Шосты дзень узброеная група «Сасна Црэр» утрымлівае тэрыторыю палка патрульна-паставой службы паліцыі Ерэвану.
Напярэдадні вечарам на тэрыторыі каля паліцэйскага ачапленьня зноў сабраліся сотні грамадзян, якія падтрымліваюць палітычныя патрабаваньні ўзброенай групы і тых, хто ім спачувае.
Сярод патрабаваньняў «Сасна Црэр» («Сасунскія сьмельчакі») — вызваленьне аднаго зь лідэраў руху «Устаноўчы парлямэнт» Жырайра Сэфіляна, які быў арыштаваны ў мінулым месяцы па абвінавачваньні ў захоўваньні зброі, а таксама іншых актывістаў, якіх апазыцыянэры лічаць палітвязьнямі. Група, якая захапіла будынак паліцыі і ўтрымлівае чатырох закладнікаў-паліцэйскіх, таксама патрабуе адстаўкі прэзыдэнта Сержа Саргсяна.
Мітынгоўцы патрабуюць, каб супраць захопнікаў будынка, сярод якіх нямала удзельнікаў Карабахскай вайны, не ўжывалася сіла. Яны таксама патрабуюць, каб людзі, якія знаходзяцца ўнутры будынка палка ППС, былі забясьпечаныя неабходным харчаваньнем і мэдыкамэнтамі.
Некалькі дзясяткаў прыхільнікаў ўзброенай групы правялі ноч на вуліцы Харэнацы. У адрозьненьне ад папярэдняй ночы, паліцыя не спрабавала разагнаць дэманстрантаў.
Пры сутыкненьнях паміж паліцыяй і дэманстрантамі позна ўвечары 20 ліпеня і раніцай 21 ліпеня пацярпелі дзясяткі грамадзян і супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Як найменей 136 грамадзян былі затрыманыя, 16 зь іх арыштаваныя.
Прэм’ер-міністар краіны Авік Абрамян толькі на пяты дзень выступіў з ацэнкай сытуацыі, ахарактаразаваўшы яе як «вельмі трывожную». Прэзыдэнт краіны Сэрж Саргсян працягвае захоўваць маўчаньне.