На чарговай сэсіі ў Тбілісі Парлямэнцкая асамблея прыняла дэклярацыю (PDF), што ўтрымлівае рэзалюцыю па анэксаваным Расеяй Крыме. У дэклярацыі асуджаецца акупацыя Расеяй у 2014 годзе ўкраінскай Аўтаномнай Рэспублікі Крым, таксама крытыкуюцца парушэньні правоў чалавека на акупаванай тэрыторыі.
ПА АБСЭ выступіла за далейшае захаваньне палітычных і эканамічных санкцыяў супраць Расеі за анэксію Крыму, а таксама за ўзброеную агрэсію ў частках Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны. Расею і іншыя бакі канфлікту заклікаюць выконваць Менскія пагадненьні. Разам з тым АБСЭ заклікае правесьці міжнародную міратворчую апэрацыю пад эгідай ААН і АБСЭ дзеля забесьпячэньня Менскіх пагадненьняў.
У дэклярацыі падкрэсьліваецца неабходнасьць міжнароднай прысутнасьці ў Крыме дзеля маніторынгу правоў чалавека, называюцца праблемы доступу прадстаўнікоў АБСЭ ў Крым і кантраляваныя сэпаратыстамі рэгіёны Ўкраіны, гаворыцца пра перашкоды доступу Чырвонага крыжа да незаконна затрыманых украінскіх грамадзянаў.
Беларусь не галасавала па «Тбіліскай дэклярацыі», паведаміла Свабодзе сябра дэлегацыі Нацыянальнага сходу ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ дэпутатка Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня Валянціна Лявоненка:
«Мы папярэдзілі, што ня будзем галасаваць па спрэчных пытаньнях, якія тычацца Расеі і Ўкраіны, сваіх калег па ПА АБСЭ з абедзьвюх гэтых краін. Такое рашэньне мы патлумачылі тым, што ня хочам нават нейкім чынам разбураць менскую перамоўную пляцоўку. Мы лічым, што ў гэтай сытуацыі Беларусь павінна захоўваць нэўтралітэт».
Расея ж была супраць дэклярацыі. Сябра Савету Фэдэрацыі Людміла Казлова казала на выступе, што «на Расею ліюць бруд», «уварваньня Расеі ў Крым не было», «ва Ўкраіне адбыўся дзяржаўны пераварот», а лідэры Крымскіх татараў, за рэпрэсіі супраць якіх у тым ліку крытыкуюць Расею, «практычна пакінулі жыхароў Крыму без ацяпленьня, сьвятла, вады і прадуктаў».