Грузьдзіловіч: Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч у спрэчцы з расейскім актывістам Залдастанавым заявіў, што беларусы падчас Айчыннай вайны ніколі не змагаліся за «рускі сьвет», як лічыць «начны воўк» Залдастанаў, а змагаліся за сваю зямлю. На вашу думку, а хто зь іх аказаўся бліжэй да афіцыйнай пазыцыі ўладаў Беларусі?
Гэта, канешне, складана вызначыць паводле зьнешніх прыкмет, але ўсё ж зазначу найперш пра прыкметы: вось гадзіну таму я праехаў празь перадсьвяточную сталіцу і што ўбачыў? Анідзе не патрапілі ў вочы афіцыйныя лёзунгі да 9 траўня, віншавальныя стэнды, расьцяжкі ці групы сьцягоў у колерах георгіеўскай стужкі — цяперашняга сымбаля гэтак званага «рускага сьвету». Толькі чырвона-зялёныя колеры дамінуюць у вулічных упрыгожаньнях.
Дарэчы, раней, калі георгіеўская стужка не была сымбалем «рускага сьвету», яе выяву мастакі-прапагандысты даволі часта выкарыстоўвалі. Цяпер яна спрэс замененая на чырвона-зялёную стужку, якая да часоў вайны ня мае аніякага дачыненьня, дарэчы. Але гэтак праяўляецца, на маю думку, беларуская афіцыйная пазыцыя. Так, мы адзначаем Сьвята Перамогі, гэта тут таксама фундамэнтальная падзея, але са сваёй пазыцыі. Што беларусы змагаліся з фашызмам разам зь іншымі народам, на роўных, і пра перавагу расейцаў у гэтай справе гаворкі няма.
Зазначу, менавіта тое, што «менавіта Расея выратавала сьвет, Эўропу ад карычневай чумы» — на гэтым шмат у чым і грунтуецца ідэалёгія «рускага сьвету». То бок тут бліжэй да афіцыйнай беларускай пазыцыі, на маю думку, лідэр партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Што да Залдастанава, які ўжо ня першы раз гэтак скандальна праяжджае празь Беларусь, дык заўважу, што гэтым разам афіцыйныя мэдыі пра місію «начных ваўкоў» фактычна прамаўчалі, і гэта таксама паказальнік таго, што ідэі «рускага сьвету» ў Беларусі пабойваюцца нават на афіцыйным узроўні. Не афішуюць гэтага выразна, але устрымліваюцца ад праяваў адабрэньня.
Але чаму тады актывісты БРСМ, якіх гэтак падтрымлівае Аляксандар Лукашэнка, што раздае ім нават прывілеі для паступленьня ў ВНУ, наадварот, гэтак актыўна дэманструюць сваю падтрымку Залдастанаву: расейскіх байкераў, якіх потым не пусьцілі ў Польшчу, на Кургане славы, у Брэсцкай крэпасьці сустракалі як сваіх найлепшых сяброў і аднадумцаў? Што, не разабраліся маладзёны, у які бок падзьмуў палітычны вецер? Вось тут я бачу даніну тым палітычным клятвам, якія раней даваў расейскаму кіраўніцтву Лукашэнка. Ён добра ведае, што Залдастанаў ледзь не асабісты сябар Пуціна, і ва ўсякім разе пра сустрэчы яго ў Менску з кветкамі расейскія мэдыі напішуць, і ён сам раскажа, як яго тут добра сустракалі. А больш Лукашэнку і ня трэба, каб крыху супакоіць свайго калегу.
Ці мае рацыю Аляксей Янукевіч, калі кажа, што ніколі беларусы не змагаліся падчас той вайны за «рускі сьвет», а змагаліся за сваю зямлю? Тут варта ўсё ж акрэсьліць, што паняцьце «рускі сьвет» цяпер і яшчэ 10 гадоў таму — гэта розныя рэчы. Беларус, выхаваны ў СССР, канешне разумеў пад словамі «рускі сьвет» такі культурны, грамадзка-палітычны парасон, які адрозьніваў жыхароў гэтай краіны ад суседніх. Там былі і Пушкін, і Дастаеўскі, і Мендзялееў і Кутузаў — плюс у дадатак свае нацыянальныя героі — як у Беларусі — дык Каліноўскі, Купала, Машэраў. Але гэта ня тое, што мае на ўвазе Залдастанваў — расейскую імпэрыю, якая панавала тут ў ХІХ стагодзьдзі і хоча панаваць зноў у абноўленым выглядзе. Мяркую, за гэта беларусы дакладна не змагаліся. Можна было спытаць тых, хто ваяваў, але ўжо немагчыма. Вось мой дзед Уладзімер — дык ў 44-м запісаўся не ў Чырвоную, а ў Польскую армію, у Войска польскае, і дайшоў зь ёй да Варшавы. Дык ён дакладна, мяркую, бараніў ня «рускі сьвет», а сваю беларускую зямлю, а саветы не ўхваляў, а толькі трываў. Гэта дакладна.
Глод: Калі Алег Грузьдзіловіч ставіць пытаньне: ці ёсьць нешта агульнае паміж ідэалёгіямі «рускага сьвету» і афіцыйнай беларускай, мне падаецца, што пачынаць трэба з найважнейшага — якая гэта была вайна і калі яна пачалася? Для ўсяго сьвету — гэта Другая сусьветная вайна, навала, якая абрынулася ў 1939 годзе. А вось жыхарам былога СССР увесь час навязвалі думку, што была толькі Вялікая Айчынная вайна, якая пачалася нападам гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз у 1941 годзе. Гэты погляд і цяпер падтрымліваюць ідэолягі «рускага сьвету».
Так, гэта была страшная вайна. Але, як я ўпэўнены, савецкія людзі ваявалі тады за сваю зямлю, на якую прыйшоў вораг. Яны ваявалі за сябе, за сваіх блізкіх і родных. Але іх шматлікія ахвяры і пакуты прыпісаў сабе правадыр. У школе, памятаю, мы вывучалі знакамітыя сталінскія ўдары. А перамогу над фашызмам нам тлумачылі не народным подзьвігам, а мудрасьцю вялікага Сталіна і партыі. І казалі пра перамогу камунізму і камуністаў над фашызмам і фашыстамі. А абарона народам сваёй зямлі выдавалася за абарону неўміручай камуністычнай і савецкай ідэалёгіі.
У такім самым ключы, крыху адаптаваўшы да сучаснасьці, трактуюць тыя падзеі і цяперашнія актывісты «рускага сьвету». Прынцыповай розьніцы паміж цяперашняй прапагандай і былой камуністычнай няма.
Думаю, што падобная прапаганда існуе цяпер ня толькі ў Расеі, але і ў Беларусі. І там, і тут, вяртаючыся да перамогі над гітлераўцамі, не кажуць галоўнага — здабыўшы перамогу, савецкі народ не здабыў свабоды. І ў гэтым сэнсе беларуская афіцыйная прапаганда напярэдадні Дня Перамогі, і «рускі сьвет» шмат у чым супадаюць.
Але ёсьць і пэўная розьніца. І яна пачала фармавацца толькі пасьля таго, як пачаліся пэўныя падзеі ва Ўкраіне. Алег казаў, што сёньня ў Менску дамінуюць чырвона-зялёныя стужкі, а георгіеўскіх стужак няма. Так, толькі чырвона-зялёныя стужкі і ў супрацоўнікаў мэтро, і ў прадавачак у крамах. Я хачу з гэтай нагоды згадаць — у Лукашэнкі ж запыталіся: чаму такая перамена? Ён адказаў, што гэта ініцыятыва БРСМ. Але ж БРСМ як нашчадак Камсамолу ня стаў бы гэтага рабіць, калі б яму не падказалі зьверху.
Чаму такая ідэалёгія зьявілася? Таму што Лукашэнка бачыць, калі прытрымлівацца ідэалёгіі «рускага сьвету», то і яго могуць прыціснуць. Зьвярніце ўвагу — летась Лукашэнка ня езьдзіў на парад Перамогі ў Маскву. 9 траўня ён сьвяткаваў у Менску. І гэта таксама гаворыць пра пэўныя зьмены. Аднак такіх пераменаў, як ва Ўкраіне, у Беларусі няма. А ва Ўкраіне сьцяг Перамогі забаронены законам аб дэкамунізацыі. З траўня 2015 году ва Ўкраіне дзейнічае закон аб асуджэньні камуністычнага і нацысцкага рэжымаў. Нарматыўны акт забараняе выраб і публічнае выкарыстаньне сымболікі, у прыватнасьці, малюнкі савецкіх сьцягоў і гербаў, а таксама публічнае выкананьне гімнаў СССР, Украінскай ССР і іншых савецкіх рэспублік. Украіна асудзіла абодва рэжымы — нацысцкі і камуністычны. Я згадваю, які вэрхал быў у газэце «Праўда» ды іншых цэнтральных выданьнях, калі ў ФРГ забаранілі працаваць настаўнікамі камуністам. Але ж ніхто не напісаў ні слова пра тое, што адначасова пасада настаўніка стала забароненай і для былых нацыстаў.
Максімюк: Усе тыя ідэалягічныя ўстаноўкі савецкага часу сучасная Расея перафармулявала на свой лад, на патрэбы сваёй нацыянальнай ідэалёгіі. І таму тое, што ў савецкі час гаварылася, што ўсе народы, беларусы, украінцы, ваявалі за інтэрнацыянальнае савецкае грамадзтва, перафармулявалі на патрэбы Расеі. Беларусь, якая пры Аляксандры Лукашэнку марна шукала нейкай нацыянальнай ідэі і ідэалёгіі, засталася вельмі блізкая да савецкага разуменьня перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Натуральна, мы ваявалі за сваю зямлю, бо Беларусь была пад нямецкай акупацыяй. Але ў Беларусі падкрэсьліваецца і тое, што беларусы ваявалі і за іншыя народы Савецкага Саюзу.
У Беларусі, аднак, сытуацыя з поглядам на вайну значна больш складаная. Некаторыя беларусы рабілі такі выбар, што ішлі ў савецкую партызанку; іншыя — у польскую армію. Але былі і такія, якія рабілі выбар на карысьць Беларускай краёвай абароны. Ня думаю, што ўсе яны хацелі ваяваць за Нямеччыну і за Гітлера, вялікая частка тых, хто ішоў у Беларускую краёвую абарону, перш за ўсё хацелі ваяваць за сваю зямлю. Я маю надзею, што мы яшчэ дажывем да тых часоў, калі ўсе гэтыя погляды на тое, за што ваявалі беларусы і што яны здабылі сваёй перамогай, дачакаюцца сынтэзу, калі мы зусім па-іншаму глянем і на савецкіх партызан, і на тых, што былі ў польскай арміі і ў Андэрса, і на тых, што былі ў Беларускай краёвай абароне.