Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МТС, velcom i life:) дапамагаюць спэцслужбам Беларусі незаконна сачыць за людзьмі — Аmnesty Іnternational


У новым прэс-рэлізе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Аmnesty Іnternational сьцьвярджаецца, што аўстрыйскія, турэцкія і іншыя тэлекамунікацыйныя фірмы палягчаюць ураду Беларусі ў незаконным сачэньні за людзьмі. Гаворка вядзецца пра працу беларускіх мабільных апэратараў МТС, velcom i life:).

Аmnesty Іnternational заяўляе, што ўлады выкарыстоўваюць тэлефонныя сеткі некаторых найбуйнейшых у сьвеце тэлекамунікацыйных кампаній для задушэньня свабоды слова і іншадумства.

Чаму КДБ можа легальна слухаць любыя размовы і што з гэтым рабіць

«У краіне, дзе правядзеньне акцый пратэсту ці крытыка прэзыдэнта могуць стаць прычынай арышту, нават пагроза таго, што за актывістамі шпіёняць улады, можа зрабіць іх працу амаль немагчымай», — сказаў супрацоўнік Amnesty International Джошуа Франка.

Праца ў Беларусі патрабуе прадстаўленьня органам дыстанцыйнага доступу да ўсіх сваіх карыстальнікаў тэлефонных і інтэрнэт-камунікацый

Тэлекамунікацыйныя кампаніі, у тым ліку тыя, што належаць Telekom Austria Group і Turkcell, зрабілі гэта магчымым, прадставіўшы ўраду практычна неабмежаваны доступ да сродкаў сувязі і зьвестак сваіх кліентаў. Праца ў Беларусі патрабуе прадстаўленьня органам дыстанцыйнага доступу да ўсіх сваіх карыстальнікаў тэлефонных і інтэрнэт-камунікацый.

У дакладзе сьцьвярджаецца што «кампаніі, якія працуюць у Беларусі, абавязаныя даць доступ уладам да ўсіх зьвестак, якія яны хочуць і калі яны хочуць. Так што, калі КДБ, да прыкладу, хоча шпіёніць за кімсьці, ён не павінен паказваць ордэр, ён не павінен прасіць кампанію даць яму доступ», — сказаў Джошуа Франка. Гэтага вымагае беларускае заканадаўства.

Распаўсюджваньне камунікацыйных тэхналёгій у Беларусі павялічыла рызыку рэпрэсій.

Amnesty International піша, што тэлекамунікацыйныя кампаніі маюць вялікую адказнасьць, бо тэхналёгіі, як правіла, даюць свабоду слова, але распаўсюджваньне камунікацыйных тэхналёгій у Беларусі павялічыла рызыку рэпрэсій і вельмі важна, каб тэлекамунікацыйныя кампаніі супрацьстаялі злоўжываньням тэхналёгіямі сувязі для парушэньняў недатыкальнасьці прыватнага жыцьця і свабоды выказваньня.

У Беларусі, пішацца ў дакладзе, КДБ і іншыя спэцслужбы маюць свабодны, нон-стоп дыстанцыйны доступ да камунікацыі ў рэальным часе і да базаў памяці тэлефоннай і інтэрнэт-сувязі.

Даклад заснаваны на інтэрвію з больш чым 50 актывістамі ў галіне правоў чалавека, журналістамі, юрыстамі, прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі, спэцыялістамі ў галіне тэхналёгіяў і іншымі ў Беларусі і ў выгнаньні ў пэрыяд са жніўня 2015 году да траўня 2016-га.

Актывісты распавялі Amnesty International, як поўная сакрэтнасьць вакол назіраньня прымушае іх меркаваць, што яны знаходзяцца пад наглядам у любы час. Адзін незалежны журналіст, чыя асоба не разгалошваецца, сказаў:

Большасьць людзей баіцца адкрыта гаварыць па тэлефоне. Гэта як частка вашага мысьленьня.

«Большасьць людзей баіцца адкрыта гаварыць па тэлефоне. Гэта як частка вашага мысьленьня... У прынцыпе, калі я размаўляю ў закрытым памяшканьні, або па тэлефоне, або пішу лісты па электроннай пошце, я мяркую, што ўсё гэта трапляе ў КДБ».

Актывісты расказалі Amnesty International, як пошук крыніц фінансаваньня пры дапамозе сродкаў сувязі становіцца для іх рызыкай, як міліцыя загадзя даведваецца пра акцыі пратэсту і месцы іх правядзеньня, нават калі сама магчымасьць іх правядзеньня толькі абмяркоўвалася ў прыватных тэлефонных размовах.

«Для праваабаронцаў у Беларусі шыфраваньне зьяўляецца апошняй лініяй абароны супраць рэпрэсіўнай дзяржавы і яе магутнага апарату назіраньня», — сказаў Джошуа Франка.

Amnesty International заклікала беларускія ўлады стварыць сыстэму стрымліваньня і процівагі для практыкі назіраньня, каб прывесьці яе ў адпаведнасьць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.

Amnesty International таксама заклікала тэлекамунікацыйныя кампаніі, якія валодаюць цалкам або часткова апэратарамі ў Беларусі, кідаць выклік законам, якія перашкаджаюць ім абараняць канфідэнцыйнасьць сваіх кліентаў, і інфармаваць сваіх кліентаў, што іх зьвесткі будуць даступныя ўладам у любы час.

***

Тры найбуйнейшыя мабільныя апэратары ў Беларусі часткова належаць замежным кампаніям:

МТС сумесна належыць расейскай кампаніі МТС і дзяржаўнай беларускай кампаніі Белтэлекам. З МТС (Беларусь) не адказалі на лісты Amnesty International.​

velcom зьяўляецца стоадсоткавай даччынай кампаніяй Telekom Austria Group. Прадстаўнікі Telekom Austria расказалі Amnesty International, што кампанія была абавязана прытрымлівацца беларускага заканадаўства. Большасьцю акцый Telekom Austria валодае мэксыканская кампанія America Movil. America Movil не адказала на лісты Amnesty International.

life :) на 80% належыць турэцкай кампаніі Turkcell, якая ў сваю чаргу, на 38% належыць швэдзкай кампаніі TeliaSonera. У TeliaSonera сказалі Amnesty International, што кампанія мае цьвёрдую палітыку супрацьстаяньня прамому доступу да тэлекамунікацыйных зьвестак, але таксама сказалі, што ня могуць узяць на сябе адказнасьць за дзеяньні Turkcell, таму што не зьяўляюцца ўладальнікамі кантрольнага пакету акцый. Turkcell не адказаў на лісты Amnesty International.

Amnesty International лічыць, што кампаніі парушаюць агульнапрынятыя стандарты ў пытаньнях бізнэсу і правоў чалавека. У адпаведнасьці з «Кіруючымі прынцыпамі ААН для адказнага бізнэсу», нацыянальныя законы там, дзе кампанія ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць, ня могуць быць выкарыстаныя для апраўданьня парушэньня правоў чалавека.

Чаму КДБ можа легальна слухаць любыя размовы і што з гэтым рабіць

Уладальнік velcom пра праслухоўваньне: «Асэнсоўваем палітычныя абмежавальныя фактары»

Мабільныя апэратары не камэнтуюць заявы Amnesty International

Velcom аб справаздачы «Міжнароднай амністыі»: Дзейнічаем паводле беларускага заканадаўства

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG