«Бачыце, стаіць езуіцкі касьцёл? Ён разбураецца. Грошай на яго рэстаўрацыю няма. А на ўпарадкаваньне парку ля яго сродкі знайшліся», — так у Мсьціславе, дзе нядаўна падчас падрыхтоўкі да Дажынак знайшлі гістарычныя сутарэньні — і адразу засыпалі, ацэньваюць «прыхарошваньне» гораду.
Сёлета Мсьціслаў прыме абласны фэстываль працаўнікоў сяла «Дажынкі-2016». Цэнтральная частка гораду перакапаная. На пляцоўцы перад райвыканкамам, пад самым помнікам Пятру Мсьціслаўцу, — будаўнічая тэхніка. Уявіць, якім стане Мсьціслаў у «Дажынкі», цяжка. Заяўляецца, што ён «пахарашэе».
«Тое, што тут адбываецца, — марнаваньне грошай, — скептычна выказваецца жыхар райцэнтру, аглядаючы разбураную старую цагляную агароджу. — Ладна з гэтай сьцяной, яна завальвалася, і яе цяпер перакладаюць. А што каля райвыканкаму дзеецца? Там жа адшукалі старыя сутарэньні гандлёвых радоў. Нічога лепшага не прыдумалі, як іх закапаць. А Мсьціслаў жа ўвесь стаць на такіх сутарэньнях. Нават, кажуць, падземныя хады вядуць да саміх Пустынак [манастыр Успеньня Прасьвятой Багародзіцы]».
Частку агароджы, пра якую згадвае суразмоўца, пабурылі ў сакавіку. За двухмэтровай цаглянай сьцяной хаваецца помнік архітэктуры — комплекс будынкаў езуіцкага калегіюму. Зьнішчэньне агароджы абласныя ўлады прызналі парушэньнем заканадаўства.
Сутарэньні выпадкова выявілі непадалёк ад райвыканкаму. Паводле мясцовых жыхароў, туды ўваліўся грузавік. Пра існаваньне падземнага Мсьціслава ведалі хіба што старажылы, бо ад 1960-х у сутарэньні гандлёвых радоў забрацца не было як. Цяпер мсьціслаўцы пасьпяшаліся агледзець сутарэньні, пакуль іх не засыпалі.
«Сваім выглядам яны ўражвалі. Цагляныя зводы не выглядалі аварыйнымі, як кажуць цяпер чыноўнікі. Многа было ў сутарэньнях закуткаў. Я пасьпеў пахадзіць па падземным Мсьціславе. Фатаграфаваў яго», — пераказвае свае ўражаньні малады мужчына, паказваючы фатаздымкі з падземным горадам.
Тое, што сутарэньні закапалі, суразмоўцу абурае. «Маглі б знайсьці іншы варыянт, каб захаваць падземныя хады. Цяпер зробяць на іх месцы паркоўку для машын. Во, будзе памяць пра Дажынкі», — кажа мсьціславец.
Мясцовая ўлада лічыць, што раз гандлёвыя рады не пазначаныя ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, то яны і не падпадаюць пад ахову.
Адзін з жыхароў Мсьціслава выказаў меркаваньне, што калі-небудзь пра падземны горад згадаюць і адкапаюць яго. «Адбудзецца гэта, праўда, у іншы цывілізацыйны час», — дадаў ён.
«А вы падумайце, што б з сутарэньнямі тымі магла зрабіць мясцовая ўлада? — запытаўся суразмоўца ў журналіста. — На іх рэстаўрацыю патрэбныя вялізныя грошы. Чыноўнікі ж ня ведаюць, што рабіць з тымі помнікамі, якія на зямлі, а тут яшчэ знайшлі, якія пад зямлёю. Мо будуць багацейшыя „Дажынкі“, і тады дадуць рады засыпаным сутарэньням».
«Бачыце, стаіць езуіцкі касьцёл, — далучаецца да гутаркі яшчэ адзін суразмоўца. — Ён разбураецца. Грошай на яго рэстаўрацыю няма. А ўпарадкаваць парк каля яго сродкі знайшліся».
«Палякі ў савецкі час браліся сьвятыню рэстаўраваць. Чаму кінулі, я ня ведаю, — працягвае мужчына. — А чаму б не аддаць яе вернікам? Яны б знайшлі грошы і адрамантавалі».
