У Беларусі павялічваецца захворваньне на рак сярод дзяцей, паведаміла на IX зьезьдзе анколягаў і радыёлягаў краін СНД і Эўразіі 15 чэрвеня галоўны дзіцячы анколяг Міністэрства аховы здароўя, дырэктар РНПЦ дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі Вольга Алейнікава.
Як перадае яе словы БелаПАН, лік дзяцей, якія захварэлі нанова, складае каля 1% ад дарослых (штогод на рак захворвае каля 50 тысяч дарослых).
Цяпер захворваньне на злаякасныя новаўтварэньні сярод дзяцей да 17 гадоў набліжаецца да 20 выпадкаў на 100 тысяч дзіцячага насельніцтва, у той час як у 2005 годзе – менш за 15 выпадкаў.
«Мы маем уздым захворваньня на злаякасныя новаўтварэньні сярод дзяцей. Гэта самая балючая галіна ў нашай мэдыцыне. Любая сьмерць дзіцяці, зь любых прычын, уключаючы анкалягічныя захворваньні, ненатуральная. На шчасьце, вынікі лячэньня дзіцячых анкалягічных захворваньняў пераўзыходзяць паказчыкі ў дарослых», – сказала Алейнікава.
Яна падкрэсьліла, што сьмяротнасьць ад новаўтварэньняў сярод дзяцей зьніжаецца. Калі ў 1989 годзе яна складала каля 10 на 100 тысяч, у 2005-м – каля трох, то ў 2015-м – 2,5.
Часьцей за ўсё сярод пухлін у дзяцей дыягнастуюць лейкоз, лімфомы і пухліны цэнтральнай нэрвовай сыстэмы.