Калі ў свой час лідэр гурта «NeuroDubel» Аляксандар Кульлінковіч пайшоў на супрацу з газэтай «Советская Белоруссия», былі расчараваныя рэплікі публікі, але безь вялікіх хваляваньняў. Не было такога шматгалосага абмеркаваньня, як у выпадку з Аляксандрам Памідоравым, які пайшоў на працу ў холдынг «Спутнік».
Па-першае, Кульлінковіч зрабіў выклік частцы публікі, які сам акрэсьліў вельмі выразна. Маўляў, калі я трапіў у чорныя сьпісы, застаўся без канцэртаў і эфіраў, і адпаведна без заробку, ніхто са «сваіх» не прапанаваў мне працу, куды я ні зьвяртаўся. І перакінуў мяч на бок крытыкаў свайго ўчынку.
Па-другое, «СБ» – беларускі СМІ. Тады быў час выразнага ідэйнага супрацьстаяньня «чэсных» і «нячэсных». Вось афіцыёз, які абслугоўвае ўзурпатара ўлады, а вось тыя, хто імкнецца супрацьстаяць афіцыёзу, выбудоўваць паралельную, непадцэнзурную Беларусь. Але гэта была ўнутраная беларуская справа. Этычныя дыскусіі вяліся ў сваім беларускім коле.
«Фэномэн Памідорава» наўпрост зьвязаны з геапалітычнымі зьменамі 2014 году, калі Расея напала на Ўкраіну і пачала пагражаць усяму сьвету і найперш суседнім дзяржавам, у тым ліку патэнцыйна Беларусі. І тут раптам высьветлілася, што ў афіцыёзнага і непадцэнзурнага бакоў упершыню за дваццаць гадоў супаў інтарэс – незалежнасьць краіны. Бяз жартаў пачалі абмяркоўваць, ці будуць маладафронтавец і бээрэсэмавец плячо да пляча бараніць сваю Радзіму ў адным акопе.
Паводле маіх назіраньняў, жарсьці вакол Памідорава бурапеняць найперш у колах журналістаў і грамадзкіх актывістаў. Сярод тых, хто ў сілу занятку сочыць за навінамі і бачыць падзеі ў сьвеце крыху шырэй за астатніх.
Памыляюцца тыя, хто піша «вы цкуеце чалавека» і «адчапіцеся – гэта ягоная асабістая справа». Не цкуюць і не прычапіліся. Гэта сапраўды ягоная асабістая справа. Але Памідораў сваёй вядомасьцю ў шырокіх колах даў толькі штуршок да больш важнай тэмы. Да асабістай справы кожнага супрацоўнічаць ці не з патэнцыйным агрэсарам.
«Спутнік» – гэта галоўны інструмэнт шырокамаштабнай інфармацыйнай вайны Расеі супраць Захаду і суседніх краінаў – «былых рэспублік». Карпарацыя ачольваецца фронтмэнам нумар адзін крамлёўскай прапаганды Дзьмітрыем Кісялёвым. «Спутнік» мае працаваць у трыццаці чатырох краінах сьвету:
«По словам Киселёва, по всему миру будут открыты так называемые мультимедийные хабы «Спутника», где будут располагаться редакции радиостанций, сайтов и пресс-центры».
Гэта не інфармацыйная вайна часоў «жалезнай заслоны», калі супернікі абменьваліся найперш прапагандай і контрпрапагандай. Гэта гібрыдная інфармацыйная вайна. Умоўна, кантэнт пачынаецца са 100% нэўтральнай інфармацыі, і паступова гэтыя 100% разьмешваюцца патрэбнымі для Крамля прапагандысцкімі ўкідамі. З часам суадносіны робяцца 95% на 5%, пасьля 90% на 10%, пасьля глядзіш – вось табе і гебэльсаўскія 60% на 40%.
Вайна, пакуль інфармацыйная, прыйшла ў наш дом – Беларусь.
У доме праблемы. У доме «Советская Белоруссия» і БРСМ. У доме беспрацоўе сярод журналістаў і артыстаў, рабочых і сялян, дробных буржуа і творчай інтэлігенцыі. У доме няма згоды па прынцыповых пытаньнях сярод інтэлектуалаў. Але гэта наш дом. А «Спутнік» працуе на тых, хто паклаў на наш дом сваё вока.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.