Для абмену пустога 5-ці літровага газавага балёну на поўны пэнсіянэрка Ніна адмыслова ўзяла з сабой дачку Ларысу, каб тая дапамагла ў дарозе. Жанчына абураецца пераездам пункту абмену балёнаў у Менску з вуліцы Гурскага.
«Мы сюды дабіраліся больш за гадзіну. Як? Каля станцыі мэтро „Пятроўшчына“ селі на 105 аўтобус, ім даехалі да пераходу на аўтарынак, адтуль ішлі пешшу яшчэ колькі кілямэтраў па дарозе. Ходнікаў тут няма, ішлі па ўзбочыне. Ці гэта нармальна? Мяркую, не. Ня думаюць пра людзей, ня кажучы пра нас, пэнсіянэраў. Калі б не дачка, вось як бы я той балён данесла?!» — распавядае спадарыня Ніна.
Пэнсіянэрка ўсё лета праводзіць на лецішчы, якое знаходзіцца непадалёк ад Кургану Славы. Адтуль сама менш яшчэ двойчы ёй давядзецца выпраўляцца сюды, за кальцавую, каб «заправіцца» газам.
«Калі пункт абмену балёнаў быў на вуліцы Гурскага, таксама было ня вельмі зручна, але цяпер зусім дрэнна», — кажа спадарыня Ніна.
Праблема абмену газавых балёнаў датычная дзясяткаў тысяч менчукоў і жыхароў ускраін сталіцы. З 15 траўня пункт абмену газавых балёнаў ад «Мінаблгазу» пераехаў з Гурскага ў раён вёскі Дварыцкая Слабада.
Гэта вёска належыць Шчомысьліцкаму сельсавету і знаходзіцца за кальцавой аўтадарогай, непадалёк ад аўтарынку «Малінаўка» і гандлёвага цэнтру «Азярцо». Да кальцавой і аўтарынку з гораду можна даехаць некалькімі аўтобусамі і потым ісьці пешшу. Але пункт абмену балёнаў не ў самой вёсцы, а далей, ў зоне стаянак і прадпрыемстваў сэрвісу. Каб даехаць да яго на аўто, першы раз давялося паблукаць, бо з кальцавой няма ніякіх указальнікаў. І толькі ўжо на дарозе да рынку, якая ідзе паралельна да кальцавой, зьяўляецца першы ўказальнік «Мінскае РПУ. Пункт абмену балёнаў». Адтуль далей па ўказальніках яшчэ два павароты, і праз палову кілямэтру — кантора прадпрыемства «Мінскаблгазу» разам з пунктам абмену балёнаў.
Калі ж ісьці пешшу, дык шпацыраваць давядзецца больш за кілямэтар. І не па ходніках, а ўздоўж дарогі, па якой бясконца сноўдаюць аўто, у тым ліку велікагрузныя. Ды ісьці з балёнам, а не з пустой торбай.
Чаму пераехалі з Гурскага?
Галоўны інжынэр «Мінскаблгазу» Алякандар Лысенка распавёў, што ў пункце каля вёскі Дварыцкая Слабада штодня мяняюць каля 200 самых хадавых 5-ці літровых балёнаў. Большасьць кліентаў прыяжджае для абмену на ўласных аўто, яле хапае і такіх, хто дабіраецца пешшу.
Чаму пераехалі з вуліцы Гурскага сюды, спадар Лысенка патлумачыў гэтак.
«Нам давялося зьехаць, бо быў указ прэзыдэнта, пастанова Савету міністраў аб вывадзе на межы гораду, і таму давялося нашу старую базу пакінуць ды пераехаць цалкам на новае месца. Што, нязручна для кліентаў? Не зусім, але ёсьць жа яшчэ пункты „Мінгазу“ ў горадзе, там таксама можна абмяняць балёны», — распавёў Аляксандр Лысенка.
Гарадзкія пункты: мяняюць не ўсе балёны
Сапраўды, ў аб’яве каля пункту абмену і ў інтэрнэце можна знайсьці адрасы яшчэ 7 пунктаў абмену газавых балёнаў, якія знаходзяцца ў Менску і Менскім раёне. Зь іх 3 пункты ў рысе гораду: на вуліцах Матусевіча, Ўбарэвіча і Напалеона Орды. Усе — на запраўках аўтамабіляў газам. Ці можна там без праблем абмяняць 5-літровыя балёны?
«У пятніцу пасьля абеду можаце і не абмяняць», — агарошыў працаўнік пункту на запраўцы па вуліцы Напалеона Орды, 10. Аказваецца, сюды прывозяць абмежаваную колькасьць балёнаў, бо ёсьць ліміт з-за правілаў пажарнай бясьпекі.
«У нас можна трымаць толькі сто балёнаў, а людзей ідзе шмат. І хаця давозяць балёны, але часта бывае, што не хапае», — паведаміў супрацоўнік.
Пра яшчэ адну праблему распавёў мужчына, які прынёс на абмен новенькі 12-літровы балён.
«Тут балёны іржавыя, шкада мяняць на мой новы. Таму ня буду, паеду ў Дварыцкую Слабаду. Як, кажаце, туды дабрацца?»
Асартымэнт балёнаў мяняецца з-за цэнаў на газ
Паводле адмыслоўцаў, год таму ў Менску на вуліцы Гурскага абменьвалі да васьмісот 5-ці літровых балёнаў і па некалькі дзесяткаў — па 12, 27 ды 50 літраў. Але цяпер на руках людзей усё больш 12-літровых балёнаў, якіх на пунктах у горадзе не абменьваюць. Карыстальнікам гэтых балёнаў дакладна лепш ехаць па абмен ў Дварыцкую Слабаду. Таксама часьцей людзі сталі карыстацца 27-літровымі балёнамі. Гэтыя балёны ў межах гораду мяняюць без праблем. А вось 50-літровых насельніцтва стала пазбаўляцца, бо атрымалася, што газ у іх стаў даражэйшы, паведамілі на Рудзенскай газанапаўняльнай станцыі, адкуль вязуць балёны ў Менск. Прычыну, зь якой газ у вялікіх балёнах аказаўся даражэйшы, не паведамілі.
Улады, вырашаючы пра пераезд «Мінскаблгазу» з вуліцы Гурскага за кальцавую, у тым ліку спасылаліся на меркаваньні пажарнай бясьпекі. Што такі аб’ект небясьпечны для гораду, тым больш побач будуць будаваць шматпавярховыя дамы. А «Мінскаблгазу» абяцалі, што ад пераезду атрымае грашовыя выгады.
Дык ці спраўдзіліся абяцаньні? Аляксандар Лысенка кажа, што выгады ад пераезду пакуль засталіся ў плянах.
— Не, якая выгода? Мусілі пабудаваць новую базу з нуля на свае грошы. Першапачаткова плянавалі, што за зямлю пад старой базай заплаціць інвэстар, але цяпер аказалася, што за зямлю нічога не атрымаем. Рашэньне гарадзкіх уладаў«, — паведаміў галоўны інжынэр «Мінскаблгазу» Аляксандар Лысенка.
Раней заяўлялася, што на пляцоўцы «Мінскаблгазу» на вуліцы Гурскага будуць пабудаваны жылыя дамы, але гэтыя пляны аказаліся замарожанымі. Паводле зьвестак, гарадзкія ўлады аддалі зямлю «Мінскаблгазу» прадпрыемству «Мінскбуд» у якасьць кампэнсацыі за землі, якія раней у іх забралі. Але ў «Мінскбуду» пакуль не ўдалося знайсьці сродкі на новае будаўніцтва, і пляны згарнулі.