Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жбанкоў: «Сыход Поліка неістотны, ЭГУ працягвае сур’ёзна хварэць»


Максім Жбанкоў
Максім Жбанкоў

«Каб унівэрсытэт жыў, мае адбыцца татальная ратацыя кіраўніцтва», — лічыць культуроляг Максім Жбанкоў. Чаму сыход Дэйвіда Поліка з пасады рэктара ня выратуе ўнівэрсытэт, былы выкладчык ЭГУ распавёў Свабодзе.

Дэйвід Полік, рэктар ЭГУ з 2014 году, сыдзе са сваёй пасады ў канцы лета 2016 году, паведамляе прэс-служба ўнівэрсытэта. Максім Жбанкоў, які сярод іншых былых выкладчыкаў крытыкаваў абраньне Поліка рэктарам, лічыць, што за час працы ў ЭГУ ён не апраўдаў свайго запрашэньня.

«За два з паловай гады запрошаны фактычна як ратавальнік унівэрсытэта, Полік толькі пагоршыў ягоны стан, — кажа Жбанкоў. — За гэты час, наколькі я магу меркаваць, не адбылося ніводнай структурнай зьмены. Фактычна ягоная заяўленая місія была ня толькі ня выкананая, яна была бліскуча праваленая».

Па словах Жбанкова, ва ўнівэрсытэце працягваецца структурны крызіс, скарачаецца колькасьць студэнтаў. Гэта сьведчыць пра тое, што ЭГУ існуе ў стагнацыйным рэжыме.

У той жа час, роля Поліка ў гэтым ня самая галоўная, лічыць Жбанкоў. У правальнай мэнэджэрскай працы ён абвінавачвае найперш Кіроўную раду ЭГУ на чале Эн Лонсдэйл і Дэнам Дэвідсанам.

«Яны фактычна прасоўвалі Поліка ў рэктары насуперак публічным меркаваньням беларускай грамадзянскай супольнасьці і значнай часткі студэнтаў і выкладчыкаў ЭГУ, — кажа Жбанкоў . — Тое, што сумнеўны кандыдат прайшоў на вядучыя пазыцыі ў беларускім унівэрсытэце ў выгнаньні, як на мяне — праява, адміністратыўнай бездапаможнасьці і нават маніпуляваньня ідэяй беларускага ўнівэрсытэту».

У прэс-рэлізе ЭГУ анансаваны «адкрыты міжнародны пошук новага рэктара». Але на думку Жбанкова, зьменаў у ЭГУ ня варта чакаць зь дзейным кіраўніцтвам. Унівэрсытэт мае будучыню толькі пасьля татальнай ратацыі кіраўніцтва, лічыць Жбанкоў.

«Усе тыя, хто прасоўваў Поліка, хто дазволіў марнаваньне вельмі сур’ёзных фінансаў, на мой погляд, маюць сысьці, — кажа Жбанкоў. — Але я пакуль ня бачу рэсурсаў і сродкаў, якія былі б здольныя гэта зрабіць. А з гэтага вынікае, што ЭГУ будзе і далей хварэць і вельмі сур’ёзна. Ёсьць пытаньні, ці працягне ўнівэрсытэт да канца гэтага году. Для гэтага ёсьць сур’ёзныя сумневы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG