Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазбавіць натхненьня


Флэшмоб «Разьдзявайцеся й работайце»
Флэшмоб «Разьдзявайцеся й работайце»

Пасьля чарговага пэрлу Лукашэнкі: разьдзявайцеся й работайце, – сеціва поўніцца фоткамі разьдзетых работнікаў.

Падобна лік выкладзеных фотак ідзе на тысячы. Адзначаюцца ўсе: токары й пекары, мастакі й журналісты, музыкі й праваабаронцы.

Ясна, лета цёплае, сонца яркае, неба чыстае. Хочацца стварыць сабе настрой.

Народны сход зь яго правінцыйнай нікчэмнасьцю на кожным дзяржаўным тэлеканале – вадэвіль яшчэ той, парагатаць зь яго адно задавальненьне. Такая рэакцыя прасунутай часткі грамадзтва на чарговую камэдыю абсурду. Але трэба зазначыць, што рэакцыі гэтыя штогод робяцца ўсё менш адважнымі й крэатыўнымі.

Рэжысэр калхознага абсурду загнаў усіх творцаў у куток інтэрнэтных фіг у кішэні. Вядома, можна сьцебануцца ў сеціве, патрымаць тыя фігі ў прасторных кішэнях, але гэта мала што мяняе й мала на што ўплывае. Так, пасьмяяліся й даволі. Але насамрэч такі сьмех з аскомай, бо ў глыбіні душы кожны ведае кошт гэтаму інтэрнэтнаму флэшмобу.

Нават акцыі маўклівых воплескаў былі нашмат больш важкімі ў сэнсе грамадзянскай рэакцыі на існы абсурд, таму й рэакцыя на іх правядзеньне была значна больш жорсткай.

Карацей, на маю думку, пэрфомансу не атрымалася, захапляцца асабліва няма чым.

Калісьці Алесь Пушкін прыкаціў тачку з гноем да будынку прэзыдэнцыі, анархісты рабілі дзёрзкія акцыі каля будынкаў тэлебачаньня. Сёньня творчага імпэту паменела.

Усе творцы й нятворцы далі нырца ў сеціва, ніхто па-сапраўднаму не адказаў абсурдам на абсурд, не разьдзеўся й не прыйшоў з рыдлёўкай, кайлом ці якім іншым рыштункам да таго ж будынку прэзыдэнцыі, БТ ці на Цэнтральны пляц.

Мне здаецца, што асноўная прычына якраз у адсутнасьці творчай энэргіі.

Галоўная мэта кіраўніцтва – пазбавіць народ у цэлым і творцаў у прыватнасьці натхненьня на творчасьць. Любую творчасьць: скандальную, спрэчную, небясьпечную. Высмактаць з нас усё творчае паветра, якім дыхае вольны чалавек. Загнаць у рэзэрвацыю ці паралельную рэальнасьць. Падобна на тое, што атрымліваецца.

Створаны такі тэатар Карабаса Барабаса, дзе галоўны актор сам Карабас Барабас і адвечна няшчасныя П’еро ў масоўцы. П’еро ціха й сумна ўсьміхаюцца са стужкі фэйсбуку.

Як бы хто ні ставіўся да правакацыйных акцый расейскай Арт-групы «Вайна» ці скандальнага выступу «Пусі Раёт» у храме Хрыста Збаўцы, але гэта былі маштабныя й крэатыўныя ўчынкі, якія наўпрост уплывалі на бягучыя падзеі. Мы забыліся, калі што-небудзь настолькі скандальна-творчае бачылі на сцэнах нашае сталіцы. Хіба што акцыі футбольных фанаў на стадыёнах Барысава й Львова.

Словам, ніякі здушаны сьцёб у сацыяльных сетках не заменіць жывога здаровага сьмеху на вольнай прасторы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG