Паводле ўмоваў тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік мусіць быць выраблены і ўсталяваны да траўня 2016 году. Гарвыканкам прапануе пералічваць грошы на помнік, бо яго трэба ўзьвесьці за пазабюджэтныя сродкі.
Адмысловы рахунак ужо створаны, яго надрукавалі ў гарадзкой газэце «Віцьбічы». Аднак спадзеваў на добраахвотныя ахвяраваньні мала, бо далёка ня ўсе жыхары гораду вітаюць устаноўку помніка расейкаму князю, які мае да Віцебску вельмі ўскоснае дачыненьне. Таму віцябляне чакаюць, што іх пагоняць на адмысловыя суботнікі дзеля гэтага помніка, або загадаюць пералічаць грошы ўсім прадпрымальнікам ці цэлым прадпрымствам.
Жыхароў Віцебска ўжо прывучаюць да думкі, што «помнік Аляксандру Неўскаму зь ягонай жонкай віцебскай княжной Аляксандрай Брачыславаўнай і сынам Васіліем» — так ён называецца афіцыйна — будзе ўзьведзены, нягледзячы на любыя пратэсты.
Намесьнік старшыні гарвыканкаму Пётар Падгурскі выклаў сваё бачаньне сымбалізму гэтага помніка. Паводле ягоных словаў, скульптурная кампазыцыя з трох асобаў — Аляксандра Неўскага, ягонага сына-падлетка Васіля і жонкі Аляксандры (у іншых крыніцах — Параскевы) мусіць увасобіць сямейныя каштоўнасьці. А гэта, мяркуе чыноўнік, дужа істотна, бо недалёка ад помніка ў неакрэсьленай будучыні плянуецца ўзьвесьці Палац урачыстых абрадаў.
Спадар Падгурскі кажа, што маладыя будуць браць прыклад з расейскага князя, бо помнік уяўляе сабой «увасабленьне вернасьці і каханьня». Таксама, а можа, і ў першую чаргу, скульптурная група мусіць увасобіць «адзінства старажытнарускіх княстваў». Бо шлюб Аляксандра Неўскага з дачкой полацкага князя Брачыслава быў ня толькі сямейным, але й палітычным саюзам.
Цяперашні намесьнік старшыні гарвыканкаму, Пётар Падгурскі, быў у 2009 годзе супрацоўнікам аддзелу культуры, калі гісторыя з помнікам Аляксандру Неўскаму толькі пачыналася. Тады гарвыканкам вырашыў усталяваць у Віцебску адразу тры помнікі: князю Альгерду, легендарнай княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, і Аляксандру Неўскаму — ягонае дачыненьне да гісторыі горада самае сумнеўнае. Паводле легендаў, ён нібыта браўся шлюбам у віцебскай Дабравешчанскай царкве, але дакумэнтальна гэта не пацьверджана. Іншых «прывязак» да гораду ў гэтай асобы няма.
Шэсьць гадоў таму былі арганізаваныя грамадзкія абмеркаваньні макетаў усіх трох помнікаў. І, апрача помніка князю Альгерду, сама ідэя марнаваньня сродкаў на ўшанаваньне гэтых асобаў была ўшчэнт раскрытыкавана віцяблянамі. Там ня менш, чыноўнікі заўпарціліся і вырашылі давесьці справу да канца: абралі пераможцу конкурсу, выказалі шэраг крытычных заўвагаў па праекце помніка, і ўрэшце ён быў перароблены іншым мастацкім калектывам. Цяпер аўтарамі помніка, на які заклікаюць зьбіраць грошы, зьяўляюцца віцебскія скульптары Аляксандар Гвозьдзікаў ды Іван Казак, а таксама Яўген Колчаў зь Менску.
Вышыня помніка складае 4 мэтры, а вось суму тых пазабюджэтных сродкаў, якую трэба сабраць «добраахвотна», ніхто не называе. Пляцоўка пад помнік была падрыхтавана яшчэ ў 2011 годзе: яна месьціцца на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску, і пакуль што выконвае ролю клюмбы http://www.svaboda.org/content/article/26625965.html