У сераду ўвечары ў Ерэване пратэстоўцы закідалі каменьнем паліцыянтаў каля будынку, захопленага актывістамі руху «Устаноўчы парлямэнт». Каб разагнаць натоўп, паліцыя ўжыла аглушальныя бомбы, сьлезацечны газ і дымавыя шашкі. Па афіцыйных дадзеных, пацярпелі каля 50 чалавек, у тым ліку 25 паліцыянтаў.
Сёньня раніцай каля захопленага будынка зноў адбыліся пратэсты. У паліцыі паведамлялі аб затрыманьне больш за 100 актывістаў.
На мінулым тыдні узброеныя прыхільнікі Жырайра Сэфіляна — каардынатара апазыцыйнай партыі «Устаноўчы парлямэнт» — захапілі аддзяленьне паліцыі ў Ерэване і ўзялі ў закладнікі некалькіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Пры нападзе адзін паліцыянт загінуў, яшчэ чацьвёра былі параненыя.
Нападнікі патрабуюць вызваленьня Сэфіляна, які другі месяц знаходзіцца пад арыштам па абвінавачваньні ў падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. Улады Армэніі выключаюць выкананьне патрабаваньняў актывістаў, аднак працягваюць весьці зь імі перамовы. Каля захопленага будынка ў стане баявой гатоўнасьці знаходзяцца падразьдзяленьні спэцназу.
Раней у ходзе перамоваў з захопленага будынка МУС былі вызваленыя некалькі закладнікаў.