Карбалевіч: Сярэдні заробак у Беларусі ў красавіку склаў 7 млн рублёў. Гэта 369 даляраў. Дарэчы, у лютым ён складаў толькі 308 даляраў. Бо апошнімі месяцамі рубель адносна даляра ўмацаваўся.
Але 53,5% беларусаў зарабляе менш за 3,5 мільёна рублёў. Гэта дзесьці 170 даляраў. Як людзі выжываюць на такі малы заробак?
Думаю, тут некалькі варыянтаў. Мусіць, ёсьць нейкія даходы, якія не фіксуюцца статыстыкай. Гэта гарод, лецішча, прысядзібны ўчастак, зь якога людзі зьбіраюць ураджай.
Потым — тое, што называецца ценявая ці шэрая эканоміка. Людзі неяк круцяцца, нешта перапрадаюць, працуюць на дзьвюх працах, аказваюць нейкія паслугі. На прылеглай да мяжы тэрыторыі езьдзяць прадаваць-купляць у Літву, Польшчу, Украіну. Значная колькасьць беларусаў працуюць за мяжой, найперш у Расеі, і прывозяць ці дасылаюць грошы дадому, сям’і.
Паводле сацыялягічнага дасьледаваньня, амаль чвэрць апытаных у сытуацыі недахопу сродкаў выкарыстоўвае свае ашчаднасьці. Вось апошнімі месяцамі статыстыка фіксуе, што беларусы больш прадаюць валюту, чым купляюць. За студзень-красавік фізычныя асобы прадалі замежнай валюты на 347 мільёнаў даляраў больш, чым купілі.
То бок — людзі праядаюць старыя запасы. Яны ня хочуць зьніжаць звыклы лад жыцьця, звыклыя стандарты. Бо спадзяюцца, што, як запэўніваюць улады, цяперашнія цяжкасьці — часовыя, хутка дабрабыт вернецца да ранейшага ўзроўню.
Беларусь вяртаецца ў 1990-я гады, калі для значнай часткі людзей была актуальная праблема выжываньня.
Тэарэтычна, жыць за кошт назапашаных раней ашчаднасьцяў беларусы могуць яшчэ доўга. У банках сёньня больш за мільярд даляраў рублёвых укладаў насельніцтва, і яшчэ каля 7,5 мільярда — у замежнай валюце.
Зноў жа, паводле сацыёлягаў, 44% беларусаў зьвяртаюцца да сваякоў, сяброў і знаёмых па дапамогу. Найперш, паводле беларускай традыцыі, бацькі дапамагаюць дзецям, гэта распаўсюджаная практыка.
Увогуле ж Беларусь вяртаецца ў 1990-я гады, калі для значнай часткі людзей была актуальная праблема выжываньня. У тлустыя 2000-я гады Беларусь уступіла ў эпоху спажывецкага грамадзтва. І вось цяпер — вяртаньне назад, што вельмі балюча для людзей.
Але, як вядома, беларусы вельмі добра адаптуюцца да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі. І тое, што спачатку ацэньваецца як дрэнная сытуацыя, праз пэўны час ужо пачынае лічыцца нормай. Як у тым вядомым анэкдоце пра беларуса: «Можа, так і трэба?»
Глод: Валер Карбалевіч паставіў пытаньне: ці ёсьць месячны заробак 3,5 мільёна рублёў паказьнікам жабрацтва? Я адкажу так: як кажуць, усё адносна. З аднаго боку, 3,5 мільёна паводле курсу сёньня — гэта каля 170 даляраў. А што такое 170 даляраў? Для цывілізаваных краін Эўропы — гэта ня грошы, за якія чалавек можа пражыць. Такі нізкі заробак шмат дзе нават забаронены законам. Лічыцца, што ён можа толькі зьняважыць чалавека, апусьціць яго ў глыбокую бядняцкую яму.
