Прынамсі 36 чалавек загінулі і 147 параненыя з-за тэракту на тэрыторыі галоўнага міжнароднага аэрапорту Стамбулу імя Атацюрка позна ўвечары 28 чэрвеня. Свабода запытала ў экспэрта ў галіне турызму і галоўнага рэдактара газэты «Туризм и отдых» Ліліі Кобзік, ці паўплывае здарэньне на плынь беларускіх турыстаў у Турцыю, і ці будуць тур-апэратары вяртаць грошы тым, хто ўжо набыў пуцёўкі, але баіцца ехаць на курорт.
— Спадарыня Ліля, на колькі турэцкі напрамак актуальны для беларускіх турыстаў у гэтым сэзоне?
— Кірунак быў у складаным становішчы яшчэ ад пачатку расейска-турэцкага канфлікту. Той імідж, які ён займеў апошні год, не спрыяў продажам пуцёвак у Турцыю ў тым аб’ёме, як тое было ў мінулыя гады. Ну і ясна, калі напрамак лічыцца небясьпечным, то масавыя паездкі пад пытаньнем. Але ня гледзячы на тое, што год неспрыяльны для турэцкага кірунку, які заўсёды быў напрамкам № 1, і пазыцыі Турцыі моцна пахіснуліся, дзесьці перад самым пачаткам актыўнага сэзону 2016 году напрамак троху ажыў і выправіў сваё становішча.
— Гэта, відавочна, зьвязана з цаной паездак.
— Так, стала зразумела, што Турцыя стала таннай. Прытым прыкметна. У сярэднім туры патаньнелі на 50% — гэта істотна. Гэта стала значным аргумэнтам для таго, каб у гэты цяжкі для беларусаў год зь невялікімі заробкамі выбраць менавіта гэты кірунак. Турцыя патаньнела, зрабілася больш даступнай для беларусаў.
— Ці прываблівае беларусаў тое, што ў Турцыі цяпер не адпачываюць расейцы?
— Так, гэта яшчэ адзін аргумэнт на карысьць таго, каб паехаць у Турцыю. Не сакрэт, што і самі расейцы нярэдка, выбіраючы пуцёўку, арыентуюцца на гатэлі «без расейцаў». Цяпер беларускія апэратары цалкам адказна кажуць кліентам: «вы хацелі без расейцаў — на здароўе, вы хацелі даступную Турцыю — на здароўе». Да таго ж туркі шмат зрабілі, каб беларусы ехалі да іх. Варта толькі ўзгадаць білборды «Турцыя — дом, дзе вас чакаюць», іншую рэкляму. Усімі сваімі дзеяньнямі яны казалі, што чакаюць нас. А гэта заўсёды прыемна — ехаць туды, дзе нас чакаюць. Таму цалкам можна сказаць, што ў Беларусі напрамак карыстаецца папулярнасьцю.
— Як на сытуацыю паўплывае тэракт у стамбульскім аэрапорце, у выніку якога загінула больш за 30 чалавек?
— Турыст і так моцна напалоханы. І тым, што грошай няма, а апошнія трэба аддаць на адпачынак, і тэрактамі, якія падчас здараюцца. Іншая справа, што пакуль тэракты былі не на курортах. Цяпер таксама не на курорце, цяпер Стамбул. Але праблема ў тым, што гэта здарылася акурат у разгар сэзону. Таму я мяркую, што на некаторы час, гэты тэракт значна паўплывае на інтэнсіўнасьць паездак у Турцыю. Шкада, таму што гэты напрамак ледзь-ледзь разварушыўся, і вось такое няшчасьце... Нельга сказаць, што плынь спыніцца, але людзі пачнуць больш думаць, больш званкоў у турфірмы будзе, будзе больш перасьцярогі.
— Пуцёўкі людзі набываюць усё ж загадзя. Што будзе зь людзьмі, якім сёньня-заўтра вылятаць?
— Так, пуцёўкі набываюцца з пэўнай глыбінёй, сёньня людзі плянуюць адпачынак на жнівень-верасень. Разам з тым, гэта бязьвізавы напрамак, таму тут магчымы варыянт, калі набываюць тур і едуць празь некалькі дзён. Я ня думаю, што нехта будзе адмаўляцца ад ужо набытага туру з-за тэракту ў стамбульскім аэрапорце. Але той, хто яшчэ ў працэсе выбару, больш разважліва будзе думаць.
— Ці турфірмы абавязаныя вярнуць грошы турыстам, якія праз тэракт перадумалі ляцець у Турцыю?
— Усё вызначае дамова паміж кліентам і фірмай-апэратарам — там пазначаныя тэрміны, калі можна адмовіцца і якія санкцыі гэта цягне. Калі дзяржава не аб’яўляе форс-мажор — а тут гэтага дакладна ня будзе, бо наша Міністэрства замежных спраў не выступае з заявай, у якой ня раіць ляцець — турфірмы не абавязаныя ў абавязковым парадку вярнуць грошы турыстам.
— Ці шмат расейцаў лятуць у Турцыю празь Беларусь?
— Нельга сказаць, што гэта масава, але так, лятуць. Яны троху баяцца, афіцыйна ім нельга. Калі казаць пра чыноўнікаў любых узроўняў, то ім дакладна забаронена і яны ня едуць, бо гэта рызыка. Але расейскі бізнэс ляціць. Часткова расейцы лятуць рэгулярнымі рэйсамі «Turkish airlines» з Масквы, а ўжо наземны сэрвіс замаўляюць у беларускіх фірмах. Іншыя варыянт — ехаць у Менск, забраніраваўшы тут поўны пакет турыстычных паслуг і ляцець адсюль. Але ясна, што большая частка расейцаў аказалася законапаслухмянай і ўнікае забароненых напрамкаў. Таму расейцы ў Турцыі — гэта хутчэй выключэньне. Гэта тыя, хто не баіцца, нягледзячы ні на што ляціць на свой любімы напрамак. А Турцыю расейцы заўсёды любілі, менавіта для іх было прыдумана «all inclusive», і нідзе альтэрнатывы яны знайсьці ня могуць — ні ў Сочы, ні ў Крыме, ні ў Эўропе.