Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтограф Брыля і пацалунак Брэжнева


«Малая Кракотка — адна з найпрыгажэйшых вёсак, што мне давялося бачыць за ўсё жыцьцё». Так пісаў пра гэтую вёску Ўладзімір Караткевіч. І клясык меў рацыю. І Вялікая і Малая Кракотка ляжаць у маляўнічай нізіне. Паміж двума ўзвышшамі. Адно ўзвышша парасло густым лесам. А другое — карцінныя лугі зь пералескамі.

Але Кракотка славіцца ня толькі сваімі краявідамі. У міжваенны час тут бруіла беларускае культурнае жыцьцё — дзейнічала ячэйка таварыства Беларускай школы, працаваў каапэратыў «Дабрабыт», частка даходу якога ішла на набыцьцё літаратуры для бібліятэкі. А ў 1930-м годзе тут быў пабудаваны Народны дом зь вялікай глядзельняй. І няўжо ў такім беларускім цэнтры не засталося нічога ад слаўных часоў? Па адказ я выправіўся да жыхаркі Вялікай Кракоткі, былой настаўніца беларускай мовы і літаратуры Леанціны Жыткевіч.

— Тут да вайны быў народны тэатар. Ставілі «Паўлінку», «Прымакі», «Зьбянтэжанага Саўку». Быў тут Трафімовіч Васіль Пракопавіч, сябра ТБШ. Яны вучылі людзей элемэнтарнаму — чытаць і пісаць. Пракопавіч усё хацеў аддаць мне свае паперы. «Вы цікавіцеся гэтым. Я вам прынясу». Так і не прынёс. Паперы ТБШ. Трафімовіч памёр, хату сын прадаў. Вядома, нічога ўжо няма.

Вядома, я зайшоў у хату, дзе некалі жыў той Васіль Трафімовіч. Але новыя гаспадары, вядома, нічога ня ведалі. Ні пра якія паперы, ні пра якую ТБШ.

— У нашай бібліятэцы пабывалі ледзь ні ўсе пісьменьнікі. Бо ў Беларусі гэта была перадавая бібліятэка. Тут Караткевіч быў. І сказаў, што такой вёскі ён нідзе ня бачыў. Сказаў, што наша вёска падобная да Швайцарыі. Такія краявіды, якіх нідзе няма.

Цёзка таго настаўніка, 90-гадовы Васіль Сьцяпанавіч Трафімовіч, колішні трактарыст, выдатна памятае тыя вечарыны і спэктаклі, якія адбываліся ў ягоным дзяцінстве.

— Мы ведалі пад польскай акупацыяй, што тут Беларусь. Людзі ўсе гаварылі па-беларуску. Народны дом быў там, дзе цяпер крама. Там у дзень спэктакляў людзей зьбіралася з усяго навакольля. І музыка была, і танцы. Нават з самога Слоніму прыяжджалі! Былі і камуністы тут. Аднаго нават замучылі палякі ў Бярозе Картускай, Петручэню.

Стары Васіль ведае цану ня толькі польскай улады. Па савецкіх часах былы калгасны трактарыст таксама не настальгуе.

— Савецкія начальнікі што хацелі, тое і рабілі. Служылі верна Савецкаму Саюзу. Захоча паставіць табе норму, паставіць, захоча — палавіну намалюе. Жыцьцё было — няхай Бог крые. Я на гэтых гусеніцах што ні дзень. Прымушалі і дзень, і ноч працаваць. І не кармілі. І калі сто рублёў у месяц заробіш — гэта добра. Пры Савецкім Саюзе добрага нічога не было. Вёска была забітая. Нікчэмная.

У адрозьненьне ад антысавецкага трактарыста Трафімовіча, былая трактарыстка Марыя Жарко — проста ідэал савецкай жанчыны. Работніца і сялянка. Перадавіца і дэпутатка Вярхоўнага Савету БССР. Якую цалаваў сам Леанід Ільліч Брэжнеў!

— Я была ў Маскве на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 30-годзьдзю Перамогі. Чытала тэкст «Звароту ад моладзі Савецкага Саюзу». Нас пяцёра стаяла на сцэне. Рабочы, сялянка, студэнт і гэтак далей. Мы прачыталі тэкст і выйшлі за кулісы. Брэжнеў выйшаў усьлед за намі. Падышоў да мяне і кажа: «Вы б маглі ў кіно здымацца. А чаму Вы выбралі такую нежаночую прафэсію? Вы нават не падобная да трактарысткі». І затым мяне абняў так добра і пацалаваў. І запрасіў на ўрачыстую вячэру. Каля мяне стаяў Улаф Пальмэ, Фідэль Кастра. Памятаю Зыкіну, Касыгіна.

— Ён яшчэ ня быў страшнай развалінай.

— 1975 год! Гэта росквіт ягоны!

— Мужчына хоць куды!

— Я лічу, што ён мяне пацалаваў як кіраўнік. Не як мужчына. Бо адносіны мужчыны і жанчыны — гэта зусім іншае.

Памятаеце, ёсьць такая тэорыя, што ўсе людзі знаёмыя праз шэсьць поціскаў рукі? Я не ўтрымаўся. І пацалаваў у шчочку гэтую прыгожую кабету. Не як кіраўнік, а як журналіст. Але паколькі мы з Брэжневым цалавалі адну жанчыну, ці не вынікае з гэтага, што я знаёмы зь Леанідам Ільлічом праз адзін пацалунак?

Будынак новага Дому культуры, дзе была і бібліятэка, і пошта, і заля, быў пабудаваны ў 1970-м годзе. Цяпер гэта голы шкілет былога будынка з павыбіванымі шыбамі. У будынку былой школы разьмясьціўся мужчынскі манастыр. Манастыр жа забраў і руіну Дому культуры.

І пакінутыя кракоцкія хаты таксама выкупіў манастыр. Пра гэтае мне расказвалі дзьве кракоцкія бабулькі.

— У нас ужо ўсё пазакрывалі. Закрылі клюб, закрылі пошту, закрылі бібліятэку. А замест школы цяпер манастыр. Хаты скупляюць пад дамы паломніка.

Унікальныя кнігі з аўтографамі пісьменьнікаў пераехалі з Кракоткі ў суседнія Сялявічы.

Месьціцца бібліятэка ў адной палавіне колішняга дзіцячага садку. А ў другой палавіне садку — бальніца сястрынскага догляду. Дзе дажываюць свой век самотныя старыя. У бібліятэцы акрамя бібліятэкаркі сядзела адна чытачка і высокі спадар зь дзіцячымі даверлівымі вачыма. 40-гадовы мужчына з інтэлектам 4-гадовага дзіцяці. Пацыент суседняй установы. Які штодня прыходзіць у бібліятэку паглядзець карцінкі. Можна сказаць, самы сталы яе наведнік.

Я зусім не хачу гэтым сказаць, што ў Кракотцы ўсяму канец. Кракотка адыграла вельмі вялікую ролю ў станаўленьні беларускай культуры на Слонімшчыне. І кракоцкія сьляды яшчэ праявяцца ня раз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG