Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 гадоў. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ!
Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com
Фататыдзень камэнтуе вядучы Валер Дранчук.
Удзельнікі:
Іван Дзявойна
Віктар Малочка
Тацяна Трухановіч
Ад вядучага
Ігар Кірын
Льняное поле беларускай незалежнасьці
Другая пошта ад Івана Дзявойны зь вёскі Вязавец Стаўпецкага раёну. Першым быў яго ліст з панявечаным лясным улоньнем на бацькаўшчыне і высновай, што такі лес вымоўна сьведчыць і пра нашую незалежнасьць. Згадаў таксама пра сваю хатнюю музэйную экспазыцыю. На маю просьбу спадар Дзявойна адгукнуўся чарговай падборкай здымкаў. «Прыемна было ўбачыць у адным з выпускаў конкурснай галерэі, — піша ў камэнтары Іван Дзявойна,— фрагмэнт прыватнай музэйнай прасторы ў Старых Дарогах (аўтар Аляксей Хадыка, другі фататыдзень — Вяд.). Уразіў камень, людзі, якія запоўнілі пляц, сьвятар Леанід Акаловіч... Усё, што адбываецца, а гэта значная грамадзкая падзея і акцыя,— адбываецца на ўласным падворку, на „сваёй“ тэрыторыі. Я прыхільнік той часткі культуры, якая ўяўляе сабой асяродкі гісторыі, нашай памяці, краязнаўства і зьяўляецца незалежнай, прыватнай.
Пазалетась на роднай сядзібе я адкрыў невялічкі сямейны музэй „Лён. Прылады працы“. Сабраў тое, што захавалася ад бацькоў, гадамі ляжала ў хаце. Штосьці набыў, абмяняў, пачысьціў, падправіў — і атрымаўся добры збор. Калі гляджу, часта думаю: наш народ заслужыў свабоду і незалежнасьць сваёй працай. Першую экскурсію зладзіў для старэйшых жыхароў вёскі, пераважна жанчын, якія самі сядзелі за кроснамі, ткалі і пралі. Былі экскурсіі і для мясцовай школы. Рыхтуюся распачаць трэці сэзон.
Мой адказ на пытаньне:
Незалежнасьць — гэта... наш беларускі лён, наша традыцыйнае льняное адзеньне. Гэта гонар за продкаў, за плён іх дбалай і цяжкай працы.
Калі можна, падтрымайце маю музэйную публікацыю парай здымкаў льнянога зялёна-блакітнага поля, бо гэткага здымка ў мяне не знайшлося...»
Дзякуй за водгук і ліст, спадар Дзявойна! Несумненна, Ваш прыклад і справа пашыраюць і поле Беларускай Незалежнасьці. На Вашу замову дадаю фатаздымак льнянога загону, які я зрабіў гадоў колькі таму ля Гародзея, што ў Нясьвіскім раёне. А думка пра незалежную культурную нішу, на мой погляд, надзвычай актуальная. Гэта якраз пра тое, чаго ў краіне пакуль вельмі мала, магло б быць куды больш. Таму працяг тэмы зь іншымі адрасамі быў бы цікавы і карысны для конкурсу. Ахвотна падтрымаем!
Віктар Малочка: «Пад сьцягам Беларускай Незалежнасьці толькі й магчыма дайсьці да Беларусі»
Апроч гэтай, салодка жаданай магчымасьці дайсьці да Беларусі, убачыць краіну шчасьлівай і незалежнай Віктар дэкляруе як сродак ад расчараваньня й паняверкі ва ўмовах няпэўнасьці магчымасьць па-чалавечы проста цаніць тое, што ёсьць сёньня, цяпер, — а гэта, як мяркуе аўтар з Салігорска, ня так і мала:
магчымасьць жыць і нараджаць сыноў і дачок, гадаваць нашы будучыя пакаленьні ў сваёй Бацькаўшчыне, у родным улоньні каханай Радзімы, пад Бел-Чырвона-Белым сцягам і «Пагоняй»^;
магчымасьць любіць сваю родную мову, абавязкова размаўляць на ёй^;
магчымасьць ня быць прымусова накіраваным пасьля вучобы на працу ў якую-небудзь Амурскую вобласьць РСФСР («як гэта было са мной»), а працаўладкоўвацца і працаваць дома, на сваім Беларускім палетку^;
магчымасьць адзначаць свае, беларускія, сьвяты, хай невялікай грамадой ці ў вузкім сямейна-сяброўскім коле^;
магчымасьць дачакацца, пачуць ад сваёй дачкі Варвары (Віктараўны) ў адказ на сёньняшнія словы дыктара тэлеканалу «Детский» пра тое, што «живем в России», словы пярэчаньня: «Якое шчасьце, што жывём — у Беларусі!»
«Незалежнасьць — калі ёсьць літара «Ў»
Здымкі, якія даслала спадарыня Тацяна Трухановіч, аб’ядноўвае (я акцэнтую ўвагу на гэтым слове) прысутнасьць ці ня самай галоўнай літары й гуку ў нашай мове — літары Ў. На рэклямных шчытах сёньня шмат дзе чытаем: «Тое, што нас аб’ядноўвае...» І варыянт ад Тацяны падаецца вартым увагі.
«Незалежнасьць — гэта... калі на мапах сьвету ёсьць краіна Belarus, а ў назвах беларускіх гарадоў, мястэчак і вуліц, на шыльдах-плякатах ёсьць літара Ў».
«Гэтую літару я заўсёды шукаю вакол сябе, — напісала Тацяна, — на жаль, надпісаў ды маркіровак зь літарай „Ў“ сустракаеш няшмат — прынамсі, там, дзе яны маглі б быць, няхай гэта вуліцы, крамы, тавар з этыкеткамі і гэтак далей. Але... штосьці ды знайшлося...»
Шаноўная Тацяна, шчыра ўхваляем Вашыя заахвочаньні ў пошуку слоў, якія Вы пазначылі фатаздымкамі. Тэмай і публікацыяй Вы заяўляеце і добры прыклад, больш за тое — цэлую акцыю для актывістаў беларускай незалежнасьці — знайсьці літару «Ў» у сваім горадзе, краме, школе (нават калі школа беларускамоўная, дзе часьцяком гэтая літара мэтадычна «губляецца»)... Адным словам, Ваша падказка цалкам дарэчы. Міжволі суадношу гэта й са сваімі асабістымі ўражаньнямі падчас наведаньня таго або іншага беларускага места: абуральна ўспрымаеш чужое і зь «ціхай ласкай» вітаеш сваё — тое, што па-беларуску, зь літарай «Ў»
Фота ад вядучага (на тэму літары «Ў»)
Тут мы ўбачым: знаны горад (назва даўно на слыху, яго часта называюць «культурнай сталіцай» — хто адгадае?) дагэтуль не парупіўся, каб да глянцава-палацавага дасьпеху дадаць і гонару вулічных асяродкаў, іх годнай выслоўнасьці, жывога паветра, дзе плыніць жыцьцё і выстуквае беларускае сэрца. Калі паглядзець на здымкі, горад упарціцца, унікае самога сябе, свайго адвечнага сэнсу, сваёй культурнай гісторыі — нібы пад халодным душам, які даўно забыліся пераключыць на цёпла-пяшчотны, лагодны, утульна-дамашні.
Фаталетапіс незалежнасьці: канфэрэнцыя ў Менску і знос гіпса-кардоннага Леніна ў Глуску
Чарговыя фатакадры ад Ігара Кірына з Глуску.
1992 год, 9 траўня. У Менску зьбіраецца рэспубліканская канфэрэнцыя па абмеркаваньні эканамічнай канцэпцыі БНФ. Гляджу на здымак, раз і другі. Энэргетычнае поле імгненьня прасякнута рухам вясны, сьвежасьцю траўня і надзвычай духаўздымнае, зачароўвае, дорыць сьвятло. Рэпартажны эфэкт перад намі, вобраз сьветла-прыязны. Разам з тым, кадр ня толькі залагоджвае думкі — стукае ў скроні. Гісторыя абнадзейвае, але сьведчыць і перасьцерагае. Праз два гады зьявіцца першы прэзыдэнт Беларусі, а зь ім іншасьвет, які запануе на дзесяцігодзьдзі.
Другі фотасюжэт няхай сабе паўтарае першы, але я не магу яго ня даць — гэта рух яшчэ аднаго дакумэнта. Рух да нас, рух наперад.
Тры нечаканыя кадры з хронікі Глуску.
2004, сакавік. Дэмантаж помніка (а затым і пастамэнта) У. Леніну на галоўнай плошчы гораду. Падзею нельга назваць палітычнай (мы жывём у Беларусі) — прычынай зносу было карыкатурнае становішча так званага мастацкага ўвасабленьня, калі з гіпсавай фігуры «куміра» адпала рука. Ратаваць або ціха схаваць ды выкінуць з галавы? Дзякуй Богу, адбылося мудрэйшае ці разумнейшае.
«Ні ў якім абліччы, — сьведчыць Ігар Кірын, — помнік сюды не вярнуўся. Адразу было зразумела: „манумэнт“ спарахнеў фізычна, Ільліч рассыпаўся на кавалкі. Па часе на яго й забыліся. А на самым пачатку хто быў разгублены, хто зацяты — „мы Леніна не аддамо!“, а хто абыякавы. Але ставала такіх, хто сьвяткаваў маральную перамогу — дабра над злом, хто бачыў падзею як гістарычную і лёсаносную ў жыцьці горада».
Ленін, Дзяржынскі, хто там яшчэ?.. Пэўна, іх многа, нялічана многа па ўсёй Беларусі, помнікаў на знос і невяртаньне. Як казаў Зянон Пазьняк, гэта помнікі чужой дзяржавы і чужой палітыкі. Таму можна толькі парадавацца за «прасунуты» Глуск і яго жыхароў. Варта, аднак, згадаць яшчэ адно меркаваньне палітыка, крыху зь іншага, больш пэрспэктыўнага боку: «...Калі падае злачынная тыранія, грамадзтва ніколі не шануе і не захоўвае помнікаў тырану, імкнецца зьнішчыць сьведчаньні свайго заганнага ідалапаклонства. І дарма. Бо прыходзіць час, забываецца подлае становішча і, глядзіш, зьяўляюцца новыя сумніцельныя куміры. Так адраджаецца зло. Тут парадокс — каб спыніць эстафэту зла, трэба захоўваць яго сьведчаньні» (Зянон Пазьняк).
Тэма захаваных сьведчаньняў (у натуральнай даступнай форме) можа дапоўніць старонкі нашага фатаконкурсу. Сьпяшайцеся і дасылайце!
Анонс
Разьбіраючы сьвежую пошту, спыніўся на нечаканай фармулёўцы-дэклярацыі: «Незалежнасьць — гэта... калі пачула, што ногі не адымуць».
Глядзіце сюжэт у наступную, восьмую фотасуботу.
Дзякуй усім, хто даслаў фатаздымкі, хто нас глядзіць і чытае. Праз тыдзень, сябры, падвядзём вынікі першага туру.
Убачымся!