У Ерэване, на плошчы Свабоды, сабраліся актывісты, якія патрабуюць гарантый неўжываньня сілы супраць людзей, якія захапілі будынак паліцыі.
Група актывістаў апазыцыйнага «Ўстаноўчага парлямэнту», якія называюць сябе «Сасунскія адважнікі», утрымлівае ў закладніках чатырох паліцыянтаў, патрабуючы вызваліць аднаго з сваіх лідэраў Жырайра Сэфіляна. Ён знаходзіцца пад арыштам паводле абвінавачаньня ў незаконным захоўваньні зброі, але паплечнікі лічаць яго палітвязьнем.
Як паведамляе Армянская служба Радыё Свабода, дэманстранты, акрамя таго, патрабуюць неадкладна вызваліць усіх затрыманых за апошнія два дні апазыцыянэраў, а таксама правесьці службовае расьсьледаваньне ў дачыненьні да супрацоўнікаў паліцыі, якія раней у панядзелак, ужыўшы гвалт, перашкодзілі правядзеньню шэсьця актывістаў да захопленага будынку.
Намесьнік начальніка паліцыі Арменіі Унан Пагасян запэўніў прысутных, што ўсіх затрыманых адпусьцяць і будзе праведзена службовае расьсьледаваньне.
Ён заявіў, што перамовы з захопнікамі працягваюцца, і ўжо адпушчаны 5 з 9 узятых у закладнікі паліцыянтаў.
Пры ўзброеным нападзе на будынак паліцыі ў ерэванскім раёне Эрэбуні 17 ліпеня загінуў адзін супрацоўнік паліцыі, яшчэ чацьвёра былі параненыя.