Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародная арганізацыя працы заклікала Беларусь пазбавіцца ад прымусовай працы


Камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы заклікаў, каб беларускія ўлады прывялі заканадаўства ў адпаведнасьць з канвэнцыяй № 29 МАП, якая забараняе прымусовую працу.

Такое заключэньне прыняў камітэт пасьля разгляду беларускага пытаньня на 105-й сэсіі Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэнэве, паведамляе БелаПАН.

Падставай для гэтага сталі шэраг палажэньняў дэкрэтаў прэзыдэнта і законаў.

Сёлета прадстаўнікі беларускіх уладаў упершыню адказвалі на прэтэнзіі МАП адносна выкананьня канвэнцыі, якая не дапускае прымусовай працы. Афіцыйная дэлегацыя Беларусі прадставіла камітэту адмысловы даклад, у якім аспрэчыла абвінавачваньні.

Камітэт па нормах і стандартах «зь цікавасьцю адзначыў» інфармацыю пра адмену дэкрэту № 9 «Аб дадатковых мерах па разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці». Але «глыбока заклапочаны» тым, што дзейнічаюць іншыя заканадаўчыя акты, якія могуць быць выкарыстаны, каб змушаць людзей да працы.

Камітэт настойліва заклікаў урад Беларусі прыняць усе меры, каб прадухіліць працоўны прымус грамадзянаў. Таксама заклікаў устрымацца ад прыняцьця законаў, якія могуць быць расцэненыя як сродак прымусу да працы.

МАП таксама заклікала беларускія ўлады прыцягваць да адказнасьці і прымяняць грамадзянскія ды крымінальныя санкцыі да тых, хто адказвае за прымус да працы.

«У сьвятле гэтых сурʼёзных пытаньняў камітэт настойліва заклікае ўрад канструктыўна ўзаемадзейнічаць з МАП на самым высокім узроўні, каб вырашыць гэтыя праблемы да наступнага пасяджэньня камітэту», — адзначае Камітэт па нормах і стандартах МАП.

На пасяджэньні Камітэту па нормах падчас Міжнароднай канфэрэнцыі працы ў Жэнэве разглядалася пытаньне аб прымяненьні прымусовай працы ў Туркмэністане і ў Беларусі.

«Я думаю, што па-свойму сымбалічна, што ўсё часьцей зводзіць лёс разам Беларусь і Туркмэністан. Падчас нядаўняга візыту ў Беларусь туркмэнбашы Лукашэнка заявіў, што „нам ёсьць шмат чаму павучыцца ў Туркмэніі, і многае з туркмэнскага вопыту Беларусь лічыць узорам для сябе“. Нязьменны беларускі прэзыдэнт, верагодна, меў на ўвазе, у тым ліку, і ўзорнае пазбаўленьне грамадзян Турмэністану элемэнтарных чалавечых правоў, у тым ліку праз практыку прымяненьня ўзорнай прымусовай працы», — напісаў Аляксандар Ярашук у фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG