Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгоні: «Беларусь праз выбары і мараторый на сьмяротнае пакараньне можа ўвайсьці ў ПАРЭ»


Андрэа Рыгоні
Андрэа Рыгоні

«Для таго, каб парлямэнт працаваў правільна, у ім абавязкова павінна быць большасьць і апазыцыя», — такую заяву зрабіў сёньня Андрэа Рыгоні, дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы падчас міжнароднага круглага стала «Электаральныя стандарты і паляпшэньне выбарчага працэсу ў Беларусі».

Італьянскі парлямэнтар сказаў, што ў любым парлямэнце павінна абавязкова быць дыскусія, а тыя, хто ў бальшыні, праз гэтую дыскусію павінны правяраць сваё сумленьне. Менавіта такім, на думку Андрэа Рыгоні, павінен стаць і Нацыянальны Сход Рэспублікі Беларусь. Ён сказаў, што паляпшаць базавыя стандарты выбарчага працэсу азначае падвышаць узровень дэмакратыі краіны, і выбары — гэта важнейшы этап, таму парлямэнцкія выбары ў Беларусі, якія заплянаваныя на верасень, стануць важнейшым этапам нармалізацыі адносінаў Беларусі з Радай Эўропы.

«Я ўпэўнены, што Беларусь павінна ўвайсьці ў Парлямэнцкую Асамблею Рады Эўропы», — падкрэсьліў Андрэа Рыгоні. Ён таксама сказаў, што цяпер Рада Эўропы і Беларусь абмяркоўваюць пляны сваёй працы на 2016-2017 гады. «Галоўнае ў гэтых плянах — тое, каб беларускія ўлады ўвялі мараторый на сьмяротнае пакараньне і каб у вязьняў заставалася права на жыцьцё. Менавіта выкананьне гэтага пляну дазволіць зблізіць пазыцыі Страсбургу і Менску». Андрэа Рыгоні заявіў, што паэтапнаму працэсу збліжэньня няма альтэрнатывы.

Акрамя прадстаўнікоў ПАРЭ, на круглым стале прысутнічаюць прадстаўнікі Вэнэцыянскай камісіі, БДІПЧ АБСЭ, Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў, Эўрапарлямэнту, прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі, а таксама вялікая група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сярод тых, хто ўдзельнічае ў круглым стале ў якасьці прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў, Дзьмітры Чарных зь Беларускага Хэльсынскага камітэту і Тацяна Караткевіч, якая прадстаўленая як сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Да 1996 году Беларусь мела ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы статус спэцыяльна запрошанага, аднак пасьля разгону Вярхоўнага Савету 13 скліканьня гэты статус быў страчаны, а заяўка Беларусі на ўступленьне ў Раду Эўропы — замарожаная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG