Маё імя было напісана на першай дзяржаўнай мове
Крысьціна Вітушка аформіла заяву на новы тэлефон на мінулым тыдні.
Дзеля зручнасьці яна вырашыла набыць тэлефон празь інтэрнэт-краму. Калі пачала запаўняць форму для замовы, сыстэма напісала: «Утрымліваюцца недапушчальныя сымбалі».
На вялікі жаль, кампанія мне адказала, што інтэрнэт-крама прымае замовы толькі па-расейску
«Маё імя і прозьвішча былі напісаныя без памылак, — расказала Вітушка Свабодзе. — Афіцыйным правапісам першай дзяржаўнай мовы. Я зрабіла скрыншот замовы. Праз профіль у фэйсбуку зьвярнулася да кампаніі velcom з просьбай выправіць такую памылку».
Спачатку Крысьціна Вітушка палічыла гэта тэхнічным непаразуменьнем. Маўляў, сайт распрацаваны па-расейску, беларускамоўны інтэрфэйс знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.
«На вялікі жаль, кампанія мне адказала, што інтэрнэт-крама прымае замовы толькі па-расейску», — кажа Вітушка.
Але яе заяўку не прынялі нават у выглядзе скрыншота, які яна даслала.
«У мяне не было намеру канфліктаваць з кампаніяй, у мяне было жаданьне набыць смартфон. Прычым набыць не ў растэрміноўку, а сплаціць увесь кошт адразу».
І напаўняльнік для ката, і піцу прывозілі — праблемаў з замовамі па-беларуску ніколі не было
Дастаўку тэлефона абяцалі цягам сутак. Гэтага не адбылося. Пасьля таго як Крысьціна Вітушка зьмясьціла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку другі допіс са скаргай на працу кампаніі, зь ёй зьвязалася беларускамоўная супрацоўніца velcom і прапанавала зрабіць замову праз тэлефон.
Мяне абурае, што ствараюцца перашкоды пры набыцьці тавараў, што кампанія ў прынцыпе не гатовая прымаць мае заяўкі. Я проста хацела набыць тэлефон
«У кампаніі знайшлі беларускамоўную дзяўчыну, якой даручылі мне патэлефанаваць, але яна не валодала матчасткай, так бы мовіць: ня ведала, які тэлефон я замаўляю. Я вымушана ізноў наведаць іхні сайт, узгадваць мадэль, якую я замаўляла. Чаму я мушу праходзіць праз дадатковыя цяжкасьці, калі ўсяго толькі вырашыла парадаваць кампанію сваімі грашыма?»
Па словах Вітушкі, гэта ўздымае пытаньне абароны правоў беларускамоўных спажыўцоў.
«Гэта парушэньне майго права як спажыўца. Я не патрабавала ад іх весьці са мной камунікацыю па-беларуску. Гэта было б цудоўна, але я разумею, у якім сьвеце я жыву. Але мяне абурае, што ствараюцца перашкоды пры набыцьці тавараў, што кампанія ў прынцыпе не гатовая прымаць мае заяўкі. Я проста хацела набыць тэлефон».
З такой праблемай Крысьціна Вітушка сутыкнулася ўпершыню. Яна часта карыстаецца інтэрнэт-крамамі, і хоць яны расейскамоўныя ў сваёй большасьці, запоўніць заяўку яна заўжды магла.
«Напаўняльнік для ката ці піцу мне прывозяць на замову па-беларуску. Таму мяне вельмі зьдзівіла, што тут адсутнічае такая магчымасьць».
Дэпутаты падтрымліваюць беларускую мову
Сёньня беларускія кампанія ня маюць абавязку зьмяшчаць інфармацыю пра тавары па-беларуску. У Законе «Аб абароне правоў спажыўцоў» напісана, што інфармацыя аб таварах (работах, паслугах) даводзіцца да ведама спажыўца «на беларускай або расейскай мове». Гэтым і карыстаецца большасьць вытворцаў, пакідаючы зьвесткі пра тавары толькі па-расейску.
Прапановы Случака накіравалі ў Савет міністраў і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў.
Прымусіць вытворцаў зьмяшчаць інфармацыю пра тавары на дзьвюх дзяржаўных мовах могуць папраўкі ў заканадаўства. Цягам двух апошніх гадоў свае прапановы на гэты конт актыўна дасылаў у парлямэнт Ігар Случак, ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску».
«Чвэрць дэпутатаў у адказе на мае лісты падтрымліваюць такую ідэю, — сказаў Случак Свабодзе. — Прынамсі на словах».
Сярод тых, хто выказаўся за зьмяшчэньне інфармацыі пра тавары па-беларуску, — Уладзімер Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
«Як грамадзянін Рэспублікі Беларусь і як дэпутат я цалкам падтрымліваю вашы ініцыятывы па пашырэньні сфэры ўжываньня беларускай мовы», — напісаў Андрэйчанка ў адказе Случаку.
Прапановы Случака, паведаміў Андрэйчанка, накіравалі ў Савет міністраў і Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў.
«Гэта вельмі дзіўна, таму што velcom выкарыстоўвае беларускую мову ў рэкляме і спансуе конкурс беларускамоўнай рэклямы AD!NAK».Ігар Случак
Дарэчы, свае прапановы падтрымаць зьмены ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» Случак дасылаў і камэрцыйным кампаніям. У тым ліку мабільным апэратарам. У той час як МТС ягоную ініцыятыву вітала, velcom настойваў на тым, каб ужываньне беларускай альбо расейскай мовы было правам, а не абавязкам юрыдычных асобаў. А прапановы Случака могуць, на думку апэратара, прывесьці да павелічэньня дакумэнтаабароту і нэгатыўна паўплываць на ўспрыманьне інфармацыі кліентамі.
«Гэта вельмі дзіўна, — кажа Случак. — Таму што velcom выкарыстоўвае беларускую мову ў рэкляме і спансуе конкурс беларускамоўнай рэклямы AD!NAK".