З другога боку, існуе міжнародны крытэр жабрацтва — прыбытак на чалавека меней за два даляры ЗША на суткі. Так што фармальна беларускі заробак не дазваляе запісаць паўкраіны ў жабракі.
Мала хто ведае, колькі зарабляе ў Польшчы, Літве, Нямеччыне ці ЗША настаўнік, доктар, кіроўца аўтобуса...
Ёсьць яшчэ адзін міжнародны крытэр — рыса беднасьці. У нас колькасьць адносна бедных грамадзян складае 13% ад усяго насельніцтва, у краінах Эўразьвязу — каля 17%. Выходзіць, у Беларусі такіх меней, чым у Эўропе. Але ж за рысай беднасьці ў Эўропе лічацца тыя, у каго прыбытак за год ніжэйшы за 10 000 эўра, а ў нас — 1700 эўра. Вось у чым розьніца.
Улады гэта ведаюць і ў афіцыйныя мэдыі падобную інфармацыю не прапускаюць. Жывучы ў інфармацыйным вакуўме, беларусы не атрымліваюць аб’ектыўных зьвестак пра жыцьцё за кардонам. Мала хто ведае, колькі зарабляе ў Польшчы, Літве, Нямеччыне ці ЗША настаўнік, доктар, кіроўца аўтобуса і г. д., якая там сярэдняя пэнсія, колькі каштуе кіляграм мяса...
Ад прапагандысцкай хлусьні зьяўляецца дзіўнае адчуваньне — людзі скардзяцца, што бачыш адно, а табе ўнушаюць зусім іншае. Усе ж бачаць, што ўсё больш і больш прадпрыемстваў, на якіх працуюць па тры-чатыры дні на тыдзень. Вось такая ў нас «заможная й квітнеючая Беларусь».
Асабліва дрэнная сытуацыя ў вёсках. Калі вясковыя людзі чуюць пра заробкі з тэлевізара, яны абураюцца й лаюцца. Таму шмат хто ў працаздольным узросьце зайздросьціць пэнсіянэрам і чакае, каб хутчэй выйсьці на пэнсію.
Цыганкоў: Заробак, меншы за 3,5 мільёна рублёў, вельмі паказальны з пункту гледжаньня гэтак званага сярэдняга заробку. Мы выкарыстоўваем паняцьце «сярэдні заробак» ва ўсіх аналізах, ацэнках. На сёньняшні дзень ён складае каля 7 мільёнаў рублёў і выглядае ня так і кепска. Але гэта як у знакамітым жарце пра сярэднюю тэмпэратуру па бальніцы: у каго 35,6, у каго 39. Як высьвятляецца, больш за палову беларусаў ня толькі не дацягваюць да гэтага сярэдняга заробку, а зарабляюць палову ад яго! Раней такога не было. І гэта даказвае, што ў Беларусі апошнія гады расьце дыфэрэнцыяцыя даходаў — розьніца паміж
Апошнія эканамічныя рэаліі робяць яшчэ адзін крок да разбурэньня мадэлі сацыяльнай дзяржавы
багатымі і беднымі. Хоць усё гэта досыць умоўна, калі казаць пра беларускіх «багатых», якія зарабляюць, напрыклад, 15–20 мільёнаў рублёў.
Ніжэйшая рыса, пражытковы мінімум — 1 млн 870 тыс. на працаздольнага чалавека. Многія незалежныя эканамісты і журналісты вывучалі гэты паказьнік, і гэта адкрыты зьдзек, наколькі там мінімальныя рэчы закладзеныя.
Паводле сацыёлягаў НІСЭПД, доля самых бедных, каму не хапае грошай нават на ежу, з 2013 году павялічылася з 9 да 19%. Апошнія эканамічныя рэаліі робяць яшчэ адзін крок да разбурэньня мадэлі сацыяльнай дзяржавы, дзе галоўнай прычынай для ідэалягічнай пахвальбы было тое, што ў Беларусі няхай сабе ня ўсе жывуць багата, але зусім бедных няма.