Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве два дзясяткі чалавек прыйшлі да Крыжа памяці, каб згадаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў ФОТА


 Невялікая грамада, якая наведала магілы пачынальнікаў адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Магілёве
Невялікая грамада, якая наведала магілы пачынальнікаў адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Магілёве
У Магілёве два дзясяткі чалавек прыйшлі да Крыжа памяці, каб згадаць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У 1920-1930 гады на месцы, дзе ўсталяваны гэты сымбаль, адбываліся масавыя расстрэлы. Каля крыжа сьвятар праваслаўнай Сьвята-прэабражэнскай царквы правёў памінальную службу, былі ўскладзеныя кветкі ды запаленыя зьнічкі. Ахвотныя выступілі з кароткімі прамовамі.
Міхась Булавацкі
Міхась Булавацкі

Адзін з пачынальнікаў адраджэнскага руху ў Магілёве, сябар магілёўскай філіі асацыяцыі «Мартыралёг Беларусі» Міхась Булавацкі ў гутарцы з журналістам Свабоды адзначыў: суполка «Мартыралёгу» прыканцы 1980 гадоў шукала мясьціны, дзе расстрэльвалі людзей. Паводле яго ўлады прызналі толькі адно такое месца: на праспэкце Дзімітрава, непадалёк ад мясакамбінату. У 1989 годзе на ўскрайку кар’еру і ўсталявалі крыж, які асьвяцілі сьвятары трох рэлігійных канфэсіяў:

«Мы шукалі сьведак, якія маглі б расказаць пра тыя падзеі. Ёсьць запісы іх ўспамінаў», — кажа Міхась Булавацкі. — Вось на гэтым месцы мы і ўсталявалі крыж. Каля яго ў тыя часы зьбіраліся даволі вялікія мітынгі. Улады тады нават узмацняльную апаратуру давалі. Тады гэты дзень быў знакавым для Магілёва. Ад 1995 году паволі стала ўсё заціхаць. Цяпер зьбіраюцца адзінкі ля крыжа, аднак людзі ўсё адно прыходзяць»​.

Томас Якавіцкі
Томас Якавіцкі

Праўда пра мясьціну, над якой узвышаецца крыж, адкрылася пры канцы 1980-х гадоў. У кар’еры бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Створана адмысловая камісія, высьветлілася, што перад вайной у тутэйшае ўрочышча прывозілі людзей і расстрэльвалі. Сёньня да крыжа прыйшоў жыхар Магілёва Томас Якавіцкі. Ён у дзяцінстве жыў непадалёк ад гэтага кар’еру:

«Мне было гадоў сем і мы прыходзілі сюды і раскопвалі чалавечыя парэшткі. Тады дзеці расьлі як трава, і такая забава была ў мясцовай дзятвы. Некаторыя бралі дамоў чарапы ў якасьці сувэніраў. Ведаю некаторых, якія дагэтуль маюць іх дома. Ніхто тады асабліва не цікавіўся, адкуль тут чалавечыя парэшткі», —​зазначае Томас Якавіцкі.

Сёлета камунальныя службы замянілі стары драўляны падгнілы крыж, на новы. Прыбралі ад бытавога сьмецьця тэрыторыю. Сёньня ўдзельнікі памінальнай імпрэзы адшукалі стары крыж зь бел-чырвона-белай стужкай на стромкім схіле кар’еру. Яго ня вывезьлі, а проста скінулі ў яр.

Стары крыж памяці ў кар’еры – там, дзе стралялі людзей.
Стары крыж памяці ў кар’еры – там, дзе стралялі людзей.

«Я нават ня мог сабе ўявіць, што такая сытуацыя можа быць, — выказваецца кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Віталь Макаранка.

Віталь Макаранка.
Віталь Макаранка.

«Калі б крыж паставілі з павагаю, дык гэта было б зразумела, а так выкінуць... Гэта абуральна. Афіцыйна ж замянялі крыж камунальныя службы. Крыж мала таго, што хрысьціянскі сымбаль, але гэта яшчэ і памятны знак тым ахвярам, якіх тут расстрэльвалі. Камунальнікі ведалі куды едуць. І гэта ўсё адбываецца ў краіне, якая лічыць сябе хрысьціянскай. У Беларусі ж няма сям’і, якую б не закранулі рэпрэсіі. Крыж выкінулі туды, дзе стралялі людзей. Што да мяне, то гэта скінуты крыж — адкрытая зьнявага памяці тых каго забівалі ў гэтым месцы», — зазначае Віталь Макаранка.

Па сканчэньні памінальнай імпрэзы некаторыя яе ўдзельнікі наведалі магілы пачынальнікаў адраджэнскага і дэмакратычнага руху ў Магілёве — кіраўніка суполкі «Мартыралёг Беларусі» Валянціна Ермаловіча ды першага старшыню мясцовай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Уладзімера Голуба.

Магіла першага старшыні мясцовай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Уладзімера Голуба
Магіла першага старшыні мясцовай арганізацыі Беларускага Народнага Фронту Уладзімера Голуба

2015 год у Магілёве праходзіць пад знакам вэтэрана Другой усясьветнай вайны, тэатрала Валянціна Ермаловіча. У яго дзевяностагодзьдзе адбыліся вечарыны, паказалі ягоныя спэктаклі. Усталявалі на доме, дзе ён жыў, памятную дошку. На яе зьбіралі грошы талакою.

Крыж памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў
Крыж памяці ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў

На магіле Ўладзімера Голуба гаварылі пра яго прынцыповасьць і адданасьць ідэі дэмакратычнай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG