У Маскве ў суботу апублікаваная «Палітычная дэклярацыя агульнарасейскга нацыянальнага руху» пад кіраўніцтвам Ігара Гіркіна (псэўданім Стралкоў) — былога «міністра абароны» «ДНР», вядомага палявога камандзіра.
Мэтай арганізацыі, на сходзе якой у суботу ўдзельнічалі да паўтары дзесяткаў чалавек, называецца «адраджэньне Расеі ў якасьці расейскай нацыянальнай дзяржавы, якая служыць інтарэсам расейскай нацыі».
«Мы не прызнаем ні савецкага тэрытарыяльнага дзяленьня, ні Белавескай дамовы. Землі, на якіх жывуць рускія людзі, палітыя крывёю рускіх людзей, маюць права вярнуцца ў склад Расеі. Мы выступаем за аб’яднаньне РФ, Украіны, Беларусі, а таксама іншых рускіх зямель у адзінай агульнарускай дзяржаве і ператварэньне ўсёй тэрыторыі былога СССР у безумоўную расейскую зону ўплыву. Мы падтрымліваем любыя намаганьні расейскіх людзей па аб’яднаньні, адкуль бы яны не зыходзілі», — адзначаецца ў дэклярацыі.
У тэксьце гаворыцца, што ўдзельнікі агульнарускага нацыянальнага руху змагаюцца за правы, свабоды і інтарэсы рускіх, якія жывуць у іншых дзяржавах і «пакутуюць ад дыскрымінацыі».
Ігар Стралкоў-Гіркін стаў шырока вядомы ў красавіку 2014 года, калі яго незаконнае ўзброенае фармаваньне захапіла горад Славянск. Менавіта дзень захопа Славянска прынята лічыць пачаткам вайны на Данбасе.