Цыганкоў: Нацыянальная праграма падтрымкі і разьвіцьця экспарту на 2016-2020 гады павінна стаць дзейсным інструмэнтам у новых эканамічных умовах, заявіў сёння прэм’ер-міністар Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэньні прэзыдыюму Савету міністраў, на якім разглядаліся вынікі працы па нарошчваньня і дывэрсыфікацыі экспарту і праект Нацыянальнай праграмы падтрымкі і разьвіцьця экспарту Беларусі на 2016-2020 гады.
У сакавіку 2016 году беларускі экспарт тавараў і паслуг упаў на 15,8% да сакавіка мінулага году — да 2,326 млрд. даляраў. За квартал зьніжэньне экспарту склала 16,7%, за межамі краіны прададзена тавараў і паслуг на 6,341 млрд. даляраў.
«Экспарт зьяўляецца прыярытэтам дзяржаўнага маштабу, менавіта таму Нацыянальная праграма разьвіцьця экспарту, заснаваная на вопыце рэалізацыі папярэдніх праграм, сусьветных напрацоўках па падтрымцы экспарту і, самае галоўнае, прапановах рэальнага сэктара, рэгіёнаў і бізнэс-асацыяцыяў, павінна стаць дзейсным інструмэнтам у новых эканамічных умовах», — адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле Кабякова, агульны тэмп росту экспарту тавараў і паслугаў паводле прагнозу на 2016 год павінен скласьці 103,5%, за першы квартал — 101,1%. Няма прычынаў меркаваць, што сытуацыя кардынальна зьмянілася за тыя месяцы, якія прайшлі пасьля першага кварталу. Занадта аптымістычна на думку экспэртаў, якія пачалі камэнтаваць Андрэя Кабякова, гучыць прагноз кіраўніка ўраду.
Незразумела, адкуль пры такім падзеньні за першыя месцы можа ўзяцца рост па выніках году.
Мне здаецца, што як часта гэта бывае з плянамі беларускага эканамічнага кіраўніцтва — яны ня вельмі рэалістычныя. Незразумела, адкуль пры такім падзеньні за першыя месцы можа ўзяцца рост па выніках году.
У гэтым ёсьць трывалая традыцыя беларускіх уладаў — пры плянаваньні праектаў на год браць занадта аптымістычныя лічбы. Але, як паказваюць апошнія 2-3 гады, дакладна можна казаць, што яны не спраўджваліся. Празь некалькі месяцаў урад быў вымушаны пераглядаць і лічбы курсу, і бюджэту, і тое самае па лічбах росту альбо падзеньня.
Дарэчы, Кабякоў і адзначыў, што ў колькасным вымярэньні мы пастаўляем на экспарт больш, чым у мінулым годзе. Так, індэкс росту фізычнага аб’ёму экспарту за чатыры месяцы 2016 году да аналягічнага пэрыяду 2015 году склаў 102,2%. То бок, прадаюць больш, але атрымліваюць грошай за гэта менш.
І галоўны «праціўнік» росту экспарту — гэта курс уладаў на макраэканамічную стабілізацыю. Улады даволі цьвёрда трымаюць і курс рубля, і інфляцыю (у параўнаньні, вядома, з ранейшымі гадамі). Раней праблемы экспартэраў вырашаліся дэвальвацыяй. Але, як выглядае, цяпер улады вырашылі, што пасьля шматлікіх дэвальвацыяў трэба трымаць беларускі рубель — таму экспартэрам давядзецца жыць у гэтай рэальнасьці. Але, відавочна, што радыкальнаму росту экспарту гэта не спрыяе.
Глод: Віталь Цыганкоў агучыў дадзеныя беларускага экспарту за першы квартал. А як раз учора стала вядома, што ад пачатку году беларускі экспарт скараціўся амаль на 20%, дакладна на 18,4%. Пра гэта сьведчаць афіцыйныя дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту. Гэта яшчэ горш, чым было ў першым квартале.
Асноўны спад прыпадае на прамысловыя прадпрыемствы, чыя вытворчасьць звычайна накіроўваецца ў Расею. Гэта найперш — трактары, грузавыя аўтамабілі, сельскагаспадарчая тэхніка і г. д. Гэты працэс аб’ектыўны, бо ён зьвязаны з падзеньнем попыту на замежныя тавары ў Расеі. Працэс цягнецца ўжо больш за паўтара года. Тое, што будзе менавіта так, прагназавалі многія спэцыялісты. І канца гэтаму працэсу пакуль не відаць. Ён спыніцца, на думку экспэртаў, толькі пасьля таго, як ажыве эканоміка Расейскай Фэдэрацыі. Але калі сыходзіць з прагнозаў на ўзнаўленьне расейскай эканомікі і цэнаў на энэрганосьбіты, то ў бліжэйшай пэрспэктыве ў нас станоўчых зрухаў не чакаецца.
