Паэта Славаміра Адамовіча ўтрымліваюць у сёмым корпусе «Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру псыхічнага здароўя» (Навінкі), паведамляюць у Фэйсбуку. Паводле лекара, Адамовіч будзе знаходзіцца там да аўторка.
Як учора ўвечары паведаміла Свабода, Славаміра Адамовіча затрымалі ў Будславе. Тады ж у размове з карэспандэнтам Свабоды паэт апавёў, што яго вязуць у «хуткай дапамозе», верагодна, у Мядзел. Яго суправаджае міліцыянт.
«Я прыехаў у Будслаў, заехаў да дзеда на могілкі. На фэст жа прыходзіць многа людзей, і ён пачынаецца ўжо ад 1 ліпеня.
Там дзе я праходзіў, былі выстаўлены па пэрымэтры людзі ў цывільным, якія прадстаўляліся як БРСМ. Яны запатрабавалі, каб я паказаў сваю торбу. Я палічыў, што людзі ў цывільным ня маюць на гэта права. Яны выклікалі міліцыянтаў, і з гэтага пачалося: выходныя дні, нападпітку ці не, фармальная прычына...
І вось вязуць, я думаю, у Мядзел для „освидетельствования“. Калі я ўжо дома не магу ў сваім сьвятарным месцы, як каталік, хадзіць спакойна, дык пра што тут казаць?»