У Гомелі 8 чэрвеня пабраліся шлюбам валянтэр, які працуе з пацярпелымі ўкраінцамі, — Андрэй Стрыжак і пісьменьніца Яўгіньня Парашчанка, вядомая чытачам пад псэўданімам Югася Каляда.
Цяпер пара зьбірае грошы на «вясельнае падарожжа» ў зону АТА.
«Нас зьвязала місія гуманітарнай дапамогі Ўкраіне, ёй мы абавязаныя сваім сямейным шчасьцем. Час аддаваць даўгі — мы абвяшчаем збор сродкаў на наша „вясельнае падарожжа“ ў зону АТА. У нас ёсьць 200 эўра на мэдыкамэнты для валянтэрскага шпіталя ў Новаайдары, трэба яшчэ ня менш за 300 эўра на транспарціроўку для дастаўкі сабранай у Беларусі гуманітаркі і закупку прадуктаў для ўцекачоў», — напісалі маладыя ў Фэйсбуку, заклікаўшы тых, хто захоча іх павіншаваць, каб ахвяравалі на дапамогу пацярпелым украінцам.
У інтэрвію Свабодзе Андрэй Стрыжак сказаў, што пазнаёміўся зь Яўгіньняй яшчэ 15 год таму, але каханьне пачалося толькі на пачатку 2015 году, калі яна прынесла сродкі на набыцьцё аўтамабіля «Ратаўніца», які дагэтуль працуе ў складзе першага добраахвотнага мабільнага шпіталя імя Міколы Пірагова ў Данецкай вобласьці Ўкраіны. Пасьля гэтага Яўгіньня актыўна занялася валянтэрствам, зьбірала ў Менску грошы і рэчы, якія пасьля адпраўляліся ў пацярпелыя раёны Ўкраіны.
«Трэцюю машыну, якую мы купілі на ахвяраваньні ў кастрычніку 2015 году, мы ўжо дастаўлялі ў зону АТА разам зь Яўгіньняй. Там здарылася цікавая гісторыя. Адразу, як толькі машына прыехала, нас на ёй выправілі на заданьне — трэба было эвакуаваць толькі што народжанае неданошанае дзіця і яго маму з Арцёмаўску ў Краматорск. Жэня паехала са мной, і так атрымалася, што дзіця не хацела ляжаць на руках доктара, але адразу супакоілася і заснула, калі яго ўзяла мая будучая жонка. Гэта было кранальна і сымбалічна для мяне. Увогуле, я лічу, што наша сям’я — гэта асабісты вынік гуманітарнага маршруту», — кажа Андрэй Стрыжак.
Для абаіх гэта другі шлюб. У Андрэя ёсьць сын, які паводле дамовы будзе жыць палову часу з татам і палову — з мамай.
Сьціплае вясельле Стрыжакоў адбылося ў Гомелі. Прысутнічалі толькі самыя блізкія сваякі з боку жонкі. Андрэевы бацькі жывуць у іншым горадзе і не змаглі прыехаць на рэгістрацыю. Андрэй кажа, што яны зь Яўгіньняй не хацелі дарагой урачыстасьці:
«Усё было вельмі сьціпленька. Адна з прычынаў, чаму менавіта так, — тое, што ў час, калі ў нашых суседзяў ідзе вайна, дый у нас незразумела што адбываецца, выдаткоўваць грошы на пампэзныя мерапрыемствы ня вельмі разумна. Гэтыя грошы могуць спатрэбіцца на іншыя рэчы. Да таго ж і для мяне, і для Жэні гэта другі шлюб, таму асаблівага жаданьня мець прыгожа аздобленае вясельле не было».
Цяпер пара зьбірае сродкі на «рамантычнае падарожжа» ў зону АТА, куды трэба даставіць чарговую партыю гуманітарнай дапамогі:
«Насамрэч гэта не рамантычнае, а вельмі прагматычнае падарожжа, — кажа Андрэй Стрыжак. — У нас ёсьць сабраныя ў Менску і ў Чарнігаве грузы, якія трэба даставіць у зону АТА. У нас два адрасаты — дабрачынная арганізацыя „Пліч-о-пліч“, якая працуе ў Арцёмаўску і апякуецца сем’ямі ўцекачоў і загінулых байцоў АТА, а таксама Першы добраахвотны мабільны шпіталь імя Міколы Пірагова — гэта наш даўні партнэр. У гуманітарнай дапамозе — мэдыкамэнты, адзеньне, цацкі, бытавыя рэчы, посуд».
Груз трэба транспартаваць, на гэта і абвешчаны збор сродкаў. Андрэй кажа, што транспарт ад Менску да Чарнігава ўжо знойдзены, цяпер трэба вырашыць, якім чынам адвезьці дапамогу ў зону АТА. Таксама валянтэры мяркуюць дакупіць мэдыкамэнтаў ужо ва Ўкраіне.
Андрэй Стрыжак патлумачыў, якая цяпер сытуацыя ў зоне АТА і ў чым маюць патрэбу мясцовыя жыхары:
«Першая фаза працы нашага гуманітарнага маршруту заключалася ў тым, што мы масава дастаўлялі тоны гуманітарнай дапамогі ў Чарнігаў, дзе яна разьмяркоўвалася сярод тых, хто зьвяртаўся па дапамогу. Цяпер такой магутнай плыні ўцекачоў зь некантраляваных тэрыторыяў Украіны ў Чарнігаў няма. Таму ў Чарнігаве мы пераходзім на адрасную дапамогу — бо ведаем патрэбы мясцовых. Але на лініі фронту захоўваецца моцная патрэба ў гуманітарнай дапамозе — там бываюць абстрэлы і людзі вымушаныя пакідаць сваё жытло. Таму трэба ехаць у Арцёмаўск і там з дапамогай нашых партнэраў-валянтэраў разьмяркоўваць дапамогу».
Адказваючы на пытаньне пра сакрэт сямейнага шчасьця, валянтэр кажа, што творчая дзейнасьць жонкі-пісьменьніцы, якая працуе рэдактарам аднаго з інфармацыйных парталаў, ніякім чынам не перашкаджае грамадзкай актыўнасьці Андрэя і што любіць трэба самога чалавека найперш, а толькі пасьля — яго дзейнасьць:
«Увогуле, я таксама даволі творчы чалавек, а Жэня — вельмі актыўна далучылася да гуманітарнай дзейнасьці. Але калі казаць пра тое, што нас аб’ядноўвае... Я лічу, што любую нармальную сям’ю аб’ядноўваюць супольныя заняткі фэмінізмам. Бо трэба ўмець разьмяркоўваць абавязкі і факусаваць сваю ўвагу на чалавеку, а не на тым, чым ён займаецца. Прынцып роўнасьці і прынцып роўных абавязкаў дапамагае знайсьці балянс у сям’і паміж творчымі і прагматычнымі абавязкамі. У нас канфліктаў не ўзьнікае. Так што магу адказна параіць усім займацца фэмінізмам — і будзе вам шчасьце».