«Нічога страшнага, што тут каталікоў жменька. Манахі не такую працу падымалі. Яны б аднавілі сьвятыню. А насупраць стаіць яшчэ адзін помнік. Колісь у ім была школа. Паглядзіце, ува што яна ператвораная. У „Дажынкі“, кажуць, будзе тут прыгожа. А куды пахаваюць помнікі архітэктуры, на рамонт якіх грошай не знайшлося?» — ставіць пытаньне мінак на вуліцы Савецкай.
Рыхтуюць Мсьціслаў да «Дажынак» будаўнічыя арганізацыі з усяе вобласьці. Мясцовых жыхароў гэта раздражняе. «Сваім няма дзе зарабіць, а тут панаехала чужых. Працуюць яны добра і хутка. Тэхніка ў іх добрая. У нас тут такой няма. Але ж усё роўна пра сваіх, мсьціслаўскіх, ня варта было б забываць», — кажа наступны суразмоўца.
«Я раней працаваў з рэстаўратарамі, дык мне крыўдна, што бурыцца тое, што будавалася на стагодзьдзі і даўно. А цяпер што ўзводзяць? Колькі яно прастаіць? Так павялося, што фінансаваньне на рамонт касьцёла выдзялялі ў самую апошнюю чаргу. Але раней былі спонсары. Яны дапамагалі грашыма. А цяпер наагул сродкаў няма. Разбураюцца будынкі. Дзяржаве яны не патрэбныя».
Знайсьці зьвесткі пра бюджэт абласных «Дажынак» не ўдалося. Пытаньне пра гэта задавалі журналісту жыхары райцэнтру. Некаторыя абураліся, што іх змушаюць за ўласныя сродкі мяняць агароджу вакол сваіх дамоў.
«Агароджу паздымалі. Казалі, што будуць рабіць такія платы, каб яны пасавалі да выгляду касьцельнага будынку. Цяпер кажуць, што ў іх грошай няма. Гаспадары дамоў, маўляў, самі стаўце. Як у дзяржавы няма, то адкуль яны ў людзей будуць? Заробкі мізэрныя, пэнсіі таксама», — паскардзіўся жыхар райцэнтру. Ягоны дом непадалёк ад касьцёла.
Да абласных «Дажынак» плянуецца адрамантаваць фасады будынкаў, палепшыць дарожнае палатно. Гістарычны ж цэнтар зьбіраюцца забрукаваць.
Рамантуюць Траецкую царкву. Заяўляецца, што тут будзе праваслаўная нядзельная школка.
Некаторым вуліцам Мсьціслава, абяцаюць чыноўнікі райвыканкаму, будуць вернутыя гістарычныя назвы. Вуліца імя Ўрыцкага стане зноў Пірагоўскай. Першамайская — Кіеўскай.
На замкавай гары таксама будуюць — драўляную вежу. Абяцаюць да «Дажынак» надаць замчышчу выгляд паселішча 12–14 стагодзьдзяў.
На леташнім мсьціслаўскім фэстывалі сярэднявечнай культуры «Рыцарскі фэст» магілёўскі гісторык, сябра Савету Рэспублікі Ігар Марзалюк назваў Мсьціслаў горадам-музэем і заклікаў дамагацца, каб гэты статус быў замацаваны за горадам афіцыйна.
«Вы прыехалі ў горад, які да сёньня завецца горадам-музэем, які мае самабытную ўнікальную гісторыю. Другога такога гораду ў Магілёўскай вобласьці няма. Безь Мсьціслава гісторыя Беларусі ня можа быць прачытаная цалкам. Трэба зрабіць так, каб Мсьціслаў стаў нацыянальным гісторыка-культурным запаведнікам. Ён таго варты», — казаў Ігар Марзалюк.
У той жа час і жыхары Мсьціслава, і мясцовая ўлада разумеюць, што на аднаўленьне старажытнага гораду патрэбныя сродкі, якія ў шмат разоў перавышаюць бюджэт сёлетніх «Дажынак» — невядомы, зрэшты, нікому, апрача адказных службоўцаў. Адзін з чыноўнікаў раней казаў:
«У горадзе шмат помнікаў, і грошай на іх аднаўленьне трэба нямала. Раённыя ўлады што ў іх сілах, тое робяць. Але каб нешта зрабіць маштабнае, дык пакуль пра гэта гаварыць не выпадае. Усе гэтыя працы зьвязаныя з рэстаўрацыяй, а яна — дужа дарагая прыемнасьць».