Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На музэй знанага сэлекцыянэра Сікоры напісалі ананімны данос зь ліпавымі подпісамі


Вы ведаеце, што такое «Беларуская малінаўка»? Ці, можа, чулі пра «Памяць Сікоры»? Ці каштавалі на смак «сікораўскую антонаўку»? Вядома, ведаеце. Бо які ж беларус ня ведае пра знакамітага сэлекцыянэра з-пад Шаркоўшчыны Івана Сікору, які ўзбагаціў Беларусь новымі сартамі яблык.

Пагатоў, што на радзіме навукоўца, у вёсцы Алашкі даўно дзейнічае музэй ягонага імя. Супрацоўнікі музэю абсталявалі гадавальнік для саджанцаў пладовых дрэў, дзе кожны ахвочы можа набыць сабе каштоўны саджанец. Музэй, што быў заснаваны яшчэ пры Савецкім Саюзе, за гады незалежнасьці займеў вядомасьць. Тут штогод на Яблычны Спас ладзіцца сьвята «Сікораўскай душы часьціца».

І вось сёлета ў Адміністрацыю прэзыдэнта, у Міністэрства культуры, у КДБ быў дасланы ліст, у якім ганьбіўся як музэй Сікоры, так і сямʼя садавода. Аформлены данос быў — як калектыўны ліст жыхароў Алашак. Хоць самі жыхары, як высьветлілася, нічога не падпісвалі. Слова жыхарцы Алашак, былой настаўніцы Галіне Сікоры.

— Зьявілася пасквільнае пісьмо, якое падрывае аўтарытэт заслужанага чалавека і ягонай сямʼі. У тым лісьце просьба да Міністэрства культуры, каб закрылі гэты музэй назаўсёды. Бо Іван Паўлавіч, быццам, ніякі не садавод. Вядома, людзі былі абураныя. Бо ніхто гэтага ліста не падпісваў і ніхто з алашкаўцаў яго не складаў. І цяпер усе людзі, хто ведаў Івана Паўлавіча, жывуць у дагадках — хто ж мог гэтае пісьмо напісаць?

На сайце музэю можна прачытаць вось такі водгук ад нейкай Тацяны Сікоры з гораду Пскова. Відаць, гэта адна і тая рука даносчыка. Працытую кавалак.

«Скоро дойдет до того, что сын И. П. Сикора, Виктор, был не полицаем и предателем Родины, а командиром партизанского отряда, вместо П. М. Машерова, например. А большую часть экспонатов музея составляет переписка Ивана Павловича с сыном Виктором, отбывавшего 10-летний срок в лагерях за сотрудничество с фашистами. И все это происходит ни где-нибудь в Западной Украине или Прибалтике, а в Белорусии, которая больше всех пострадала от войны. Зная всю правду, мне это культурное заведение напоминает скорее музей возрождения фашизма. Жутко и отвратительно. Во времена Советского Союза никому и в голову не пришло бы простого садовода-любителя и отца-предателя Родины превратить в Великого селекционера и создать целый музей. А вот активистам БНФ пришла такая идея, тем более Виктор Иванович Сикоро являлся участником этой оппозиционной организации, но в силу возраста активного участия не принимал. Не понятно, как всевидящее око КГБ просмотрело сей факт. А что, если не просмотрело, а нечто страшнее?.. Не хочется об этом думать, но учитывая политическую обстановку в мире, внимательнее надо быть, т.к. до Литовской границы всего 12км, да и Западная Украина не за горами».

Як вам стыль? Не старэюць душой савецкія даносчыкі. Хоць іхныя штампы за гады зусім не мяняюцца. Напрыклад, Віктар Сікора, сын сэлекцыянэра, у паліцыі не служыў ні дня. Ён быў чальцом Саюзу Беларускай Моладзі. А гэта далёка не адно і тое ж. Працягвае спадарыня Галіна.

— Пад гэтым лістом «падпісаліся» і Паўловы, і Лісёнкі, і Сікоры. Чалавек ведае людзей, якія жывуць у Алашках. А Віктар Іванавіч у тым лісьце і «здраднік», і «вораг народа». Што ён, быццам бы, у нямецкай форме хадзіў, зь немцамі ледзь не цалаваўся. Віктар Іванавіч пасьля шмат расказваў пра ГУЛаг. Якія там былі ўмовы. Ён цудам выжыў у савецкім лягеры. Такія былі крымінальнікі. Людзей у карты прайгравалі. Маглі і руку, і вуха табе адрэзаць. Страшна.

Самае цікавае, што мае суразмоўцы нават уявіць ня могуць, каму ж перашкаджае музэй Сікоры. Гаворыць дырэктарка музэю Натальля Перхуровіч.

— Мы ўжо зламалі сабе галаву — хто ж гэта напісаў? Бабулькі калгасьніцы не маглі гэтак пісьменна і гладка напісаць. Там напісана бздура, але напісана пісьменна. Участковы хадзіў па людзях, паказваў подпісы. Усе адмовіліся. Сказалі, што ня бачылі такіх пісем і чуць ня чулі.

А навуковага супрацоўніка Аляксея Аліхвера раздражняе, што даносчыка зусім не цікавяць іншыя дзеці Івана Сікоры.

— Я не разумею, чаму зьвярнулі ўвагу на Віктара Іванавіча. На аднаго з трох дзяцей Івана Паўлавіча. У яго яшчэ ж быў сын Пётра, які ваяваў у Чырвонай Арміі і загінуў. Пра Пятра ніхто не ўспамінае. Дачка Лідзія працягвала справу Івана Паўлавіча. Разьвівала садоўніцтва на Пастаўшчыне. Незразумела, хто гэтым займаецца і навошта. Мы ўжо выходзім на міжнародны ўзровень. Сюды прыедзе сёлета кітайская дэлегацыя. Латышы прыяжджалі і яшчэ прыедуць. Французы зьбіраюцца прыехаць. Фэстываль будзе шматнацыянальны.

А што думаюць пра ўсё гэта самі вяскоўцы? Тамары Літвіновіч, што жыве каля самага музэю, даўным-даўно Іван Сікора сам падараваў саджанцы язьміну.

— Бачыце, якая прыгажосьць? І хіба можна так ганіць нашу вёску? У пару квецені Алашкі — гэта казка. Іван Паўлавіч прывіў культуру ў нашай вёсцы. Усё, што было ў яго добрага, ён усё нам аддаваў. І таго, хто плявузгае на Івана Паўлавіча трэба знайсьці і пакараць.

Незвычайную здагадку выказала іншая жыхарка Алашак Лілея Сікора, хударлявая інтэлігентка, былая выкладчыца музыкі.

Лілея Сікора
Лілея Сікора

— Мы абураныя. Як можна на такога чалавека?.. Мы нават не ўяўлялі, што такое можа быць. А, можа, гэта піяр? Як у артыстаў? Трэба зрабіць скандал, каб заўважылі ўсе людзі. Можа, нехта напісаў, каб вакол гэтага музэю было больш размоваў? Экскурсій мала. Толькі дзяцей часам возяць. А цяпер такая мітусьня! Такі шум навокал! Будуць езьдзіць людзі.

Кіраўніца аддзелу ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкаму Людміла Стома запэўніла мяне, што музэю Сікоры і штогадоваму сьвяту нічога не пагражае. Бо ўсе апытаныя жыхары вёскі Алашкі і навакольля адмовіліся ў сваім удзеле ў стварэньні таго пісьма. І ўсе выказаліся на карысьць яблычнага сьвята. Але піяр Алашкам сапраўды не зашкодзіць. Таму ў жніўні едзем есьці сікораўскія яблыкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG