Уздоўж усёй дарогі да Прылукаў відаць паламаныя галіны дрэваў. Палі кукурузы і жыта здратаваныя вялікім ветрам, які ішоў з поўдню на поўнач.
Перад самай вёскай літаральна высечаны вялікі кавалак лесу памерам 200 на 500 мэтраў. Праз завалы немагчыма прайсьці. Ад самай раніцы лясьнічыя сьцягваюць паламаныя дрэвы ды расчышчаюць тое, што засталося ад колішняга лесу.
Перакулены прыпынак, вырваныя зь зямлі дарожныя знакі і электрычныя слупы — такая карціна на ўезьдзе ў вёску. Але ўчора праз Прылукі немагчыма было праехаць, кажуць мясцовыя, бо дарогі былі заваленыя дрэвамі.
Навальніца тут пачалася ў абед. Алена Ўладзімераўна, мясцовая жыхарка, кажа, што была на працы, калі на двары вельмі хутка пацямнела і пайшоў вялікі дождж.
«Была сьцяна вады. Потым зьнікла электрычнасьць, сарвала частку даху з нашага будынку. Вада цякла скрозь два паверхі. Васьмімэтровыя таўшчэзныя бэлькі лёталі як запалкі. Усе крычалі ад страху. Вам гэта не пераказаць».
Праз 15 хвілінаў вецер скончыўся. Але прабрацца праз заваленыя вуліцы ад працы дадому было цяжка.
«Векавыя дубы пападалі. Усё было ў дрэвах. Але людзі палезьлі праз гэтыя завалы. У мяне сэрца хворае, я плакала і рыдала. Малады хлопец дапамог мне прайсьці праз дрэвы. Я туфлі там парвала».
Алена Ўладзімераўна кажа, што ня бачыла такой навальніцы.
«За ўсё жыцьцё такога жаху не было ніколі».
Са шматпавярховікаў зрывала мэталічныя вэнтыляцыйныя трубы. Зь некалькіх прыватных дамоў зрынула дах. Амаль уся вёска ад учора да сёньняшняй раніцы была безь сьвятла. Мабільныя тэлефоны людзі падсілкоўвалі ў машынах.
«Як выйшаў пасьля навальніцы, дык не пазнаў Прылук», — кажа хлопец, што быў учора падчас навальніцы ў сябе дома.
Больш за астатнія пацярпелі дамы на вуліцы Міцкевіча на ўскрайку Прылукаў. З аднаго катэджу зьнесла палову даху з бэлькамі. Частку страхі ветрам занесла на суседні ўчастак.
Нават цагляны комін паваліла. Ён ледзь ня ўпаў на тэрасу дому.
«Цудам толькі ён не зьляцеў з даху», — кажа гаспадар.
Жыхары Прылукаў кажуць, што выратавальныя службы спрацавалі апэратыўна. Тыя, хто вяртаўся зь Менску нават не засьпелі заваленых дарог.
Не чакаючы выратавальнікаў, людзі выходзілі на вуліцы ды самі разьбіралі завалы.
«Выявілася, шмат хто з нашых хлопцаў мае бэнзапілы, — кажа жыхарка аднаго з шматпавярховікаў Марына. — Дык яны самі пачалі двары расчышчаць».
Пацярпеў таксама палац графа Чапскага ў Прылуках. Старыя ліпы з прысадаў, што вядуць да палацу, паваленыя.
Раніцай жыхары Прылукаў абмяркоўваюць наступствы навальніцы. Ці ўключылі сьвятло? Ці не пабіла вокнаў?
«Самі пра сябе чытаем у інтэрнэце, — кажа хлопец Ільля. — Кажуць, сёньня ізноў будзе нейкая навальніца. Але ў другі раз ужо не хацелася б трапіць у навіны».
Фотагалерэя ў вялікім памеры тут
Фоты з паветра: