
Так выглядае галоўная старонка сайту навінаў “Беларускі партызан» 22 ліпеня 2016 году

Сайт навінаў грамадзка-палітычнай скіраванасьці «Беларускі партызан» быў заснаваны з ініцыятывы Паўла Шарамета ў лістападзе 2005 году. З кантэнтам дапамагалі журналісты ў Беларусі, а таксама тыя, хто з розных прычынаў вымушана зьехалі з краіны, найперш у Расею.

Інфармацыйна-аналітычны рэсурс хутка набіраў папулярнасьць, ад самага пачатку пазыцыянуючы сябе крытыкам рэжыму і асабіста Аляксандра Лукашэнкі. Збольшага гэта дайджэст перадрукаў зь іншых незалежных СМІ, але пэрыядычна зьяўляюцца эксклюзіўныя матэрыялы, якія атрымліваюць гучны розгалас.

Перадусім гэта датычыць расьсьледаваньня фактаў злоўжываньня службовым становішчам з боку высокапастаўленых чыноўнікаў, кантролю прэзыдэнцкай сям’і і набліжаных да яе за стратэгічнымі сфэрамі, «кухня» расейска-беларускай палітыкі і г.д.

Апроч таго, «Беларускі партызан» стаў трыбунай для шэрагу грамадзкіх дзеячаў, некаторыя зь якіх на працягу шэрагу гадоў публікуюць тут свае роздумы на актуальныя тэмы — на гэты час пералік блогераў сягае паўтары сотні.

Улады неадкладна занесьлі сайт у «чорны сьпіс», доўгі час ён быў першым сярод незалежных сайтаў, доступ да якіх правайдэры абавязваліся блякаваць. Падчас апазыцыйных акцый і важных палітычных кампаній «Белпартызан» цярпеў ад атак разам зь іншымі незалежнымі сайтамі. Былі і папярэджаньні Міністэрства інфармацыі Беларусі, якія ніяк не падзейнічалі на рэдакцыю.

Ладзіліся нават «антыпартызанскія» пікеты — дарэчы, такой увагі не заслужыла ніводнае іншае СМІ ў Беларусі. У лютым 2010 году група вэтэранаў заявіла, што «Беларускі партызан» друкуе «правакацыйныя матэрыялы, якія носяць перадузяты, антыбеларускі характар». Апроч таго, у звароце, надрукаваным ва ўрадавай газэце «Рэспубліка», а потым распаўсюджаным па каналах БелТА, падпісанты выказвалі незадаволенасьць, што само па сабе выкарыстаньне словазлучэньня ў назьве абразьлівае ў адносінах да сапраўдных чырвоных партызанаў.

Пасьля гэтага сябры Беларускага грамадзкага аб’яднаньня вэтэранаў наладзілі некалькі пікетаў пад вокнамі рэдакцыі «Народнай волі», думаючы, што да рэсурсу мае дачыненьне тагачасная шэф-рэдактар выданьня Сьвятлана Калінкіна. У адказ на такую пільную ўвагу кіраўніцтва сайту адказала, што выкарыстоўваецца звыклая схема: вэтэраны нібыта абураюцца, а ўлады пачынаюць рэагаваць, каб не пакрыўдзіць паважаных людзей.

Пасьля пераезду з Масквы ў Кіеў і часу на беларускія рэаліі ў Паўла Шарамета стала аб’ектыўна бракаваць. Як сказала Свабодзе Сьвятлана Калінкіна, менавіта гэтая акалічнасьць апошнім часам яго надзвычай хвалявала:

Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна

«У апошнія месяцы Павал стаў часта дасылаць праз Фэйсбук, праз Скайп асабістыя паведамленьні. Сярод іншага вельмі турбаваўся за лёс „Беларускага партызану“. І апошнія такія нашы зь ім завочныя размовы былі менавіта пра „партызан“, пра тое, што зь ім рабіць, што сайту патрэбны галоўны рэдактар і г.д. Дарэчы, некаторы час ён фінансаваў „Беларускі партызан“ проста са сваіх асабістых грошай. Цяпер я ня ведаю, што будзе як з гэтым праектам, так і зь іншым — „Гістарычнай праўдай“. Нават ня ў курсе, як яно цяпер усё існуе, але мне падаецца, што ў кожным разе гэта былі праекты не асабіста Паўла, а праекты, скіраваныя на нашу краіну. Таму гэты клопат нашай мэдыя-супольнасьці, напэўна, трэба будзе браць на сябе».