Таксама істотна зьнізіліся пастаўкі беларускай прадукцыі ва Ўкраіну. І гэта таксама зразумела — паўднёвая суседка вымушаная траціць шмат сродкаў на вайсковыя справы. Улады гэта бачаць. І таму правал у зьнешнегандлёвай дзейнасьці тлумачаць выключна зьніжэньнем паставак беларускай прадукцыі ў Расею і ва Ўкраіну.
Гэта паказвае бездапаможнасьць самой улады.
Але ж гэта, на мой погляд, паказвае бездапаможнасьць самой улады. Экспарт як прыярытэт беларускай эканомікі быў афіцыйна аб’яўлены той жа ўладай яшчэ 12 гадоў таму. Яшчэ тады казалі пра неабходнасьць мадэрнізацыі вытворчасьці і замену абсталяваньня. Аднак у прадпрыемстваў на гэта не хапала сродкаў. А замежныя інвэстары, як тады, так і цяпер, не сьпяшаюцца ў Беларусь.
Адсутнасьць прыватызацыі і лібэралізацыі ўмоў гаспадараньня, неспрыяльнае інвэстыцыйнае поле зьяўляюцца фактарамі, якія пагаршаюць цэнавую канкурэнтаздольнасьць беларускіх вытворцаў.
Лукашэнка часта наракае на тое, што цэнавыя паказьнікі беларускага экспарту падаюць. Гэта значыць, прадаючы тую ж колькасьць тавараў, мы атрымліваем ўсё менш і менш валютнай выручкі. З чаго кіраўнік дзяржавы робіць выснову — топ-мэнэджмэнт беларускіх прадпрыемстваў-экспартэраў не ўмее гандляваць. Вось і ў мінулы панядзелак, прызначаючы новых амбасадараў, Лукашэнка вучыў іх: пхніце экспарт! Але ж як яго пхнуць ды штурхаць, калі якасьць беларускіх тавараў невысокая? Калі вытворчасьць не мадэрнізаваць, то прадукцыя састаравае і прадаць яе без істотных зьніжак вельмі цяжка. Вось і тлумачэньне ўчорашнім словам Кабякова: маўляў фактычна прадаём болей, а выручка ўсё меншая.
Я думаю, што і Кабякоў цудоўна разумее сапраўдныя прычыны спаду беларускага экспарту. Аднак, калі грошай на мадэрнізацыю ягоны ўрад даць ня можа, прэм’еру застаецца адно — заклікі. Але ж словамі справы не выправіш.
Дракахруст: На што могуць разьлічваць беларускія ўлады? Пра адну з магчымасьцяў Кабякоў казаў на нарадзе. Цяпер з Ірану зьнялі санкцыі, ён бурліва разьвівае свой гандаль, і вось спакусьлівы рынак, на які можна было б хаця б паспрабаваць патрапіць, балазе сувязі з Іранам усё ж такі ёсьць.
У асноўным усе праблемы зьвязаныя з расейскім рынкам.
Але ў асноўным усе праблемы зьвязаныя з расейскім рынкам, асабліва моцнае падзеньне менавіта там. Рэжым санкцыяў ЭЗ, контрасанкцыяў Расеі стварае пэўнае спрыяльнае поле для беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі. І для транзытнай таксама — нават Пуцін, калі нядаўна ў Менск прыяжджаў, скардзіўся на тое, што Беларусь «пхае» у Расею гэтую падсанкцыйную прадукцыю.
Але контрасанкцыі ня ўчора ўвялі, і відаць што можна было скарыстаць з гэтага рынку, з гэтай «дзіркі», якая ўтварылася — збольшага і скарысталі. Ёсьць яшчэ варыянт Турэччыны, якая ў гандлёвай вайне з Расеяй, ёсьць варыянт замясьціць прадукцыю украінскага ВПК, якая пастаўлялася на расейскі рынак. Але гэта ўсё падзеі ня ўчорашняга дня — можна меркаваць, што як можна было гэта скарыстаць, ужо скарысталі.
Пры гэтым існуе і нямала нэгатыўных момантаў. Адзін — пра што днямі казаў Лукашэнка, што Расея і Казахстан ствараюць уласныя вытворчасьці, якія альтэрнатыўныя тым, што ёсьць у Беларусі, і пагаршаюць умовы для беларускага экспарту. Найбольш гучны прыклад такога кшталту — распараджэньне прэм’ера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева не купляць прадукцыю Менскага заводу колавых цягачоў.
Другі — адносна жорсткая грашовая палітыка беларускіх уладаў, пра што казаў Віталь. Тут трэба прыгадаць адзін вельмі важны момант, які сьведчыць пра тое, што прынамсі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве ўлады ад гэтай грашовай палітыкі не адмовяцца. Гэта дэнамінацыя. Калі ты ўводзіш новыя грошы і ў хуткім часе ў цябе абвальваецца курс і ўзьлятаюць цэны — гэта вельмі непрыгожа. Тая краіна, якая так робіць, выглядае дурнаватай, таму калі ўсё ж праводзяць дэнамінацыю, то звычайна прынамсі пэўны час трымаюць курс, а гэта кепска для экспарту.