У Магілёве актывісты дэмакратычных арганізацыяў зьбіраюцца ўсталяваць памятны знак на месцы масавых расстрэлаў падчас бальшавіцкага і сталінскага тэрору. Пра гэта заяўляе старшыня абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў. Паводле яго, усталяваньне памятнага знаку бязьвінна забітым стане адказам грамадзкасьці на ўсталяваны летась помнік «Чэкістам Магілёўшчыны».
Мясьціна, дзе грамадзкія актывісты зьбіраюцца ўсталяваць памятны знак, вядомая ў Магілёве. Над карʼерам, што на праспэкце Дзімітрава, узвышаюцца два крыжы. У 1918 годзе ва ўрочышчы, дзе цяпер карʼер, адным зь першых бальшавікі расстралялі каталіцкага сьвятара Яўгена Сьвятаполк-Мірскага. У часы сталінскіх рэпрэсіяў масавыя расстрэлы тут аднавіліся. Колькі было забіта людзей, невядома.
Штогод да крыжа прыходзяць сваякі забітых. Некаторыя пакідаюць копіі пасьведчаньняў, у якіх пазнака: «Расстраляны».
«Мы ня ведаем канкрэтных імёнаў тых, каго забілі. Але ведаем арганізацыю, якая брала ўдзел у расстрэлах — ЧК, а выканаўцы — чэкісты», — кажа лідэр абласной арганізацыі Абʼяднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў.
«Летась у Магілёве дужа патасна адкрылі помнік тым, хто расстрэльваў бязьвінных людзей. Ён каля абласной управы КДБ, пад аховай відэакамэраў. Публічнай крытыкі супраць усталяваньня гэтага помніка ў дзяржаўных крыніцах не было, і яна не дапускалася, — кажа партыец. — Але ўзьнікае пытаньне, як можа быць: ахвярам расстрэлаў памятнага знаку няма, а тым, хто расстрэльваў, — ёсьць? Цяпер пратэставаць і ўключацца ў цяжбу з КДБ — няпростая задача, і яе вынік вядомы. Таму прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў вырашылі адказаць не пратэстам, а ўсталяваньнем народнага знаку памяці».
Уладзімер Шанцаў заяўляе: неўзабаве будзе адкрыты дабрачынны рахунак і абвешчаны збор сродкаў на памятны знак. Партыец прызнае, што ініцыятарам усталяваньня давядзецца шчыльна кантактаваць з уладамі.
«Будзем працаваць з уладамі, таму што бязь іхнага дазволу памятны знак не ўсталюеш. Я ня веру, што ўлада не фінансавала помнік чэкістам. І будзе справядліва, калі ўлада возьме ўдзел у фінансаваньні памятнага знаку ахвярам чэкістаў. Зразумела, што ў гэтай справе будуць удзельнічаць, я спадзяюся, усе дэмакратычныя арганізацыі. Гэта будзе нашай супольнай працай».
Паводле зьвестак, агучаных на адкрыцьці памятнага знаку «Чэкістам Магілёўшчыны», фінансаваўся гэты праект органамі ўлады і кіраваньня Магілёўскай вобласьці, а таксама з добраахвотных ахвяраваньняў Беларускай грамадзкай арганізацыі вэтэранаў КДБ «Гонар» ды супрацоўнікаў упраўленьня КДБ.
Макет памятнага знаку ахвярам масавых расстрэлаў выраблены. Цэнтральнае месца ў ім займае крыж, утвораны зь дзьвюх рук. Унізе крыжа — сьвечка, а ўверсе — рукі трымаюць вечны агонь. У апісаньні памятнага знаку сказана: «Калі-небудзь правасудзьдзе адбудзецца і дабро пераможа». Памятны знак называецца «Магілёўская галгофа».
У 2008 годзе пытаньне пра ўсталяваньне памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў адной зь першых узьняла кіраўніца мясцовай суполкі «Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» Ларыса Шукайла. Па дазвол яна зьвярталася ў Магілёўскі гарвыканкам.
«У гарвыканкаме далі дазвол, але заявілі, што ў іх няма сродкаў на памятны знак. Далі зразумець, каб мы самі іх сабралі. Сума на ўсталяваньне была немалая», — згадвае суразмоўніца.
«Трэба было адкрываць дабрачынны рахунак. Але, паколькі наша арганізацыя не была зарэгістраваная, я паспрабавала знайсьці партнэраў у гэтай справе. Мне тады ніхто не пайшоў насустрач. Як я зразумела, ніхто не хацеў мець клопатаў зь фінансавым бокам гэтай справы. Рахунак так і не адкрылі. Ініцыятыва згасла».
Ларыса Шукайла неаднойчы зьвярталася да выканаўчай улады, каб тая дапамагла адрамантаваць крыж ці ўсталяваць новы. Драўляныя крыжы падгнівалі і валіліся. Просьбы актывісткі ўлады выконвалі.
Актывісты апазыцыйных арганізацыяў, у тым ліку актывісты АГП, ладзілі талокі ля крыжа, прыбіраючы бытавое сьмецьце.
Летась Таварыства беларускай мовы ўсталявала вялікі драўляны крыж. З абодвух яго бакоў высадзілі елкі.
Праўда пра мясьціну, над якой узвышаюцца крыжы, адкрылася пры канцы 1980-х гадоў. У карʼеры бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Як успамінае магілёўскі актывіст, сябра філіі «Мартыралёгу Беларусі» Міхась Булавацкі, была створана адмысловая камісія, якую ўзначаліў намесьнік старшыні Кастрычніцкага райвыканкаму. Высьветлілася, што перад вайной сюды прывозілі людзей і расстрэльвалі. Тут быў калгасны жывёльны могільнік. Яго абнесьлі агароджай і паставілі вартаўніка.
Пры канцы 1989 году актывісты адраджэнскіх арганізацыяў гораду ўсталявалі на месцы масавых расстрэлаў Крыж памяці. Штогод на восеньскія Дзяды мясьціну з трагічнай гісторыяй наведваюць тыя, хто не забываецца пра рэпрэсіі.