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец кажа, што пакуль сытуацыя з працягам справы Паўла Шарамета нават не абмяркоўвалася, бо невядома, з кім канкрэтна весьці перамовы — усё трымалася на Шарамеце.

Карэспандэнт «Нашай нівы» Ягор Марціновіч у апошні час меў некалькі сустрэчаў з Паўлам Шараметам — акурат па тэме «Беларускага партызана». Аднак дасягнуць паразуменьня з аб’ектыўных прычынаў не ўдалося:

Ягор Марціновіч
Ягор Марціновіч

«З Паўлам Шараметам давялося сустракацца некалькі разоў. Першы раз паклікаў, казаў, што стараецца пазнаёміцца з усімі маладымі журналістамі, у якіх ён бачыць пэрспэктыву. У іншы раз настойліва прапаноўваў узначаліць „Беларускі партызан“, бо сам вельмі паглыбіўся ва ўкраінскія рэаліі. Пры гэтым абяцаў ня ўмешвацца. Але зразумела, што гэта ілюзія — ён такі чалавек, які хацеў кантраляваць усё. Шчыра скажу: размаўляць зь ім было цяжка. Энэргія зь яго проста біла фантанам — настолькі ён быў перакананы ў сваёй рацыі, што не прымаў пярэчаньняў. Быў перакананы, што Лукашэнка яго надзвычай баіцца як патэнцыйнага кандыдата ў прэзыдэнты. І казаў, што абавязкова вернецца ў Беларусь, калі зьменіцца рэжым і зьявіцца сапраўдны мэдыярынак».

У рэдакцыі «Беларускага партызана» зазначаюць, што сытуацыя з пэрспэктывамі на дадзены момант «туманная». Вельмі шмат будзе залежыць ад маскоўскіх сяброў Паўла Шарамета, якія дапамагалі падтрымліваць сайт фінансава. «Сьпярша трэба пахаваць чалавека, а пасьля ўжо вырашаць гэтыя пытаньні», — сказалі прадстаўнікі рэдакцыі.

Палітычны аналітык і знаўца мэдыяў Аляксандар Класкоўскі адзначае, што перад «Беларускім партызанам» паўстаюць тыя ж выклікі, як і перад іншымі беларускімі інтэрнэт-выданьнямі.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

«Людзі, якія сябравалі з Шараметам, узгадвалі, што сам ён быў занепакоены будучыняй рэсурсу „Беларускі партызан“, ён быў заклапочаны тым, каб знайсьці моцнага галоўнага рэдактара. Бо сапраўды, хоць рэсурс папулярны, ягоны сёньняшні стан, шчыра кажучы, выклікае шмат пытаньняў. Калі казаць коратка, то сапраўды сёньня сайту бракуе арыгінальнага кантэнту і нейкай такой выразнай рэдакцыйнай лініі. На сёньняшні дзень гэта хутчэй такі зборнік апазыцыйных публікацый, чым выданьне, якое робіцца відавочна паводле пэўнай канцэпцыі і пэўнай прафэсійнай камандай.

Тут асобна можна казаць, чаму гэта так. Наколькі я ведаю, апошнім часам так пільна ўжо і Шарамет не займаўся гэтым выданьнем. Таму тут і праўда ёсьць праблемы, і ў тым ліку ў пытаньні фінансаваньня, таму што такога кшталту палітычным рэсурсам ва ўмовах сёньняшняй Беларусі цяжка выжываць, калі няма нейкай фінансавай падтрымкі. У Беларусі няма нармальнай мэдыйнай сфэры ў рынкавым разуменьні, калі можна зарабляць грошы на выданьні таго ці іншага прадукту. Дакладней можна, але зрабіць нармальны бізнэс-праект вельмі праблематычна праз палітычную спэцыфіку. А як няма нармальнага палітычнага жыцьця, то адпаведна бракуе тых сіл, тых спонсараў, якія б маглі сілкаваць такога кшталту праекты. Таму гэта ня толькі тычыцца „Беларускага партызану“, гэта тычыцца і іншых беларускіх грамадзка-палітычных сеткавых выданьняў — менавіта праз брак фінансавых рэсурсаў мы бачым, што шэраг зь іх болей займаюцца „копі-пастам“, чым робяць арыгінальны прадукт», — канстатуе экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG