Таксама арыштаваны пасярэднік, які раней працаваў на мытні, паведаміла прэс-служба КДБ.
Арыштаваныя мытнікі падазраюцца ў сыстэматычным атрыманьні хабару за аказаньне незаконных паслуг камэрцыйным структурам. Паводле КДБ, на мытні выяўлена сетка хабарнікаў, якія дзейнічалі па змове, сыстэматычна і мелі вызначаныя тарыфы на свае паслугі. Гэтак, начальнік маладзечанскага мытнага пасту быў затрыманы пры атрыманьні хабару ў 1100 даляраў. Паслугі намесьніка начальніка аддзелу па барацьбе з кантрабандай Менскай рэгіянальнай мытні каштавалі 500 даляраў, шараговыя кантралёры бралі за сваю «працу» па 50 даляраў.
Паводле КДБ, заведзеныя крымінальныя справы па артыкулах аб атрыманьні хабару і пасярэдніцтве ў атрыманьні хабару.
Справы за хабар на мытнікаў у Беларусі заводзяцца пэрыядычна і часта маюць вялікія маштабы. У канцы 2015 году Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у хабарніцтве і асудзіў на 7 год зьняволеньня былога начальніка Ашмянскай мытні Івана Нівяркевіча. У справе фігуравалі матэрыяльныя каштоўнасьці агульным коштам больш за 238 мільёнаў рублёў, якія, паводле сьледзтва, Нівяркевіч атрымаў у якасьці хабару з «выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў». Адметна, што судзілі Івана Нівяркевіча аднаго, хоць у 2015 годзе была арыштаваная вялікая група супрацоўнікаў ашмянскай мытні, у якіх падчас ператрусаў агулам было знойдзена каля 2,2 мільёна даляраў — гэтак паведамляла прэсавая служба КДБ. Пра суды над былымі падначаленымі Івана Нівяркевіча не паведамляюць.