Праграму атрыманьня вышэйшай адукацыі імя Кастуся Каліноўскага для беларусаў у Польшчы трансфармавалі ў праграму стажыровак, паведаміла старшыня камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей. Паводле яе, з новага навучальнага году пачнецца рэалізацыя Стыпэндыяльнай праграмы ўраду Рэспублікі Польшча імя Кастуся Каліноўскага — II.
Новая праграма разьлічаная на грамадзян Беларусі з магістарскай ступеньню ў галіне гуманітарных, сацыяльных навук, эканомікі і права і зьяўляецца працягам і разьвіцьцём стыпэндыяльнай праграмы імя Кастуся Каліноўскага, заснаванай 30 сакавіка 2006.
Кулей зазначыла, што «ўдзельнічаць у праграме могуць людзі, якія ў стане прадэманстраваць навуковыя дасягненьні і актыўнасьць у сацыяльных, грамадзкіх арганізацыях, зьвязаных з трансфармацыяй грамадзтва — палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай». Узрост кандыдатаў (акрамя выключных выпадкаў) — да 39 гадоў.
Кулей падкрэсьліла, што гаворка ідзе пра магчымасьць індывідуальных акадэмічных стажыровак на аснове праектаў, прадстаўленых у рамках заяўкі кандыдатаў.
Кожны з адабраных кандыдатаў зможа атрымліваць стыпэндыю на працягу 10 месяцаў (зь верасьня па канец чэрвеня). Памер стыпэндыі — 2.400 злотых (прыкладна 608 даляраў) штомесяц. У гэтую суму ўключанае пражываньне, харчаваньне і страхаваньне.
Польскі ўрад лічыць, што колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі зьменшылася, таму для таго, каб стаць удзельнікам праграмы Каліноўскага-II, неабавязкова быць рэпрэсаваным.
Польскі ўрад лічыць, што колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі зьменшылася, таму для таго, каб стаць удзельнікам праграмы Каліноўскага-II, неабавязкова быць рэпрэсаваным, сказала Кулей.
Назваць колькасьць удзельнікаў новай праграмы яна не змагла. Гэта будзе залежаць ад актыўнасьці прэтэндэнтаў. Штогод па праграме Каліноўскага-I студэнтамі польскіх ВНУ рабіліся каля 50 чалавек.
Кулей зазначыла, што ў Беларусі ня будзе ажыцьцяўляцца набор на праграму Каліноўскага-I, аднак студэнты, якія навучаліся ў Польшчы на падрыхтоўчым аддзяленьні, працягваюць навучаньне на першым курсе, як і ўсе студэнты, якія ўжо навучаюцца па праграме ў польскіх ВНУ.
Кулей дадала, што камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» валодае інфармацыяй аб дзевяці студэнтах, якіх адлічылі зь беларускіх ВНУ за палітычную актыўнасьць, у прыватнасьці, за ўдзел у акцыі «Марш студэнтаў» 2 сьнежня 2015 году. У індывідуальным парадку вырашаецца пытаньне аб магчымасьці для іх працягнуць навучаньне ў Польшчы, сказала Кулей.
Праграма Каліноўскага для беларускіх студэнтаў была заснаваная 30 сакавіка 2006 году ў Варшаўскім унівэрсытэце прэм’ер-міністрам Польшчы і рэктарамі вышэйшых навучальных устаноў гэтай краіны. Першы набор у польскія ўнівэрсытэты па ёй адбыўся ў ліпені таго ж году. Тады на вучобу было прынята больш за 200 чалавек.
Усяго вышэйшую адукацыю ў польскіх ВНУ па праграме Каліноўскага атрымлівала прыкладна 900 чалавек. Праграма мела на мэце даць магчымасьць закончыць вучобу ў Польшчы тым студэнтам зь Беларусі, якія былі адлічаныя з беларускіх ВНУ, арыштаваныя альбо па палітычных прычынах ня могуць там вучыцца.