Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя хоча ўдзельнічаць у эканамічных перамовах уладаў з Эўразьвязам


Анатоль Лябедзька, архіўнае фота
Анатоль Лябедзька, архіўнае фота

Дэлегацыя Эўрапейскага Зьвязу на чале з Томасам Майр-Гартынгам, кіраўнічым дырэктарам па пытаньнях Эўропы і Цэнтральнай Азіі ў Эўрапейскай службе зьнешняга дзеяньня, знаходзіцца з двухдзённым візытам у Беларусі. 7 чэрвеня яна пакідае Менск.

На зьмену ёй сёньня ў Менск прыляцела іншая дэлегацыя з Брусэлю. Яе ачольвае Гэліядора Тэмпрана-Ароя з Генэральнага дырэктарату Эўрапейскай камісіі па эканамічных і фінансавых пытаньнях.

Калі першая дэлегацыя канцэнтравала сваю ўвагу на пытаньнях правоў чалавека, то другая засяродзіцца на эканоміцы і фінансах. Экспэрты з двух бакоў абмяркуюць «пытаньні макраэканамічнага разьвіцьця і выклікаў, зьвязаных са структурнымі рэформамі, у кантэксьце 5-га Дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю па эканамічных і фінансавых пытаньнях» — гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі.

Сярод суразмоўцаў эўрапейскіх экспэртаў пазначаныя прадстаўнікі міністэрстваў фінансаў і эканомікі, а таксама Нацыянальнага банку.

«Гэта ўжо стала традыцыяй, што калі з Брусэлю прыяжджае палітычная дэлегацыя, то яна звычайна сустракаецца як з экспэртамі ад улады, так і ад апазыцыі — кажа старшыня Абʼяднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. — Так было, напрыклад, учора.

А калі гэта дэлегацыя эканамічная, то звычайна ўсё замыкаецца на ўрадавых структурах. На маю думку, гэта няправільны падыход. У апазыцыі хапае кваліфікаваных аналітыкаў, якія могуць растлумачыць брусэльскім чыноўнікам і эканамічную, і фінансавую сытуацыю ў Беларусі. Напрыклад, той жа экс-старшыня праўленьня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч. А экспэрты АГП маглі б падрабязна распавесьці пра праграму „Мільён новых працоўных месцаў“, зь якой наша партыя пойдзе на выбары ў Палату прадстаўнікоў. Давядзецца зьвязвацца з Брусэлем і казаць пра гэта».

Аднак ці здолеюць беларускія апазыцыянэры пераканаць Брусэль? Пры стварэньні каардынацыйнай групы Беларусь — Эўразьвяз кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын казала ў інтэрвію БелаПАН:

«Ёсьць агульная дамоўленасьць, што грамадзянская супольнасьць будзе прыцягвацца да дыялёгу, калі гэта неабходна і калі на гэта ёсьць згода абодвух бакоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG